— Пры тым, што халявы ў жыцці не бывае.
— Не халяву я шукаю, Мелеш, — сцірае з твару здзіўленне Пяльмень. — А паразуменне тваё. Павагу.
— Павагу?! — нахабна спыняе яго Мелеш. — Навошто яна табе, мая павага?
— Хм… — мямліць Пяльмень. — Нечага ж звёў нас з табою лёс. Ты мне тут пра ворагаў далдоніш.
— Ворагі, Пяльмень, не самыя кепскія настаўнікі.
— І чаму яны цябе навучылі? — недаверліва касавурыцца Пяльмень. Твар у яго шэры і стомлены. У вачах сум, блізкі да адчаю.
— Пусты ты чалавек, — абразліва цэдзіць праз зубы Мелеш. — Відаць, гэтая твая гадзюка высмактала з цябе апошні твой розум.
Пяльмень усхвалявана падаецца наперад і, заікаючыся, выціскае:
— А вось гэта не твая справа, Мелеш. Малоць языком ты здатны, але гаварыць — гэта адно...
— Гаўнюк! — рэзка спыняе яго Мелеш. — Ты спярша сам навучыся па-людску жыць, а потым іншых вучыць будзеш.
— Не вучу я цябе, Мелеш, — апраўдваецца Пяльмень. — Проста ты…
— А ты не? — зрываецца на крык Мелеш. — Ты таксама…
— Не грузі, дай сказаць. Людзі для таго і людзі, каб дапамагаць адно аднаму. Адзін я ў гэтым свеце…
Усталёўваецца працяглая нерухомая цішыня. Чутныя толькі іх цяжкія перарывістыя дыханні.
— І лесвіца, Мелеш, адна… Для ўсіх… — парушае маўчанне Пяльмень.
— Лесвіца? Якая яшчэ лесвіца? — недаўменна пазірае на яго Мелеш.
— Тая, па якой мы з табой кожны дзень падымаемся, — неўразумела тлумачыць Пяльмень.
— У краму? — абразліва моршчыцца Мелеш.
— Не важна куды, — не звяртае ўвагі Пяльмень. — А гэта значыць…
— Што гэта значыць?
— Гэта значыць, што ёсць дзве дарогі: наверх і ўніз. Мы з табой, Мелеш, абралі лягчэйшую. Мы — валацугі!
— Ах ты дрэнь!.. Хто табе замінае жыць інакш?
— Хтоцкі, — рэзка спыняе яго Пяльмень.
— Гаўно гэта ўсё, — цынічна ўсміхаецца Мелеш.
— Што не гаўно, па-твойму?
— Я!.. Мая індывідуальнасць.
— Індывідуальнасць? Твая? Не смяшы! — недаверліва пазірае на яго Пяльмень. — Індывідуальнасць, Мелеш, і ёсць тая глеба, на якой прарастае людская нянавісць. Людзям наша шэрасць падабаецца.
Усталёўваецца працяглая паўза.
«Няўжо я і сапраўды чалавек скончаны? — імкнецца зазірнуць як мага глыбей у сябе Мелеш. — Няўжо я і сапраўды дайшоў да краю?»
Ён адчувае нікчэмнасць гэтых пытанняў. Ад іх смярдзіць правільнасцю, якой ён ніколі не прытрымліваецца. Ад іх хочацца вымыць рот з мылам. Мінулае — вось скуль растуць гэтаму ногі. Вось дзе зарыты сабака. «Але чаму тое мінулае, прасякаючы ў мяне, толькі павялічвае маю нікчэмнасць, чаму яно напаўняе жыццё ілжывым зместам?» — выпытвае ён у сябе і не знаходзіць на гэтыя пытанні адказаў.
— Бо немагчыма схавацца за сваёй безыменнасцю, Мелеш, — прасочваецца да яго аднекуль здалёк голас Пяльменя. — Жыццё — гэта рух наперад.
— Жыццё — гэта ланцуг з неразумных учынкаў.
— Правільна. А ты спрабаваў выкінуць з гэтага ланцуга хоць адно звяно? — настырна выпытвае Пяльмень.
— Слухай, ты, я не сабака, каб на ланцугу сядзець.
Ён злуецца, распырсквае сліну. Ён спрабуе знайсці патрэбныя для апраўдання словы, хоць даўно ўжо перакананы: нічога іншага, акрамя як і надалей плыць па цячэнні куды вынясе, жыць ілюзіямі, надаючы ім міфічную афарбоўку сапраўднага жыцця, хварэць на настальгію па нязбыўным і недасяжным, уласцівую хіба што толькі вар’ятам, у яго не засталося ўжо. І ўся гэтая штучная прыналежнасць да нечага важнага, якое яшчэ толькі павінна адбыцца, — усяго толькі выратавальная саломінка, за якую ён усё яшчэ трымаецца, выдатна разумеючы, што некалі і яна не вытрымае цяжару гэтай яго няшчырасці…
3
Заплюшчваю вочы і бачу ноч. Затыкаю вушы і слухаю вечнасць. Маё цела насычанае невядомай мне па таксічнасці атрутаю. Маё ўнутранае «Я» напружанае ў чаканні нейкага здарэння. Будучыня — вось што мяне зараз цікавіць. Будучыня і думкі! А іх няма. Розум маўчыць, а памяць спіць. Але як мне без думак? Гэта праз іх мне падуладныя любыя капрызы. Гэта праз іх я спасцігаю неспасцігальнае. І не важна, што жыццё напоўненае журботнасцю і пустэчай, я таму, можа, і бадзяюся па свеце, каб спазнаць яго ва ўсіх праяўленнях, каб знайсці сябе, а праз сябе і Яе, бо калі ў мяне нешта яшчэ і засталося, дык гэта Яна. І ўсе мае нязручнасці — усяго толькі нязручнасці. Існуе нешта іншае, больш вартае і значнае. Што?.. Гэта я і хачу спазнаць.
Люська для мяне — з’ява анамальная. За той працяглы прамежак часу, што мы з ёю разам, я так і не дакапаўся да ісціны. Аналізуючы вытокі сваёй любові да гэтай жанчыны, напрыклад, чаму захапляюся яе прыцягальнай звычайнасцю, бо назваць Люську прыгажуняй не паварочваецца язык, чаму люблю назіраць, як яна да занудлівасці старанна расчэсвае свае густыя чорныя кудзеры, гадзінамі прастойваючы ля люстэрка, чаму пакорліва выслухоўваю яе нестамляльную, напоўненую вядомым толькі ёй адной сэнсам балбатню, я заўсёды прыходжу да адной і той жа высновы: Люська — адзіная з маіх шматлікіх знаёмых, хто чакае ад мяне ўчынкаў. Астатнім да лямпачкі, як я жыву. А ёй — не. Жыць і ведаць, што сярод усёй гэтай грамады выпадковых людзей ёсць і неабыякавыя да твайго лёсу — вялікі стымул. Гэта якраз і дапамагае мне выжываць, бо любыя ўчынкі, перакананы я, маюць сваю прычыну. Бо любая дробязь можа цалкам змяніць наша жыццё. А таму мне нічога не застаецца, як і надалей «вылазіць са скуры», даказваючы ёй сваю перавагу над астатнімі залётнікамі.