Выбрать главу

— Чалавек — асоба маральная, а ты, Цюша… Ты — макака! — падводзіць яна рысу пад нашай размовай.

Адварочваюся, абы толькі не глядзець праўдзе ў вочы. І ўсё ж пасаваць перад ёю не з рукі, не па-мужчынску, таму цынічна выціскаю:

— Не ўсе ж так умеюць прыгожа ўсміхацца. Выходзіла б ты лепей замуж.

— За каго? — насцярожана ўздымае яна вочы. Гачок заглынуты. Цяпер мая чарга здзеквацца:

— А за каго хочаш…

Які я ўсё-такі зануда!

Камячок попелу валіцца ёй на джынсы. Яна не страсае яго. Здаецца, нейкая хвіліна — і з вачэй пырснуць слёзы. Але словы сказаныя, яны застылі ў паветры кропелькамі яе нявыплаканых слёз.

— Ц-цюш-ша, — заікаецца яна, пагардліва аблізваючы губы, — я стамілася ад тваёй дурноты. Паспрабуй, коцік, пажыць без мяне. І не турбуй мяне, калі ласка, сваімі дакучлівымі тэлефоннымі званкамі. Дамовіліся?

Каб не чуць гэтых крыўдных слоў, не трэба ні да каго ўсур’ёз прывязвацца. Цяпер гэта я ведаю дакладна.

Адрываюся ад успамінаў і лезу ў кішэню за здымкам. «Ты тут таму, што я хачу на цябе паглядзець», — нахабна скалюся я. Немата негатыва матэрыялізуецца, і мы некалькі хвілін глядзім адно аднаму ў вочы, потым я рву здымак напалам. «Макака!» — шэпча мне Люська тонкімі сфатаграфаванымі вуснамі. Хвілінку вагаюся, потым хаваю рэшткі ў кішэню. «Відаць, старыя здымкі для таго і прызначаны, каб ім можна было выказаць усе свае крыўды і не пачуць у адказ абразлівых і здзеклівых слоў ад тых, каго мы дасюль усё яшчэ кахаем...» — думаю я і накіроўваюся ў горад.

4

Вуліца, якою ён крочыць, знаёмая яму з дзяцінства. Ён здольны прайсці яе ўсю, ад пачатку да канца, нават з заплюшчанымі вачыма. Гэта на ёй жыве тая, дзеля каго ён прыйшоў сюды. Праўда, належнага задавальнення ад гэтага ён не адчувае. Ім авалодвае шчымлівае разбуральнае хваляванне, якое нават хваляваннем цяжка назваць, якое можна параўнаць хіба толькі са страхам. Напэўна, гэта і ёсць страх — страх застацца ў чарговы раз незразуметым, а значыць, адрынутым той, якую ён усё яшчэ кахае. І пачуццё гэтае мацнейшае за ўсё астатняе. Яно правацыруе яго на неадэкватныя ўчынкі, яно пажырае яго знутры, выкручвае цела, нібыта бялізну, не пакідаючы месца для радасці. Але надзея — рэч наіўная. У яе хочацца верыць нават тады, калі верыць у яе небяспечна. Яна, нібы той наркотык, спачатку спакушае, а потым трымае ў залежнасці. Нягледзячы ні на што, ён усё яшчэ жывы надзеямі.

Гэта яго горад. І не важна, што існуе шэраг прычын, каб не любіць яго. Гэты горад і не патрабуе ад яго нейкай любові. Ён жыве незалежна ад нечых настрояў. Мелеш сумна ўзіраецца ў фасады пустых жылых будынкаў і думае пра бессэнсоўнасць людскіх пакут, пра тую людскую сапсаванасць, якая замінае ім жыць нармальна. Недзе глыбока ў свядомасці выспявае даўно ўжо вар’яцкая ідэя развітацца з гэтым неразумным і непатрэбным жыццём — заплюшчыць вочы, каб раз і назаўсёды пазбавіцца ад гэтага спакуслівага жадання жыць. Магчыма, ён так некалі і зробіць, калі будзе ведаць, як тое зрабіць. А зараз…

Вуліца бязлюдная. Недзе ў аддаленні, на адцінку некалькіх дзесяткаў крокаў, ля пад’езда аднаго з даваенных жылых будынкаў ён бачыць двух маладых людзей. Яны таксама заўважылі яго. Дзяўчына падазрона касавурыцца. Яе тварык праменіцца зразумелым толькі ёй адной задавальненнем. «Каханне — занадта вялікае пачуццё для адных толькі пацалункаў, — думае Мелеш, пазіраючы праз дзяўчыну ў глыбіню расчыненых дзвярэй. — Не агаляйце сваіх пачуццяў, не выстаўляйце напаказ сваё шчасце — украдуць», — хочацца папярэдзіць яму гэтых наіўных, па ўсім відаць, маладых людзей. Ён спыняецца, каб агучыць гэтыя думкі, але ў апошнюю хвіліну перадумвае і крочыць далей. Дом, да якога ён накіроўваецца, выразна вымалёўваецца наперадзе. І яму бачны яго чырвоны чарапічны дах.

Пра тое, што бацька косіць сабакам сена, Мелеш даведаўся ўпершыню ад суседскага Лёшкі. З таго, што наплёў яму гэты пыхлівы задзірака, ён нічога не зразумеў, акрамя хіба толькі няскрытых намёкаў на сваю непаўнавартасць. І для таго каб дацяміць да гэтага, хапіла аднаго толькі слова. А наколькі яно было крыўдным і брыдкім, ён улавіў па той інтанацыі, з якой вымаўляў яго Лёшка: праз зубы, са шчырай хцівасцю, штурхаючы ў плечы:

— Байструк!

У голасе хавалася столькі абразлівасці і гідлівасці, што ён, не раздумваючы, кінуўся на Лёшку з кулакамі. А той, нібыта толькі таго і чакаў, збіў яго з ног і, асядлаўшы, прыціснуў цяжарам цела да зямлі. Мелеш злаўчыўся і вывернуўся. Некалькі хвілін яны валтузіліся ў поўным маўчанні, учапіўшыся адзін аднаму ў валасы. Але прадказаць, хто над кім возьме верх, няцяжка было з самага пачатку. Задыхаючыся ад пагарды, невядома з якіх крыніцаў абуджанай у ім, Лёшка ўсім целам крутануўся і, апынуўшыся наверсе, пераможна прашыпеў: