Выбрать главу

— Што гэта? — запытаў я.

— Н-не в-ведаю, — зніякавеў Пятрусь.

А з-за кустоў зноў данеслася: «І-і-і… І-і-і…» Хацелася затуліць вушы, хацелася кінуцца на злом галавы, каб толькі не чуць гэтага.

— Можа, міліцыянер у свісток свішча? Можа, тут такія свісткі? — у роспачы прамовіў я.

— У казках няма міліцыянераў,— сказаў Пятрусь. — У казках могуць быць стражнікі.

— Пятрусь, стражнікі свішчуць. Трэба паварочваць аглоблі.

«І-і-і, і-і-і…» — рэзнула ў вушы.

— Так не свішчуць, — сказаў Пятрусь. — Нехта енчыць. Нехта ў бяду трапіў.

— Яму трэба дапамагчы? — ледзь раскрываючы вусны, прамовіў я.

Пятрусь азваўся плаксівым голасам:

— А калі ўцячы?

Можна ўцячы. Павярнуўся і бяжы. Але пасля папамучышся. «Пабаяўся. Не дапамог. Эх, ты!» — будзе тахкаць у галаве. Усюды, куды ні пойдзеш. Ценем будзе цягацца за табою тваё страчанае сумленне.

Я, як і Пятрусь, плаксівым голасам праказаў:

— Трэба дапамагчы.

Мы павярнулі направа, а гэты невыносны енк яшчэ мацней: «І-і-і… І-і-і…» Не па-чалавечы.

— Нейкі сабака трапіў у пастку. Вось і пішчыць, — выказаў я здагадку.

— Можа, — кіўнуў галавою Пятрусь. Я расхінуў куст.

— А-а-а… — вырвалася з маіх грудзей.

На суку альшыны, якая ўзвышалася над кустом, вісеў пацук, вялізны, чамусьці карычневы. З ягонага перарэзанага горла паволі капала кроў. Не, не на зямлю. На круглы бохан хлеба, які ляжаў пад кустом.

Вядзьмак

Я заўжды адчуваў агіду і страх, калі бачыў пацукоў. Памятаю: калі вучыўся ў чацвёртым класе, аднаго разу адчыніў дзверы з сяней — а ад плота ў сені пацук бяжыць. Як і гэты, вялізны, тоўсты. Нават, здалося мне, касматы. Я імгненна зачыніў дзверы, налёгшы плечуком. Стаяў, як скамянелы, трымаючы дзверы з усёй сілы. Пасля, набраўшыся смеласці, высунуў нос, глянуў адным вокам. На шчасце, пацука на падворку не было. Інакш я і бацьку ў хату не пусціў бы.

І цяпер, наставіўшы рукі, я стаў адступацца назад. Чаго найбольш жадаў? Каб тоўстая жалезная сцяна вырасла між мною і пацуком.

— Стой! — схапіў мяне за руку Пятрусь.

Не спускаючы вачэй, як загіпнатызаваны, я глядзеў на пацука і бохан хлеба. «Кап», — на скарынку, расцякаючыся, капнула чырвоная кропля. І адразу ж пачулася прарэзлівае: «І-і-і… І-і-і…»

Пятрусь падскочыў, адкінуў бохан убок. Жудасны піск сціх. Адразу, нібы голас з радыёпрадуктара, калі штэпсель з разеткі выцягнуць.

«Кап», — ужо на зямлю капнула чырвоная кропля. Я са страхам чакаў, што зноў пачую піск. Ды не, не пачуў.

— Глянь на поле! Дзіва! — усклікнуў Пятрусь.

Але, дзіва. Кволыя сцябліны, нядаўна пераламаныя, на вачах уставалі, каласы наліваліся важкім зернем.

— Казка! — усклікнуў я. — Усё-ткі мы ў казцы?

— Як бачыш, — сказаў Пятрусь.

У казцы. Выходзіць, яна не толькі ў думках. Выходзіць, яна не фантазія, а рэальнасць. Не верыцца. Але ж жытнёвае поле на вачах ажыло.

— Вось якая яна, казка, — сказаў я.

— Дзіўная, — падхапіў Пятрусь.

Нічога не скажаш. Дзіўная. Вядома, слуп на раздарожжы не навіна. Але пацук, якому перарэзалі горла…

— У нейкую нялюдскую казку мы трапілі,— прамовіў я.

— У нялюдскую, — пагадзіўся са мною Пятрусь. — Звычайна ў казках хлеб шануюць, а тут…

— Бывае, што і ў нас не шануюць, — заўважыў я. — У школьнай сталовай часта на падлозе ляжыць. Я сам адзін раз у кут шпурнуў.

Пятрусь зірнуў на мяне.

— Ігнат, гэта не пацук енчыў.

Хто ж тады? Ці не стаў дзіваком і Пятрусь у гэтай дзіўнай казцы?

— Ігнат, гэта не пацук. Хлеб плакаў. Яму балела.

Ці магчыма такое? Калі кідалі скарынкі пад стол, ніводная не заплакала. Здараецца, што некаторыя хлеб нават нагамі падбіваюць, як футбольны мяч.

— Хлеб плакаў,— сказаў Пятрусь. — Тут казка. Я зірнуў на бохан хлеба. Ляжыць скрываўлены, нібы паранены. Зноў успомніў пра той кавалак, які шпурнуў у кут. На ім яшчэ засталіся адбіткі маіх зубоў. Там, дома, не ўспамінаў. А цяпер… Чаму цяпер? Не зведаўшы гора, шчасця не пазнаеш?

— Пацука нехта нядаўна на галіну павесіў,— прагаварыў Пятрусь.

Няўжо сапраўды нядаўна? Калі так, то не на добрае. Што, калі гэты нелюдзь паблізу? Што, калі сядзіць у жыце, цікуе за намі, слухае, пра што гаворым? Калі хлеба не пашкадаваў, то і нас па галоўцы не пагладзіць. Возьме за горла і…

— Чалавек такога не зробіць, — сказаў я.

— А Мірон Казіміравіч не зрабіў бы?

— Зрабіў бы. І Ландыш таксама зрабіў бы. Але тут, у казцы…