Выбрать главу

— Не асмельваюся сказаць… Я стараюся… Не, не асмельваюся… Ніхто так не стараецца, як я.

— Цябе і прызначаю.

Пан Катовіч падскочыў з крэсла, схапіў народнага цара Іванку за руку, пацалаваў.

— Не спадзяваўся. Не думаў. Апраўдаю ваш давер. Я вас і ў сне буду славіць. Ваша вялікасць!.. Рады старацца. Вельмі рады.

— Сядай. Каго ж на тваё месца прызначыць, начальнікам прафілакторыя? Сядай, сядай…

Пан Катовіч сеў на самы краечак крэсла.

— Можна пана капітана Бадзея.

Пан Бадзей, як пачуў гэткае, дык аж галавою страсянуў.

— Пана капітана? — прагаварыў народны цар Іванка.

— Яго, ваша вялікасць. Ён пастараецца. Ён гэтых хлопчыкаў злавіў. Мы іх на прыцэл узялі, калі яны толькі ў наш горад увайшлі. Мы данеслі вам. Вы загадалі, каб іх сюды прывялі. Вы іх пакуль не дапытвалі. Вы таго дурня хацелі дурнем зрабіць. А пан капітан пастараецца.

— Пан Бадзей у нас прасіў, каб далі торбу золата. Абяцаў, што адпусціць, — прамовіў Пятрусь.

Я думаў, што народны цар Іванка абурыцца, што пашле пана Бадзея з мядзведзем барукацца. А ён сказаў:

— Хлопчык, не балабонь. У цябе язык як трашчотка. Я жадаю, каб пан Бадзей патанцаваў.

— Вядома, патанцую! — усклікнуў пан Бадзей і давай скакаць, стараючыся як мага вышэй падскочыць.

— Во дае! — падахвоціў яго народны цар Іванка.

Стараецца пан Бадзей, каб дагадзіць. Пусціўся ў сабачую скуру. І пан Катовіч за яго не лепшы. Макам рассыпаецца. У руку пацалаваў. Танцуюць, цалуюць. Прыйдзе час — дурнямі іх зробяць, як былога галоўнага міністра. Пашлюць з мядзведзем барукацца.

— Годзе! Годзе! Лопнеш! Разарвешся! — замахаў рукамі народны цар Іванка.

Пан Бадзей выцягнуўся, як туга напятая жылка. Твар чырвоны, пот градам коціцца. Каб яшчэ так некалькі хвілін патанцаваў, то, мабыць, лопнуў бы, разарваўся.

— Ваша вялікасць, умее танцаваць пан Бадзей. Добры хлопец. Калі б хлопчыкі яму торбу золата далі, то ён вам яе прынёс бы. Дзеля вас стараўся, — прамовіў пан Катовіч.

— Канешне, вам аддаў бы, — падаў голас пан Бадзей.

«Калі б далі, то ў жалезны куфар схаваў бы і на тры метры ў зямлю закапаў бы, каб днём з агнём не знайшлі», — падумаў я.

Народны цар Іванка звярнуўся да пана Бадзея:

— Што пра мяне казалі хлопчыкі?

— Кепскім словам абазвалі. Няхай самі скажуць. У іх языкі як трашчоткі.

— Ты іх прывёў — ты і скажы.

Пан Бадзей пабялеў. Быў чырвоны, як рак, а цяпер ураз пабялеў, стаў што палатно. Вядома чаму. Не паварочваецца язык свайго валадара сабакам назваць. Як жа ён выкруціцца?

— Скажы. Не бойся.

— Не магу, ваша вялікасць. Вельмі кепскім словам абазвалі.

— А я загадваю.

— Язык колам стаіць.

— Ну!

Пан Бадзей неспадзявана стаў на калені, упёрся рукамі аб падлогу і загаўкаў:

— Гаў-гаў-гаў…

— Ха-ха-ха… — затросся ад смеху народны цар Іванка. — Зразумеў. Яны мяне сабакам абазвалі.

— Няпраўда, — не сцярпеў я. Пан Бадзей ускочыў на ногі.

— Ваша вялікасць, выкручваюцца. Яны іншаземныя шпіёны.

— У мяне не выкруцяцца. Пан Катовіч, неспакойна ў нашым горадзе. Нейкія прыблуды-хлопчыкі плёткі пра мяне распускаюць, галоўны міністр казаў, што з трона зваліць. Калі так далей пойдзе, то і людзі ўзбунтуюцца.

— Не ўзбунтуюцца. Прыціснем.

— Трэба прыціснуць. Сёння ж трэба. Выпусці з турмы разбойнікаў. Няхай крыху паказычуць людзям нервы. Няхай паглядзяць людзі, што можа з імі стацца, калі ўлада не заступіцца, не абароніць іх.

Разбойнікаў на волю выпускае. Яны ж немаведама чаго наробяць! Што ж у яго ў галаве? А-а, хоча на людзей страх нагнаць. А яны і так як у ваду апушчаныя.

— Бяда, — шапнуў я на вуха Петрусю.

— Бяда, — кіўнуў ён галавою. — Трэба неяк паведаміць людзям, што разбойнікаў выпусцяць.

— Што з хлопчыкамі рабіць? — устаў з крэсла пан Катовіч.

— Няхай тут пабудуць. Вельмі ж яны ганарыстыя. Няхай паглядзяць, як іншыя робяць. Можа, чаму-небудзь навучацца. А калі не навучацца, то прыйдзецца ламаць. У нас ламы добрыя. Усё-усё даведаюся пра іх. Ідзі, пан Катовіч. Выпускай разбойнікаў.

Пан Катовіч прасунуўся ў дзверы. Калі праходзіў каля нас, то я пачуў, як ён шапнуў пану Бадзею: «Цёплае месцейка табе сасватаў. Вечарам прынясеш торбу золата».

Паэт Карней

Народны цар Іванка пазяхнуў і гучна сказаў:

— Запрашаю нашага паэта Карнея!

Я, як пачуў, дык пра ўсё на свеце забыўся. Не дзіва. Ні разу не бачыў, як кажуць, жывога паэта. «Які ён? Відаць, разумны. Відаць, на гэтых не падобны», — падумалася мне.