Выбрать главу

Варочаюся з боку на бок — выцягвае гізунты бяссонне. Непатрэбшчына розная ў галаву лезе — не адагнацца. І курыць хочацца. Адным словам, не ў жылу мне, трах-табе-дах-табе-дах!..

Хутка світаць пачне. Вунь неба якое ружовае на даляглядзе. А мо гэта начны горад агнямі палае?! Ух, сілы маёй няма! Што ж мне цяпер усё жыццё з гэтай цішынёй размаўляць?! Не, не з рукі мне ў хамут біць! Ваўка ногі кормяць! Збіраю пад пахі манаткі і валакуся куды вочы глядзяць. Ногі самі нясуць здранцвелае, заляжалае пасля працяглага валяння цела насустрач новым нязручнасцям. Ногі, пэўна, для таго і дадзеныя Богам, каб вадзіць нас па грэшнай зямлі пераважна ў адным накірунку, у пошуках ежы.

Дарога выбоістая і віхлястая, нібыта маё жыццё. Дарога нешта ўтойвае, і прадчуванне нейкай няяснай трывогі не пакідае мяне ні на хвілінку. Відаць, гэты дзень для таго і нараджаецца зараз, каб спакаваць у сябе ўвесь гэты мой боль, усю маю трывогу і ўсе мае пакуты. А яшчэ маленькую кропельку радасці — тую, якой я даражу болей за ўсё на свеце.

Застаялая ноч паміраць не хоча. Прырода і тая здзекваецца з мяне. І ўсё ж сутонне пакрыху рассейваецца, і далячынь над аляпаватымі шэрымі будынкамі робіцца празрыстаю. Бухматыя здані таполяў, падпаленыя першымі сонечнымі промнямі, ужо адчулі пяшчоту і цеплыню новага дня.

— Божа справядлівы! Божа магутны! — шапчу я абрадавана, склаўшы малітоўна рукі. — Ты вярнуў мне слых, і я зноў здольны чуць наваколле!

— Шу-шу-шу, — палахліва перашэптваюцца таполі. Гэта ў іх густы покрыў пракраўся вецер.

— Божа літасцівы! — мітусліва азіраюся я. — Дзе ёсць той Твой скарб, пра які гаворыць Хрыстос: «…дзе Ён, там і Маё сэрца»? Дапамажы мне спазнаць тыя неспазнаныя ісціны, дапамажы пераадолець цяжкасці, дапамажы захацець тое, што хочаш Ты, бо, калі Ты ёсць, Ты — Сонца! Мне зімна і голадна, Божа!.. Сагрэй мяне!..

Цішыня абрастае новымі гукамі, і мой слых ужо здольны пачуць гудзенне мух, вясёлы птушыны шчэбет і амаль нячутнае тахканне колаў цягніка. Постук гэты расце з кожнай хвілінай і праз пэўны час ператвараецца ў блізкі грукат. Невытлумачальная радасць ахоплівае мяне. Цела працінае дрыготкая гаючая цеплыня. Прадчуванне нечага таемнага, нечага яшчэ неспазнанага падштурхоўвае мяне да не зусім зразумелых учынкаў. Удалечыні віднеецца жылы мегаполіс. Гэта і ёсць мой горад — той, што корміць і апранае мяне, той, на які мне і крыўдаваць не з рукі, бо жыць у ім — ужо кампраміс. Горад матэрыялізуецца адзінаю жоўтаю плямай, і я іду ёй насустрач. Іду, каб у чарговы раз падманвацца, бо разлічваць, што знайду ў ім для сябе нейкі прырабатак, не даводзіцца. А гэта значыць, што і сёння мне давядзецца галадаць…

2

У гэтым горадзе у Мелеша ёсць дзве справы: знайсці свайго брата і памерці. Пра другое ён пакуль не здагадваецца. Яго розум плодзіць іншыя думкі, далёкія ад сапраўднасці, наўмысна аддаляючы небяспеку, якая ходзіць за ім следам. І не трэба быць празорліўцам, каб зразумець, што гэтае вяртанне на радзіму не на карысць яму, як не на карысць яму тыя марныя высілкі памяняць нешта ў сітуацыі, у якой ён апынуўся. Але, каб не даць сумневу разбурыць цалкам і без таго кволую надзею, якая ў ім усё яшчэ цепліцца, каб не даць ёй выліцца ў тую меланхалічную дэпрэсію, якой ён страшыцца, яго думкі воляю пэўных намаганняў сплятаюцца ў прыгожую прывідную мэту, па якой ён даўно сумуе, якой, па сутнасці, і не існуе зусім, бо заўжды, калі справа даходзіць да сваёй лагічнай развязкі, пра сябе не забывае нагадаць неаптымістычная і жорсткая сапраўднасць. Але вера ў нязбыўнае якраз і надае яму той аптымізм, які насуперак усякаму цвярозаму разліку цягне яго сюды, у гэтае поўнае страхаў балота, у гэты выдуманы містычны горад. Ён не памятае ўжо дакладна, ад каго набраўся гэтай невылечнай хваробы, імя якой настальгія, чаму дасюль усё яшчэ спадзяецца на тое станоўчае ў людзях, якога ў іх няшмат, якога разгледзець з гадамі робіцца зусім немагчыма, — напэўна, яму хочацца жыць, хоць ён і не ведае, як.

— Халодны ты чалавек, Мелеш! — наступае яму на горла Пяльмень, такі ж, як і ён, валацуга, смялеючы да нахабства пасля распітай на дваіх пляшкі. — Скуль у цябе тая жорсткасць, га? Ты ж не той, за каго выдаеш сябе. Лічыш, што ўсе сляпыя? Напускное ўсё гэта, не сапраўднае.

— Пайшоў ты! — злуецца Мелеш. Твар пакрываецца чырванню. — Халяву любіш?

— Пры чым тут гэта? — здзіўляецца Пяльмень.