Выбрать главу

— Хто такі гэты твой нехта? — злуецца ён. — Чаму ён прыдзірлівы да адных і памяркоўны да другіх?

Я недаўменна паціскаю плячыма:

— Кожны з нас, браток, свой крыж нясе.

— Свой? — здзіўляецца Буднік.

Я спрабую напоўніць свае думкі сэнсам. Толькі Буднік мяне не слухае.

— Свой, гаворыш? — злосна перапытвае ён. — Калісьці ў нашай вёсцы таксама крыж стаяў, насупраць нашай сядзібы, на скрыжаванні дзвюх дарог... Павер’е такое існуе: быццам бы крыж гэты аберагаў вёску ад няшчасцяў розных. Дык вось гэты крыж зламалі камунякі. Спачатку паспрабавалі яго выкапаць — ноччу, каб ніхто не бачыў. А калі з задумы той нічога не атрымалася, раструшчылі гусенічным трактарам. Зломак так і застаўся тырчэць дагэтуль, як напамін аб людскім вандалізме. Можа, гэта і ёсць мой крыж? — гарачыцца Буднік. — Можа, гэта яго я нясу праз усё сваё жыццё?

— Можа, — збянтэжана пазіраю я на яго.

— Дольчык, яны купілі Бога. Яны здольныя на ўсё… Разумееш? Яны нават з д’яблам стануць супрацоўнічаць, абы толькі цукеркамі можна было ласавацца... Улада — гэта грошы. А грошы ніхто аддаваць не хоча. Большасць з тых, хто ламаў гэты крыж, і цяпер пры ўладзе… Але няхай не чакаюць. Я ім не…

Я слухаю гэтага дзіўнага чалавека і маўчу. Мяне ахоплівае смутак. Я нават пачынаю верыць, што жыццё і сапраўды — сістэма мройных, фантастычных спакус. Што ў гэтай сістэме кожны з нас сам па сабе. Што ніякага лёсу не існуе, насамрэч. Што людзі выдумалі яго, каб апраўдаць свае, не заўсёды разумныя, учынкі. Што ўзвальваючы на сябе кожным ранкам гэты цяжэзны мяшок з каменнем, імя якому — сумленне, яны спасцігаюць толькі адну мэту — скінуць яго ўвечары. Бо абыякавасць яшчэ не пакорлівасць. Бо зло затаілася побач. Бо людская зайздрасць — малодшая сястра сквапнасці — усё яшчэ здольная разбурыць любую ілюзію Дасканаласці. Бо фанабэрыстасць мяжуецца з наіўнасцю, а наіўнасць з глупствам. Бо сярод гэтай усеагульнай уседазволенасці апраўдванне злачынства — звыклая справа. Бо тыя ж забойствы менш за ўсё чыняцца з тым, каб караць, а каб пасяліць у нашых душах страх.

«Калі верыць гэтаму чалавеку, то нам і сапраўды няма чаго рабіць у гэтым свеце, — думаю я. — Выходзіць, мы ўсё роўна не жывём, а “перажываем”… Бо колькі сябе памятаем, столькі нас і просяць: пацярпіце, гэты час трэба перажыць… Вось мы і церпім, вось мы і “перажываем”: і час, і нягоды, і існуючую ўладу, і сваіх ворагаў, а ўрэшце рэшт і ўсё сваё жыццё…»

Мы праціскаемся праз вузкі лаз у агароджы і апынаемся на шырокай бязлюднай вуліцы. Буднік мітусліва аглядаецца, я таксама. Калі б нехта ў гэты момант за намі сачыў, то яму, несумненна, падалося б, што выбраліся гэтыя двое з непралазнага ляснога гушчару і цяпер вырашаюць, куды ім падацца далей. Вуліца незаўважна выходзіць на шыкоўную аўтастаянку, за якой віднеецца пакручасты бераг рэчкі. Яшчэ далей Сафійскі сабор — Дом Божай мудрасці. Шамацяць лістотаю дрэвы. І чорныя птушкі ўздымаюцца ў паветра. Буднік моўчкі зашпільвае паліто. Шнар на яго твары глыбокі і крывавы. І яго ён ужо не саромеецца…

— Расчараваўся я, Доля, у жыцці. І ты, бачу, не ў ладах з ім. Скажы, што не ў ладах? — пазірае ён на мяне скоса. Божа, колькі спадзявання ў гэтым ледзяным і пранізлівым позірку!..

Я разгублена паціскаю плячыма.

— Ёсць трошкі…

— Жыццё, Дольчык, — гэта кашмар. Толькі ўсё некалі скончыцца. Усё… Словы і тыя сатруцца. Смерць — адзіная зямная рэальнасць… І ніхто не пазбегне яе. Разумееш, ніхто…

Я не слухаю гэтага чалавека. У галаву прыходзяць зусім іншыя словы — тыя, што я пачуў ад Ліды ў першыя хвіліны нашага з ёю знаёмства: «Ведаеце, чаму людзі баяцца смерці? Таму што яны не разумеюць, што такое Вечнасць…»

— Ты дапаможаш мне, Дольчык…

— Што ты сказаў?

— Я сказаў, што ты дапаможаш мне… У адной вельмі важнай і патрэбнай для чалавецтва справе…

13

Вось яшчэ адна ноч на сыходзе, сцякае па шкле дробнымі кропелькамі дажджу. Вокны ў пакоі без фіранак. Вокны сквапна глытаюць цемру. Разам з цемраю, разбаўленай скупым дзяжурным святлом, у рэанімацыйны пакой прасочваецца ранак. З пахамі стэрыльнай цішыні, адчаю і чужога болю. Жэнік перакананы, боль мае таксама свае пахі, і гэта пахі навакаіну, валяр’янкі і карвалолу.

Гэтай ноччу ён амаль не спіць. Варочаецца на цвёрдай кушэтцы і ратуецца ад бяссоння думкамі. Як і той — цяжкапаранены, якога прывезлі позна ўвечары. Ратуецца, лепей і не скажаш… Бо чалавек жывы думкамі…

Паранены, нягледзячы ні на што, яшчэ жыве. І Жэнік чуе, як б’ецца яго стомленае сэрца. Стук гэты з пакоя насупраць. І калі яго слых прытупляецца, калі рытм сэрца хворага змешваецца з іншымі начнымі гукамі, калі губляецца сярод іх, ён устае з кушэткі, перасякае бязлюдны бальнічны калідор і адчыняе дзверы ў рэанімацыйны пакой.