Выбрать главу

— Жры, байструк!.. Жры!.. Жры!

— Адпусці, — задыхаючыся папрасіў Мелеш.

— Жры, байструк! Жры! Жры! — азвярэла тыцкаў яго тварам у пясок Лёшка, распырскваючы са слінаю сваю злосць.

Пераканаўшыся ў неаспрэчнай яго перавазе, Мелеш адмовіўся ад далейшай барацьбы, прыціх і пачаў пакорліва чакаць той хвіліны, калі Лёшка, нарэшце, здаволіцца. Аднак той нібы сарваўся з ланцуга. Запэцкваючы вопратку саплямі, якія ліліся з яго носа няспынным ручаём, ён малаціў Мелеша па чым пападзе кулакамі, і разлічваць на нейкую паблажлівасць не даводзілася. Мелеш адчуваў, як пруцянее ад гэтых удараў цела, як паступова пераўтвараецца яно ў камень, і ад безвыходнасці плакаў. Угаманіўся Лёшка толькі пасля таго, як пусціў яму з носа юшку. Кроў, па ўсім відаць, выклікала ў яго страх, бо на тым бойка і скончылася. Не падаючы выгляду, што спужаўся, ён выцер няспешна аб калашыны зашмальцаваных штаноў рукі і дзелавіта сплюнуў праз шчарбіну.

— Будзеш цяпер ведаць, байструк!

Сказаў і няспешна рушыў прэч. Мелеш гэтага не бачыў. Ён ляжаў ніцма, уткнуўшыся тварам у пясок, і бязгучна плакаў. Яму здавалася, што варта будзе толькі ўзняць галаву, і Лёшка зноў накінецца на яго з кулакамі. Праз некаторы час, калі боль суцішыўся, ён падняўся з зямлі і агледзеўся. Змяркалася. Халоднае сутонне апусціла неба настолькі нізка, што здавалася, яно чапляецца за пляскатыя чарапічныя дахі прыземістых будынкаў. Выламаная з маўклівай прасторы ненатуральнасць панурага наваколля чорнымі выгінамі ўгрызалася ў замерзлае, скамянелае цела вуліцы. Недзе пад гэтым панурым небам маглі б назаўжды застацца і сляды яго нядаўняй ганьбы, сцёртыя восеньскай непагаддзю. Але дарма ён на тое разлічваў. Крыўда моцна ўкаранілася ў яго свядомасці, і пазбавіцца ад яе цяпер было немагчыма. Ён шмыгнуў носам і выцер твар рукавом бруднай кашулі. Паўзіраўшыся некалькі хвілін вакол сябе і, нікога не згледзеўшы, паплёўся праз двары дахаты. Незаўважна пракраўся ў прыбіральню, зачыніў дзверы на зашчэпку і зірнуў на сябе ў люстэрка. Адтуль глядзеў незнаёмы хлапчук — мурзаты, з разбітым акрываўленым тварам. І яму захацелася разбіць гэтае люстэрка. Ён нават замахнуўся, але рука так і павісла ў паветры. Такое жаданнне будзе ўзнікаць яшчэ неаднойчы, бо кожны раз у люстэрку, ён будзе бачыць сваю непаўнавартасць. А ў тыя хвіліны, каб стрымаць крыўду, ён заплюшчыў вочы і, сціснуўшы да болю кулакі, ціхенька прашаптаў, не разумеючы сэнсу сказанага: «Я заб’ю яго!».

Праз некалькі хвілін ён выслізнуў з прыбіральні і незаўважна залез пад коўдру. Аднак схаваць сінякі ад дапытлівых маміных вачэй не атрымалася. І не важна, што яна не падала выгляду. Каб не глядзець ёй у вочы, ён адвярнуўся да сцяны. Мама села побач і доўга сядзела моўчкі, цярэбячы яго густую вільготную чупрыну.

— А праўда, што наш тата… — пачаў ён няўпэўнена, імкнучыся прасачыцца ў гэтае зацягнутае да суму маўчанне.

— Што — праўда? — перапыніла яна яго напаўслове, нібыта здагадаўшыся, аб чым ён збіраецца запытацца.

— А праўда, што наш тата сабакам сена косіць? — выдыхнуў ён і рэзка павярнуўся, зазірнуў у вочы з наіўнай несхаванай надзеяй на тое, што гэта не так. Мама датыкнулася далонню да яго гарачай вільготнай шчакі і, нахіліўшыся, пацалавала ў вусны. І ён адчуў, як здрадніцкі ўздрыгнулі яе пальцы.

— Лёшкавы фокусы?.. — запытала яна ціха. — Што ён табе яшчэ наплёў?

— Ён абзываў мяне байструком…

— Гэта ўсё?

— Не… Цябе ён таксама называў байстручкаю... Ён сказаў, што ўсе мы Малаткі — дзеці блуду, што гэты блуд у нашай крыві…

— Дурань твой Лёшка, — выціснула сумна мама і паабяцала: — Заўтра я надзяру яму задніцу.

— Мама, а чаму нас усе Малаткамі называюць? — заўпарціўся ён.

— Хто — усе? Лёшка?

— Усе! — закрычаў ён у запале.

— Так ужо і ўсе, — сумна ўсміхнулася мама і ўсё ж патлумачыла, як сама тое разумела: — Пэўна, таму што працяглы час мы жылі ў Молатаве. Гэта далёка ў Расеі. Некалі быў такі горад.

— Чаму — быў? — назойліва дапытваўся ён.

— Таму, што ты яшчэ маленькі, і таму, што табе самы час класціся спаць, — сумна зазначыла яна, аднак, пачакаўшы, дадала: — Бабуля твая там у заробках была. І я там нарадзілася.

— Байстручкаю?