— Людзі, гэта вар’ят!.. Яго трэба спыніць. Ён небяспечны…
Гэта апошнія словы, якія я здольны вымавіць…
16
Мінаюць дні — шэрыя і аднастайныя.
Вось ён я!.. Усё яшчэ існую… Плявок Сатаны не спыніў і ніколі не спыніць Гадзінніка майго жыцця. Бо «…всё, что произнесено, не опасно. Тонкая паутина Тьмы будет немедленно разрушена огнём пространства…».
І калі скупое святло кранецца сваімі гаючымі промнямі нашай Сапраўднасці — выпакутаванай і адваяванай у Цемры, — прыходзьце паглядзець на нашы цені…
Ініцыятыва не на маім баку. Асоба, якая сядзіць за сталом насупраць, пачынае гульню першай. І гэта не можа не хваляваць мяне. На раскратаваным лісце паперы, у клетачцы зверху, яна выводзіць першы свой крыжык. Не задумваючыся, побач з ім малюю свой маленькі нулік. «Што за гульня такая вар’яцкая?» — ніяк не магу ўцяміць я і скоса пазіраю на жанчыну. Твару яе разглядзець нельга з-за густога дыму, які вісіць у паветры. Дым едкі і жоўты. Дым выядае вочы. Дым тлусты і задушлівы.
— Ты — гэта ты… Такога сябе ты стварыў сам…
«Што ты плявузгаеш? Адкуль табе ведаць, хто я? — злуюся я. — Што азначае: такога сябе стварыў сам?..» Падняць галаву і разглядзець як след сваю саперніцу не стае моцы. Як толькі я намагаюся зрабіць гэта, нейкія непадуладныя мне пачуцці разбураюць маю рашучасць. Я адчуваю, як маё спакутаванае сэрца працінае смяротны жах. Ад жанчыны вее ледзяным холадам Вечнасці. Мне відны толькі яе рукі. Яны маленькія, з выразна акрэсленымі сінімі пражылкамі і з выцягнутымі, як у музыкаў, тонкімі худымі пальцамі. Гэта рукі старэнькай бабулькі. Аднак, нягледзячы на ўзрост, рухі іх упэўненыя, спрытныя і няўлоўныя. Гэта — рукі-аўтаматы. Пальцы рухаюцца ўздоўж стала і вытвараюць такое, што мне пачынае здавацца, быццам за сталом са мною сядзіць фокусніца. Самапіска ў руках жанчыны ажывае, нібыта ў руках барабаншчыка барабанныя палачкі. Я ўважліва сачу за яе спрытнымі рухамі і пераконваюся, што жанчына махлюе, што гульня ідзе не па правілах. Пераконваюся, але не пярэчу ёй. Бяссілле прыгнятае і прыніжае мяне...
— Ты не згодны з маімі доказамі?
Кашчавыя пальцы выпісваюць у паветры невядомую мне фігуру і малююць чарговы крыжык. Крыжыкаў столькі ўжо, што іх хапіла б на цэлыя могілкі.
— Ну, Дольчык, што скажаш на гэта?
— Пра што вы? — здзіўляюся я і пакорліва малюю свой чарговы нулік.
— Твой ход непрадуманы, Дольчык, як і ўсё тваё жыццё, — свідруе маю свядомасць хрыплы, шапялявы голас. — За гэта табе яшчэ адзін крыжык… Каб перамагчы мяне, трэба мужнасць і воля. А ты гэтыя якасці страціў. Твая слабасць у тваім эгаізме.
«Чарговая выхаваўчая лекцыя, — злуюся я, упарта шукаючы клетачку для выратавальнага нуліка. — Давай, выхоўвай… Я прывык… Нагадай мне пра эгаізм… Потым пра сумленне...»
— Ілжэш… Жыццё нельга спланаваць. Хто з нас не мае заганаў?.. Ідэальных людзей не існуе. Маімі дарадцамі таксама не заўсёды былі адны толькі сумленне і справядлівасць… Але гэта я і без твайго напаміну ведаю. Але ведай і ты, мой дух яшчэ жывы. Ён пратэстуе супраць гэтага нутранога холаду — холаду абыякавасці, холаду бяздушнасці… Пратэстуе супраць несправядлівасці. Ты мяне чуеш, як там цябе?..
— Неблагі ход, Дольчык… Толькі адкуль табе ведаць, што такое справядлівасць? Тваё сумленне набытае ў ламбардзе, як і твой гадзіннік. Яно разменена на ілюзію, якую ты называеш сумленнем. Стрэлкі спыніліся ў чаканні... Стрэлкі заблыталіся і не ведаюць, у якім накірунку рухацца. Нашто такое жыццё, калі слова «заўтра» выклікае жах і гідлівасць? Хіба ты не зразумеў, што жыццё ігнаруе цябе?
— Ігнаруе — значыць цікавіцца… А страх — гэта…
— Страх — гэта атупенне. Гэта нешта сярэдняе паміж здрадай і сумленнем… Баяцца — значыць не верыць.
— Людзі баяцца не смерці, а невядомасці… Абмежаванасці ў прасторы…