Я крыху пастаяў, паўзіраўся і, уздыхнуўшы, пашлёпаў па асфальце. Ззаду піскнулі тармазы. Я азірнуўся і ўбачыў чорныя «Жыгулі». З «Жыгулёў», адчыніўшы дзверцы, высунуўся мужчына: сам высокі, як жардзіна, твар белы, нібы пад зямлёю год прасядзеў не вылазіўшы. Побач з ім, за рулём, сядзеў мажны барадач. Барада рыжая, што агонь, на носе акуляры, валасы на галаве ўскудлачаныя, быццам са стога сена нядаўна вылез.
Доўгі махнуў рукою. Маўляў, давай сюды, да нас.
Зразумела, чаго кліча. Хоча, каб паказаў дарогу на Менск. Часта вось так спыняюцца, пытаюцца, якая дарога вядзе на Менск, бо адразу за нашай школай перакрыжаванне. Калі павярнуць направа, то на Менск каціся, а калі налева, то нават у Польшчу можна трапіць.
Я падышоў да легкавіка.
— Хлопчык… — басам сказаў барадач. я, апярэджваючы яго, пацікавіўся:
— Вам на Менск?
А ягоны сябрук прагаварыў хрыпла, нібыта певень, які з седала зваліўся:
— Але, на Менск.
Я, не стрымаўшыся, засмяяўся:
— Ха-ха-ха…
— Не смейся. Смяецца той, хто смяецца апошні,— відаць, пакрыўдзіўся доўгі.
Я зноў засмяяўся:
— Ха-ха-ха…
Сам не ведаю, чаму смех на мяне напаў, чаму стала так весела. Мусіць, перад бядою смех часта без прычыны нападае. А бяда, як гаворыцца, ужо стаяла за маімі плячыма.
— Хлопчык, ты ў школу ідзеш? — пацікавіўся барадач.
— У школу, — сказаў я так, нібы на злёт перадавікоў сабраўся.
— Сядай. Падвязу.
Я доўга не думаючы адчыніў дзверцы, усеўся на задняе сядзенне. Барадач, бачу, пазірае ў люстэрка, прымацаванае каля яго. Чаму ж не едзе? Каго яшчэ чакае?
У маёй душы заварушыўся нейкі чарвячок. Стала трывожна, нават страшна.
Я, каб толькі не маўчаць, сказаў:
— На Менск направа.
— А ты дзе жывеш? — запытаў барадач.
Я тыцнуў пальцам, паказваючы на нашу дарогу.
— Там. У Азарычах. Два кіламетры сто сорак тры метры да нашай вёскі. І ўсё праз лес.
Барадач усміхнуўся.
— Твая вёска ў лесе? Дыхаецца добра? Прыгожа, як у казцы? Так?
— Канешне. У нас кіслароду шмат. Лес кісларод выдзяляе. Вы ведаеце. А прыгажосць сапраўды казачная.
Мне рупіла расказаць яму, як увесну на розныя галасы крумкаюць на возеры жабы, як каля берага, на сонцы, грэюць спіны шчупакі, як таемна шэпчуцца сосны, як восенню спелы жолуд падае на мяккую подсцілку з лісцяў, вылузнуўшыся са сваёй шкарлупіны, як… Шмат чаго хацеў расказаць. Ды барадач прамовіў:
— Хм, казачная… Любіш чытаць казкі?
— Яшчэ як люблю. Асабліва чарадзейныя. Некаторыя па некалькі разоў перачытваю, — пахваліўся я.
Барадач скінуў акуляры, глянуў на мяне. Вочы ў яго заблішчалі, як у галоднага ката. Мне здалося: зараз накінецца на мяне.
— Вы чаго? — прамовіў я. — Мне ў школу трэба. Хутка ўрокі пачнуцца.
Барадач зірнуў на наручны гадзіннік.
— Яшчэ паспееш. Толькі палова дзевятае.
— Ды ён баіцца. Вялікі ўжо хлопец, а баіцца. Хі-хі-хі…— хіхікнуў доўгі.
Гэта закранула мяне за жывое. Чаму я павінен іх баяцца? На сваёй дарозе, каля свайго лесу, сярод белага дня.
— Не баюся. Я ноччу праз лес магу прайсці.
— Смелы ты? — запытаў барадач.
Карцела сказаць яму: «Не дуры галаву». Але стрымаўся, прамаўчаў.
— Як цябе зваць? — зноў запытаў барадач.
Чаго ён прычапіўся? Чаму дапытваецца? Можа, рыбкі ў нашым возеры захацелася палавіць? Не. Цяпер ні за якія грошы не скажу, што ў нас возера, што рыбы ў возеры шмат. Спярша ўдвух прыедуць, а пасля і сябрукоў прывязуць. Возьмуць і сеткі, і невад. Так не раз было.
— Дык як цябе зваць?
— Ігнат, — буркнуў я.
— Мяне Мірон Казіміравіч.
— А мяне Ландыш, — прахрыпеў доўгі.
— Ха-ха-ха… — засмяяўся я.
Хіба не смешна? Далі імечка. Ландыш… Яшчэ каб Крапівою назвалі. Зусім замудрыліся яны ў сваёй сталіцы.
— Хлопчык, ты казаў, што любіш казкі. Калі пажадаеш, то адпраўлю цябе ў казку, — прамовіў Мірон Казіміравіч.
Хіба магчыма? Можна адправіць у космас, на Месяц, нават на край свету, як кажуць. Але ж у казку… Агарод гародзіць.
— Вы жартуеце? — запытаў я. Мірон Казіміравіч спакойна сказаў:
— Я ўсё магу. Я алхімік.
Усё-ткі жартуе. Алхімікаў у нас даўным-даўно няма. У старажытнасці былі алхімікі. Яны са звычайнага металу імкнуліся здабыць золата. Нічога не выйшла ў іх. Цяпер кожны пра гэта ведае.
— Не смейцеся, — сказаў я.
Вочы ў Мірона Казіміравіча зноў заблішчалі, як у галоднага ката.
Я непрыкметна пачаў падсоўвацца да дзверцаў, каб імгненна адчыніць іх і выскачыць на асфальт, як гэта робяць вопытныя дэтэктывы ў кінафільмах пра міліцыю.