— Чалавекам можна назваць сябе толькі тады, калі вымаўляеш «Я» без боязі. Ты здольны сказаць смела і незалежна: «Я»?
— Нашто вам гэта?
— Каб сказаць табе, што ты прайграў, Дольчык!..
— Я не прайграў… Ты наўмысна закрыла пальцам пустую клетку… Гэта і ёсць месца для майго пераможнага нуліка…
Я адрываю стомлены позірк ад стала і аглядаюся. У пакоі ніводнай душы. Воблака густога жоўтага дыму пачынае пакрыху рассейвацца, агаляючы ўсю мярзотнасць, усю несапраўднасць форм гэтага дзіўнага памяшкання. І я пачынаю разумець, што дым — гэта толькі ілюзія. У пакоі кружляе мёртвае кляновае лісце. Яно напамін пра апошнюю восень — восень майго неўміручага кахання. Я не жадаю больш мірыцца з тым, што здарылася са мною шмат гадоў таму. Я — зусім другі чалавек ужо. І мне хочацца бегчы прэч з гэтай магілы неразгаданых таямніц.
Я кідаюся да дзвярэй і не знаходжу іх.
…Прытомнасць вяртаецца разам з адчуваннем холаду блізкай Зімы. Снег — белы-белы, нібыта вата на аперацыйным стале. Вата ў крыві, і ўсведамленне таго, што адбываецца вакол, абвастрае жаданне жыць. Малады хлопец у белым халаце, што стаіць побач і вымярае мой пульс, зусім не падобны да доктара. У яго дзіцячыя рысы твару і стомлены выгляд. Нешта да болю блізкае ўгадваецца мне ў гэтым твары. Намагаюся ўстаць са стала. Нехта ўтрымлівае мяне за руку. І я зноў губляю прытомнасць…
Мне мрояцца барыкады. Маё спакутаванае ад болю «Я» кружляе над Пляцам Незалежнасці.
…Амапаўцы чакаюць загаду. Разглядзець твары вайскоўцаў нельга. Замінаюць шчыльна састаўленыя шчыты. Здаецца, што сцяна з пластыку з хвіліны на хвіліну рухне. І вайскоўцы змятуць з плошчы ўзбунтаваны натоўп. Мінае час, але гэтага не здараецца. Што стрымлівае вайскоўцаў, застаецца загадкай.
— Украіна!.. Украіна!.. Украіна!.. — выкрыкваюць дэманстранты.
Ад натоўпу аддзяляецца маладая жанчына і перасякае вузкі калідор, утвораны паміж дэманстрантамі і амапаўцамі. Набліжаецца да аднаго з вайскоўцаў і замацоўвае на пластыкавым шчыце некалькі белых гваздзікоў. Яе ўчынак выклікае шквал адабральных воклічаў. Я пазнаю гэтую жанчыну. Яшчэ б…
Я цікую за сваім целам з вышыні птушынага палёту. Я — не я. Я — згустак энергіі, згустак эмоцый. Я здзіўлены і ўзрушаны. Мною авалодвае зайздрасць. Я шкадую, што не ўкраінец. І не з-за таго, што не люблю сваёй Радзімы… Наадварот… Гэтая незнаёмая жанчына з натоўпу — валяльшчыца, матальшчыца, няважна, хто, — дапамагае мне высунуцца з нары, якую я вырыў для сябе сам. Высунуцца і аглядзецца…
Гэта зусім іншы Свет, пра існаванне якога я пачынаю толькі здагадвацца. Але, каб у ім жыць, у ім трэба і нарадзіцца яшчэ…
Расплюшчваю вочы. У пакоі працуе тэлевізар. Экран іскрыцца жоўта-блакітнымі колерамі — колерамі свабоды і незалежнасці. Аператары паказваюць жанчыну буйным планам. І нішто ўжо не можа спыніць яе. Голас вырываецца на волю. Голас жыве ў сэрцах мільёнаў людзей: — …калі яны разумеюць гэта, а яны не могуць не разумець гэтага, яны ніколі не пойдуць супраць нас.
— Украіна!.. Украіна!.. Украіна!..
— Зноў падманулі народ, — незадаволена бурчыць сусед па бальнічным ложку.
Спрачацца з ім няма моцы. Гляджу праз акно ў глыб бальнічнага двара. У шэра-блакітным марыве яскрава паўстаюць дзве белыя вежы полацкай Сафіі…
Не… Цяпер я ведаю дакладна: жыццё — не гульня ў крыжыкі і нулікі. Нават калі гэта і не так, то ў нулікаў таксама ёсць шанец. У іх таксама ёсць свая маленькая клетачка на разграфаваным лісце Вечнасці. Бо ў свеце існуе справядлівасць. І справядлівасць гэтая — наша сумленне. Ніякія Герастраты не здольныя спыніць ход Гісторыі…
17
Бавіць час ля акна — мой новы набытак, яшчэ адна крайнасць, якую я прымаю як неабходнасць. На вуліцу мяне пакуль што не пускаюць, а тэлевізар глядзець надакучвае. Вось і даводзіцца прыдумляць забаўкі. Па ўсім відаць, мяне хутка выпішуць, аднак тое «хутка» цягнецца ўжо некалькі тыдняў. Гадзіннік свой я згубіў, напэўна, пад час сутычкі з Буднікам, там, на Палаце. І цяпер час для мяне адлічваюць ходзікі. Тыя, што вісяць на калідоры, насупраць ардынатарскай.
Шмат чаго мне давялося перажыць за апошнія дні. Але затое я цяпер ведаю, хто такі Жэнік — малады хірург з дзіцячымі рысамі твару. Ведаю я, і хто такая Тэрэза. Гэта Жэнік расказаў мне, што яго мама і мая Ліда трагічна загінула шмат гадоў таму. Сумна… Хоць смерць для мяне цяпер — паняцце адноснае.
Вядомыя мне таксама і падрабязнасці той трагічнай развязкі ў гісторыі з Буднікам. Дзяўчынку, якая выпадкова апынулася на месцы здарэння тым непагодлівым надвячоркам, завуць Настай. Яна сірата і паслушніца ў Свята-Еўфрасіннеўскім манастыры. Што прывяло яе ў тыя мясціны ў такі позні час, застаецца толькі здагадвацца. Але, як бы там ні было, гэта яна паклікала на падмогу людзей. Пра ўсё гэта пагаварыць з ёю мне не выпала яшчэ, бо, калі яна наведвала мяне ў бальніцы, я знаходзіўся тады яшчэ ў коме. Гэта пазней мне расказаў Жэнік. Буднік у той вечар жывым не даўся. Пасля крывавай разборкі ён накіраваўся на кватэру да Лупоніка. А ноччу, калі дом акружылі міліцыянеры, застрэліўся ад безвыходнасці. Вось так і магла б скончыцца гэтая сумная гісторыя маёй няўдалай вандроўкі ў далёкае мінулае, калі б не адно «але»…