— Янка… — пачуўся раптам ціхі Ясеў голас.
— Я тут, Ясечка… Тут я, тут…
— Не балбачы, — перапыніў Ясь.
— Тая пачвара ў вёску падалася.
— Няўжо па моркву?
— Але. Яшчэ крышачку пачакай. Сетку праз сцежку працягну. Гэтая пачвара будзе ісці і ўсунецца.
— Добра, я пачакаю.
Ясь зноў знік у цемры. Цяпер не так страшна. Ясь побач. Усё-ткі не схапіла яго цётка з барадой.
— Усё. Хто першы, той лепшы. Трапіць у нерат: ні ўзад ні ўперад. — Ясь узяў Янку за руку, пацягнуў У кусты.
— Ясечка, тут будзем чакаць?
— Сядзі і ні гу-гу, — наказаў Ясь.
Час цягнуўся доўга, нудна. «Мабыць, не прыйдзе гэтай ноччу цётка з барадой у сваё логава», — падумалася Янку. Рот адкрыў, каб Ясю пра гэта сказаць, ды раптам непадалёку трэснуў сучок. А пасля… Пасля ноч прарэзаў нечалавечы вокліч:
— У-у-у!..
Ясь яшчаркаю выслізнуў з кустоў. Здаецца, завалтузіліся. Нехта піскнуў, што пацук, які трапіў у пастку. Затым агонь паходні, нібы чаканае сонца, якое прабіла хмары. У водбліску агню Янка ўбачыў цётку з барадой. Скурчыўшыся, яна ляжала ў сетцы, быццам вялізны вусаты сом.
Няўжо тая самая? Але, яна. Жаночая кашуля, чорная барада… А хусткі на галаве няма. Галава лысая, што бубен. Цётка… З барадою… І лысая…
Ясь узняў угору паходню.
— Янка, вылазь. Не бойся. Янка ўстаў, ступіў крок, другі…
— Смялей. Больш смуроду, як пацехі.
— Ы-ы… — ыкнула цётка з барадой. Ясь пхнуў яе нагою.
— Маўчы.
Маўчыць. Зыркае. Здаецца, спапяліла б.
— Ы-ы…
— Маўчы! Каб да тваіх мазгоў ды яшчэ і розум.
— Ясь, яна ў цмока пякельнага не ператворыцца?
— Гэта чалавек.
— Чалавек? Чалавек сваёй хаты трымаецца. Чалавек косіць, жне. Чалавек песні пяе.
— А мы зараз запытаем, — прамовіў Ясь. Ён зноў пхнуў нагою цётку з барадой.
— Эй! Ты песні пяеш?
— Ы-ы…
— Ясь, можа, у яе барада несапраўдная?
— Праверым.
— Ясь, нагнуўшыся, пацягнуў за бараду.
— Не чапай! — заверашчала цётка з барадой. — Я рыцар! Рыцар я!
Ясь выцер руку аб порткі.
— Рыцар?
— Рыцар фон Зігфрыд.
Янка міжволі адступіў назад. Рыцар… Фон Зігфрыд… Няўжо той, што з паўлінавым пяром на грэбені шлема? Як ганарліва сядзеў на кані, калі поплеч былі тыя, пад сцягам, на якім вымалёўвалася Крывавая Рука!
— Я адразу падумаў, што не ўсіх узялі,— сказаў Ясь. — Гэтаму ўдалося вылузнуцца. Ды з нашых балотаў яму не выбрацца. Зусім знялюдзеў, цягаючыся. Жаночае на сябе нацягнуў… А яшчэ рыцар…
Янка пасмялеў. Ён падышоў бліжэй.
— Ясь, што будзем рабіць з ім?
— У вёску пацягнем. Няхай паглядзяць людзі на пярэваратня.
— А калі вырвецца, уцячэ?
— З маіх рук яшчэ ні адзін рыцар не вырваўся, — пахваліўся Ясь.
Угары, у небе, бліснула. Глуха прагрукатаў гром. Наляцеў вецер — закалыхаўся агонь паходні. Здавалася, вось-вось патухне. Не, не патух. Разгарэўся ярчэй.
Гуслі на дзікай грушы
Частка першая Алхімік
Нечаканая прапанова
У маёй роднай вёсачцы Азарычы ўсяго пятнаццаць хат. Але затое вакол лес, дзе грыбы, ягады, дзе вавёркі скачуць з елкі на елку. Есць і невялікае возера. Дый побач, праз дзве хаты, жыве мой найлепшы сябар Пятрусь Канапелька. З ім мы ўжо шосты год ходзім у школу (яна знаходзіцца ў суседняй вёсцы Клімавічы). Да Клімавіч ідзём па лясной дарозе, якая выводзіць на шашу. Да шашы два кіламетры сто сорак тры метры. З Петрусём знарок рулеткай вымералі. Паўдня стараліся. Упарыліся, што на таку.
Па шашы трэба прайсці яшчэ кіламетр. А там і школа, наш пчаліны вулей, як часта называем яе.
Звычайна зранку я чакаю Петруся. А ён падбяжыць да нашай хаты, складзе далоні рупарам і крычыць: «Ігна-а-т! Выхо-о-дзь…» Ну нібыта Ілья Мурамец, які Салаўя Разбойніка на бой выклікае. Аднаго разу мая мама заўважыла: «Гукае, як у лесе». Я тады сказаў ёй: «Дык мы і жывем у лесе».
Спакойна мы з Петрусём жылі, радаваліся, пакуль, як кажуць, не трапілі ў такі нерат, з якога ні ўзад ні ўперад. А пачалося з таго, што ў суботу Петруся пакінулі дома пасвіць каровы. У нас іх пасвяць па чарзе.
Гэты майскі дзень выдаўся па-летняму гарачы. Сонца пякло з самага ранку. На лясной дарозе, атуленай мядзянымі соснамі, я гарачыні не заўважаў. А вось калі выйшаў на шашу, то адразу адчуў. Нават пінжак стаў мулкі і чаравікі пацяжэлі.
Па шашы праносіліся аўтамабілі: грузавікі, легкавушкі, аўтобусы. Імчаліся, пакідаючы за сабою шэры дымок.