Непаладкі, з-за якіх нібыта адбыўся наезд, былі дробязнымі. Ён таму і належнай увагі ім не надаў, бо падумаеш — асвятленне адсутнічала. Гэта ж не тармазы, ды і ехаць яму не паначы. А да гаража ён без асвятлення паціху дабярэцца. І ўсё ж ён не вытрываў, раскруціў панэль, праверыў праводку, але непаладку да канца не выправіў. Стала змяркацца, і ён вырашыў дарма не губляць час.
На праезджай частцы дачка апынулася нечакана, выслізнула з прыцемку пад’езда. І адбылося гэта ў той момант, калі ён пад’язджаў да свайго дома. Са слоў Тэрэзы, Янка бегла сустракаць яго, а ён яе не заўважыў. Здаецца, і хуткасць была невялікаю, і тармазы не падвялі, а вось асвятленне адсутнічала. На пытанне, чаму пяцігадовае дзяўчо апынулося ў такі позні час на вуліцы адно, без дагляду дарослых, ніхто ўразумелага адказу яму не даў. Ды і не да таго яму было. Моцнага ўдару ён не адчуў. Рэзка павяло ўбок руль і кінула, як на выбоіне. Ён выскачыў з машыны. Дачка ляжала ля бардзюра, на брудным, бліскучым ад нядаўняга дажджу асфальце. Ён падхапіў яе на рукі і, як ашалелы, не ўсведамляючы, што робіць, подбегам кінуўся да пад’езда. Ён адчуваў на руках гарачую ліпучую вадкасць і бязгучна плакаў.
— Ведаеш, чаму я выйшла за цябе замуж? — спыталася ў яго Тэрэза адразу ж пасля памінальнай вячэры, калі разышліся родзічы. Памаўчала хвілінку і, не стаўшы чакаць адказу, з прыкрасцю адказала сама: — Таму, што я спадзявалася, што мы з табою аднолькавыя, Мелеш. Ты гадаваўся без бацькі, і я таксама...
— І што з таго? — паглядзеў на яе здзіўлена.
— Я палічыла, што мы з табою — дзеці кахання, а не дзеці нянавісці. І таму, што б ні пляткарылі, мы з табой, Мелеш...
— Дзеці блуду, — прадоўжыў ён цынічна, нават не спрабуючы хаваць у вачах металічны бляск, той, што застаўся яму ад састарэлых крыўд, ад той колішняй бойкі з Лёшкам. — Мы нарадзіліся насуперак усякаму цвярозаму разліку. Мы — вынік выпадковай кровазмяшальнай сувязі. Гэта ты хочаш сказаць?
— Не, не гэта, Мелеш, — не звяртаючы ўвагі, заспяшалася яна. — Я палічыла, што твае родзічы не пакрыўдзяць мяне ніколі. Хаця б з-за таго, што ты таксама байструк. А ты і тым больш. Бо хто, як не ты, ведае сапраўдны кошт гэтаму крыўднаму і разбуральнаму слову?
— Якому? — недаверліва спытаўся ён.
— Байструк! — паўтарыла яна.
— Не выбівай слязу, — кінуў ён у запале. — Я табе не веру.
— Я табе таксама.
Ён міжволі ўздрыгнуў. Яе словы былі прасякнутыя наскрозь крыўдаю і пагардай.
— Чым жа я не дагадзіў табе, га?
— Ты, Мелеш, — чалавек з заплюшчанымі вачыма.
— А вы, жанчыны, усе аднолькавыя. Выходзіць, ты мяне ніколі не кахала? Выходзіць, ты мяне…
— Кахала, — рэзка спыніла яго Тэрэза. — Але аднойчы маё каханне памерла. Жарсць і каханне — розныя рэчы. І аднойчы людзі насычаюцца жарсцю.
Такое ён аднойчы чуў ужо ад маці.
— Што ж тады ўтрымлівае іх?
— Нешта іншае, больш вартае і значнае, чым жарсць…
— Не зразумеў. Патлумач.
Яго цынічнасць не мела межаў.
— Не ведаю. Адказ на гэтае пытанне мы павінны былі знайсці з табой разам. Ва ўсякім выпадку, я спадзявалася, што ўдваіх гэта зрабіць будзе куды лягчэй. Магчыма, гэта любоў да нашых дзяцей, якіх у нас з табой ніколі не будзе. Магчыма, нешта іншае.
— Але мы можам усынавіць некага, — здагадаўшыся, на што яна намякае, заспяшаўся Мелеш.
— Некага? — з’едліва ўсміхнулася Тэрэза. — Ты — у турму, а я адна, з дзіцём на руках?
— З турмы людзі некалі таксама вяртаюцца.
— Некага. Некалі… Што ты заладзіў? Не, Мелеш. Не хачу я, каб той хлопчык ці тая дзяўчынка, якіх ты збіраешся ўсынаўляць, паўтарылі нас з табою. Пасля смерці Янкі я цвёрда вырашыла: не жыць нам з табою ў адным доме. Цесна нам у ім... Разумееш, Мелеш, цесна. Дзецьмі мы часта гулялі ў адну просценькую гульню: прывязвалі да нітак кансервавыя бляшанкі, праз якія, як праз тэлефоны, імкнуліся дакрычацца адзін да аднаго… Нам здавалася, што нашы галасы перадаюцца па гэтых нітках. І, як гэта ні дзіўна, мы дасягалі мэтаў. Бо ў нашых сэрцах жыла вера. Мы ж з табою не дакрычаліся адно да аднаго. Нітка нашага паразумення парвалася. Калі? Я і сама не ведаю, калі. Разумееш?