Мы накіроўваемся ў горад. Куды? Фіг яго ведае, куды.
Мне ўзгадваецца Люська. Абрыўкі ўспамінаў сяк-так злепленыя з расплыўчатых і несапраўдных фрагментаў матэрыялізуюць яе твар.
— Макака! — прарываецца яна да мяне пакрыўджаная.
— Я не макака, — нахабна скалюся я і бачу, як макрэюць ад крыўды яе вочы. — Я — бабуін!
— Ты — скончаны чалавек!
— Так, я — скончаны чалавек.
— Віцёк, ты зноў начаваў у лесе? — вяртае мяне да рэальнасці Фёца.
— Табе якая справа?.. — зіркаю на яго незадаволена.
— Цікава проста. Што цябе цягне туды?
— Радзіма мая там, — недарэчна жартую я. — Усе мы нарадзіліся ў лесе.
Фёца — чалавек бывалы, з прэтэнзіяй на інтэлігентнасць. Яму пад трыццаць, хоць з выгляду таго і не скажаш: сухі, лахматы, вочы цёмныя, мужыцкія, шрам на левым брыве і твар неголены. Адразу відаць — маху не дасць. Калі я раблю яму заўвагу наконт яго знешняга выгляду, ён жартуе:
— Іудзеі таксама не галіліся, страшыліся кроў сабе пусціць. Па іх разуменні, пусціць сабе кроў — значыць памерці.
— Ты адкуль ведаеш? — здзіўляюся з яго і лаўлю сябе на думцы, што сябраваць з гэтым чалавекам цікава.
— Вушы маю. І вочы.
— Фёца, а ты як лічыш, каго больш на свеце: добрых людзей ці такіх, як мы з табою?
— Усе людзі аднолькавыя.
— Як гэта?
— А так гэта. Адны ствараюць праблемы, іншыя расхлёбваюць іх, — спыняе мяне рэзка. — Людзі — яны як людзі, калі яны людзі. Я на іх паблажлівасць не разлічваю. Я з гэтым светам даўно сам-насам.
Ён замаўкае і запытальна глядзіць на мяне. Позірк у яго у гэты момант фальшывы, нібыта ў Іуды. Прыслухоўваюся, якімі па сэнсу будуць яго наступныя словы.
— Я — не квадрат, Віцёк, каб быць правільным. Мне іншы раз здаецца, што ўсё, што я раблю, усё, чым займаюся, усё гэта непажадана Богу. Бог любіць пакорлівых! А ў мяне канфлікт з грамадствам. Я не разумею людзей, а яны не разумеюць мяне.
— Хіба такое магчыма?
— Напэўна, не, — нечакана згаджаецца Фёца. — Але гэта якраз вымушае мяне замыкацца на сабе і жыць не так, як жывуць астатнія. Лічыш, што я паганы чалавек? — ён хвілінку маўчыць, потым сам адказвае: — Можа і паганы, толькі што мне да таго, што ты так лічыш. Лічыш — лічы, гэта твае праблемы. Я да цябе ў сябры не набіваўся. Хочаш начыстату?
— Вядома, для таго мы і размаўляем, каб між намі яснасць хоць якая была.
— Ты мне тут пытанні розныя задаеш, але Бог з ім. Сам ты, Віцёк, хто? Сябе ты да якой катэгорыі далучаеш?
— Я? — перапытваю збянтэжана.
— Ты, ты! — запытальна ўзнімае вочы Фёца, нібыта выкленчвае позіркам мой адказ.
— Зло, Фёца, мною ўчынена. Грэх я нашу на сэрцы, — вымаўляю дрыготкім голасам.
Яго твар пакрываецца ружовымі плямамі.
— Які яшчэ грэх? — недаверліва глядзіць ён на мяне.
— Здрада.
— Каму здрадзіў?
— Сабе...
— Дзівак! Са мною таксама такое бывае. Нойдзе нешта, і пачынаеш калупацца ў сабе, выяўляць некага больш чыстага, які вымушае каяцца. Не, Віцёк, ідэя дасканаласці для чалавека недасяжная.
— Табе сны сняцца? — нечакана пытаю я і, каб не паказваць перад ім сваю слабасць, апускаю вочы.
— Сны? — марудзіць з адказам Фёца. — Раней не сніліся, а пасля таго як з працы звольнілі, пачалі сніцца.
— За што звольнілі?
— За праўду, — асцярожнічае Фёца.
Гляджу на яго і маўчу, ведаю, нічога болей з яго не выцягнуць.
— Дождж пэўна будзе, — перахоплівае ён мой засмучаны позірк.
І сапраўды, цені робяцца расплыўчатымі. Чутна, як мітусліва вошкаюцца ў дрэвах птушкі. Неба цямнее. Пачынае накрапваць дожджык. А ў нас ніякіх планаў, мы нават не ведаем, куды нам падзець сябе. А што можа быць яшчэ горшага для двух валацуг, адрынутых грамадствам?
6
Ад праезджай часткі будынак аддзяляе высокая шчыльна збітая з дошак агароджа. Мелеш перасякае вуліцу і спыняецца ля зачыненай жалезнай брамы. Хвіліну вагаецца, потым торкае засаўку. Дверцы адчыняюцца, суха клацнуўшы завесамі. «Усё, чаго я дасягаю, дасягае мяне», — думае ён, услухоўваючыся ў цішыню. Адчуванне таго, што за ім нехта сочыць, не пакідае яго ні на хвіліну. Інтуіцыя ніколі не падводзіла яго. Ён мітусліва азіраецца і заўважае непадалёку няпэўны сілуэт. Празмерная запаволенасць і ненатуральнасць рухаў выклікаюць недавер да ўбачанага. «Тэрэза?!..» — вагаецца ён, намагаючыся намаляваць у памяці жанчыну, пра якую думае, такою, якою яна была, калі яны разышліся. З расплыўчатай прывіднасці да яго далятае ціхі пяшчотны голас. Яе голас. Мінулае матэрыялізуецца, і выцерабленая чаканнем усмешка ўпрыгожвае жаночыя вусны. Ён узіраецца ўглыб гэтай бязлюднай вуліцы, туды, дзе на адцінку некалькіх дзесяткаў крокаў, нібыта і сапраўды пільнуючы яго прыход, застыла ў чакальнай позе нечая постаць і ціха кліча: