Выбрать главу

Сустрэчы гэтай — нечаканай, неверагоднай — Буднік узрадаваўся. Ён быў перакананы, што яна — не выпадковасць. У выпадковасці ён не верыў. Нейкае чуццё падказвала яму, што сустрэча гэтая — стрыжань узаемаадносін, невытлумачальная праява Вялікага Прыцягнення, якое існуе ў Свеце незалежна ад волі людзей. Напэўна, чалавеку яшчэ да яго нараджэння наканавана: з кім сябраваць, а з кім сустракацца мімаходзь, з кім разысціся, а з кім прайсці праз усё жыццё поруч. Бо самае страшнае пакаранне, ведаў ён, — гэта пакаранне адзінотай…

Людзі павінны ведаць, што пра іх думаюць іншыя...

Невыразны ацёчны твар значна старыць гэтага чалавека і выклікае гідлівасць. Вось што азначае сустрэцца праз вечнасць. Дольчык нагадвае Будніку гэткага стаічнага біблейскага прарока — самаўпэўненага і цынічнага. Таму і маўчанне, што ўзнікла паміж імі, апавядае яму красамоўней за любыя словы. І нездарма... Адлегласць да небяспекі — той, якой ён асцерагаецца ў апошні час, — з-за сустрэчы з гэтым чалавекам робіцца значна карацейшаю. Прадчуванні ніколі не падманваюць яго. Не падманваюць, бо перакананы: «Асцерагайцеся не тых людзей, хто выказвае свае думкі ўголас, а тых, хто хавае гэтыя думкі ад іншых…»

Буднік не вытрымлівае позірку Дольчыка і адводзіць вочы. Каб не слухаць яго, а гаварыць самому...

— Эх, Доля, не турбуйся, ідзём мы з табой да Лупоніка. А потым… Потым мы будзем слухаць арган у святой Сафіі. Ты любіш Баха?.. Няважна… Ты палюбіш Баха…

Бойцеся слоў. Словы агаляюць думкі.

— Дольчык, ты ведаеш, што такое Здрада? Здрада, Дольчык, гэта калі адразаюць кішэні ў тваіх штанах. Употай, каб ты не ведаў пра гэта. А вось потым, калі ты пачынаеш здагадвацца, калі пачынаеш разумець, што ключы ад кватэры ты свае пасеяў, што ў кватэру табе не патрапіць без нечай дапамогі, вось тады і прыходзіць разуменне здрады… Мы ўзарвём гэты Дом Божай мудрасці… храм людской незалежнасці… Зруйнуем яго… Чуеш мяне?.. Зруйнуем цалкам…

15

Спыняемся мы ля высокай жалезнай брамы. За ёю, у глыбіні дагледжанага ўтульнага дворыка, двухпавярховы будынак. Гаспадар гэтых харомаў, мужчына з рэдкай рыжай чупрынай і вялікім прамым носам, не пазнае мяне. Ён доўга і падазрона ўзіраецца, а потым моўчкі пляцецца на кухню.

— Лупонік, адкуль такая абыякавасць? — спыняе яго Буднік. — Дзе слёзы радасці, дзе здзіўленне? Дзе гасціннасць, урэшце? Перад табою твой аднакурснік, а ты строіш з сябе крутога перца… За такое, Лупонік, і па шыі нядоўга атрымаць…

Лупонік здзіўлена азіраецца. Няўлоўная ўсмешка кранае яго няголены твар. Недзе за ёю, на недасяжнай глыбіні, праклёўваецца нешта падобнае на радасць.

— Жэнік, ты?

— Я… Хто ж яшчэ…

Гэты чалавек упершыню за апошнія суткі вымаўляе маё імя. Вымаўляе галосна… І за адно толькі гэта я гатовы дазволіць яму ўсё, нават штучнае праяўленне сяброўскіх пачуццяў. Штучнае, бо сябрам маім ён ніколі не быў.

— Раздабрэў, не пазнаць. Сустрэў бы ў горадзе, нізашто не пазнаў бы, — здзіўляюся я. — Дом свой маеш… Малаток!..

— Дробязі, — пакрыўджана паціскае плячамі мужчына. — Дом не мой, цешчын…

— З дробязяў, Лупонік, жыццё складаецца. Так што збірай свае дробязі ў мяхі, спатрэбяцца яшчэ, — устрае ў размову Буднік і звяртаецца да мяне: — Возьмем яго з сабой?

— Куды? — здзіўлена пытае Лупонік.

— Баха слухаць.

— Нікуды я не пайду з табою. І ты, Жэнік, не хадзі.

— Заткніся, чунь! Пажартаваў я… Хто цябе возьме з сабою? Адкуль табе ведаць, хто такі Бах. Гены, Лупонік, рэч бязлітасная... Акапаўся тут, у чужых харомах, і сядзіш, як сурок. Так і пракопціш сваё жыццё.

Лупонік пакрыўджана пазірае на Будніка. Я таксама маўчу, хоць мне і шкада гэтага бяскрыўднага, як мне падаецца, чалавека.

— Збірай на стол, чмо, госць у хаце, а ты вокам не вядзеш, — загадвае Буднік і весела падміргвае мне: — Паабедаем, Дольчык, і пойдзем…

Пытанне «Куды?» непакоіць мяне не менш, чым Лупоніка. Аднак маўчу, ведаю, усё роўна адказу на яго ў прысутнасці Лупоніка не атрымаю. Падсілкоўваемся моўчкі. Буднік апаражняе кілішак за кілішкам і апетытна ўплятае «пальцам пханую».

— Вучыся, Дольчык, як трэба жыць, — смачна аблізваецца ён і ківае на Лупоніка. — Гаспадар…

— Хто табе замінае ім быць?

— Такія, як ты, і замінаюць, — перастае жаваць Буднік.

— Цікава, чым жа гэта я не дагадзіў табе? — Лупонік ускіпае. — Жывеш тыдзень на маіх харчах… Жарэш на халяву…

— Чым?.. Абыякавасцю сваёй. Такім, як ты, дай адсядзецца, перачакаць… Вы ж не жывяце, вы ж увесь час нечага чакаеце… Цудаў, манны нябеснай?.. Хто вас ведае, чаго… Самі не жывяце і нам замінаеце жыць… Прыдумалі апраўданне сабе: талерантнасць… А што такое гэтая ваша талерантнасць? Хітрасць?..