— Кайфуеце, гады! — падступае ўсутыч ён да загарадкі з чорнамордай малпай. — Чаго вылупілася, Чыта?!
Жывёліна ўзбуджана ўзвізгвае, зрываецца з месца і робіць некалькі палахлівых кругоў па загарадцы. Фёца расплываецца ў вар’яцкай усмешцы:
— Разумее, гад?!
Палахліва зіркаю на адміністратара, потым на старую макаку і ўсміхаюся… З Фёцы… А той ваяўніча ўздымае руку, і жывёліна зноў пачынае гойсаць па цеснай загарадцы. Ёй напляваць на нас, на адміністратара і на тое, што ў нас з учарашняга дня не было ў роце макавай расінкі.
— Фёца, даражэнькі, звальваем, — занудліва прашу я.
Малпа спыняецца і дэманстратыўна паказвае мне сваю чырвоную задніцу.
— Ах ты гад! — замахваецца Фёца.
Азіраюся. Недамерка ад нас аддзяляе некалькі крокаў. Чую яго частае дыханне і злосна лямантую:
— Фёца, перастань!
Наша мітусня канчаткова выводзіць малпу з сябе, і яна ваяўніча кідаецца на нас. Рашотка выгінаецца пад цяжарам яе цела.
— Злуешся, гад! — скаліцца Фёца.
— Ахова! Ахова! — чую я за плячыма хрыпаты голас недамерка. — Хто вас пусціў сюды, га?
Адміністратар хапае Фёцу за каўнер і цягне да вагончыка. Там, як я здагадваюся, знаходзіцца ахова звярынца.
— Хто вас пусціў сюды, га? Ахова! — гукае некуды ў пустату недамерак. — Вы што, зусім таго ўжо?! — круціць ён указальным пальцам ля скроні.
Трашчыць па швах Фёцына кашуля. І я кідаюся сябру на дапамогу. Недамерак не вытрымлівае майго націску і адпускае Фёцу.
— Ахова! Міліцыя! — лямантуе ён як ашалелы.
— Перастаньце! — рашуча загадваю я. — Што вы заладзілі: ахова, міліцыя? Што мы зрабілі кепскага? Што?
— Што зрабілі кепскага? Не, вы толькі зірніце на гэтых разумнікаў! У іх яшчэ паварочваецца язык пытацца! — здзіўляецца недамерак. Мы маўчым, і яго ваяўнічасць пакрыху згасае. Тады мы смялеем і пачынаем апраўдвацца. Недамерак пераконвае нас прыкладамі.
— У адным звярынцы такому ж, як вы, адшчапенцу, бабуін у запале выбіў зуб, — займаецца ён нашым сумленнем. — Той, як і вы, забаўляўся тым, што раздражняў жывёліну, кідаючы ў яе каменьчыкі. Бабуін наблізіўся да рашоткі і трапным баксёрскім ударам адправіў веселуна ў накаўт. Ачухаўся ён толькі ў медпункце, дзе лекары і наклалі яму на губу швы.
Спрабую ўявіць Фёцу на месцы таго хлопца, і мяне разбірае вар’яцкі смех. Недамерак збянтэжана пяліцца на мяне.
— Ён жа забіць яго мог! — тлумачыць ён мне.
— Уяўляеш, Віцёк, — падміргвае змоўніцкі Фёца, — малпы забіваюць у людзях людзей! Клас! Не вешай локшыну! Колькі малпу не кармі, чалавекам яна ўсё роўна не стане.
— Што вы ведаеце пра гэта, саплякі? Малпы нашмат разумнейшыя за людзей, — абураецца недамерак.
— Хто б стаў спрачацца! За прыкладамі хадзіць далёка не трэба, — здзекліва ўсміхаецца Фёца.
— Прэч! Прэч!
Відавочна, гэтая сутычка скончыцца для нас кепска. Рашуча накіроўваюся да выхаду, і Фёца нехаця валачэцца следам. Як толькі вароты за намі зачыняюцца, з палёгкай уздыхаю. Адміністратар яшчэ некалькі хвілін пагардліва пазірае ўслед і вяртаецца да офіса. Нам жа спяшацца няма куды. Мы спыняемся ля рэкламнай тумбы і лезем у кішэні за цыгарэтамі. Так вось заўжды: блёнтаешся абы дзе, нешта шукаеш, нервуешся, а шчасце — вось яно, у цябе пад носам. Разуйце вочы:
«Вы ўсё яшчэ шукаеце работу? Звяртайцеся да нас, і мы дапаможам вам».
Гэтую абвестку я заўважаю зусім нечакана. Першы радок выдзелены тлустым шрыфтам, астатнія амаль сцерліся. І ўсё ж нумар кантактнага тэлефона і прозвішча чалавека, якому трэба тэлефанаваць, яшчэ можна прачытаць. Чытаем і адчуваем невытлумачальнае хваляванне. Відавочна, што тут умяшаўся сам лёс.
— Аляксей Міхайлавіч! — разгублена пазірае на мяне Фёца. — Віцёк, гэта — сон? Не маўчы, Віцёк?!
— Зваць — як цара, Аляксей Міхайлавіч, — недаверліва моршчу лоб і прадчуванне вялікай небяспекі сціскае сэрца. — Не веру я гэтаму. Лухта ўсё! Ведаеш, колькі такіх фірмаў я аблазіў? Самае большае, што яны могуць нам прапанаваць, гэта пасаду агента па продажы парфумы ці нейкай іншай дробязі, і то пры ўмове, што тавар мы набудзем за свае грошы. А скуль іх узяць? Не, такая праца нам не па кішэні. Не верыш? Патэлефануй.
— Патэлефануй! — перакрыўляе мяне Фёца. — А тэлефон дзе ўзяць?
— Не ведаю. Мой адключаны за даўгі, — вінавата паціскаю я плячыма.
— Мо ў яго папросім? — ківае Фёца на недамерка.
— Яшчэ чаго. Пайшоў ён!
Фёца здзірае з тумбы абвестку і акуратна складвае ўчацвёра, потым хавае ў кішэню. Я здзіўлена сачу за кожным яго рухам.
— На ўсякі выпадак, — тлумачыць ён.