— Віцёк, пакладзі батон на месца.
Цела абдае жарам, і я мітусліва кручу галавой. Адчуваю, як дзесятак пар дапытлівых вачэй распранаюць мяне дагала. «Засёк! А што, калі не ён адзін?»
— Віцёк, пакладзі батон на месца, — злосна паўтарае Фёца.
— Я не браў ніякага батона, — упіраюся я.
— Віцёк, прашу цябе, — ціха прамаўляе Фёца і, не азіраючыся, крочыць да касаў. Мне нічога не застаецца, акрамя як вярнуцца. Шлях да хлебных паліцаў жахліва доўгі. Выцягваю з-за пазухі духмяны бохан і тройчы шкадую, што прыйшоў у гэтую краму. Напэўна, пачуццё сораму мацнейшае за голад. І красці нашмат лягчэй, чым вяртаць украдзенае.
Фёца чакае мяне на вуліцы.
— Ведаеш, што спакушае людзей?
Маўчу…
— Сквапнасць! — адказвае ён. — І дурасць! Мы часта перабольшваем свае здольнасці і магчымасці. Вось і ты палічыў, што за табою ніхто не сочыць.
Патупляю вочы. Што мне сказаць у апраўданне? Калі сумленне маўчыць, значыць яно адсутнічае зусім. І калі ў Фёцы праблемы з грамадствам, то ў мяне яны яшчэ і з самім сабою.
8
Вуліца ўпіраецца ў рампу. Мелеш збочвае і ідзе ўздоўж яе. Прыстанцыйная тэрыторыя заваленая іржавымі жалезнымі бочкамі. Пра наяўнае змесціва іх можна здагадацца толькі па намаляваных на прасмоленых донцах жоўтых трохкутніках. Надпісы на лацініцы і людзям недасведчаным — незразумелыя. Магчыма, ад цікавасці, а магчыма, наадварот, ад нядбайнасці, крышкі на некаторых бочках сарваныя, і адтуль на волю вырываецца спецыфічны смурод, які і насычае сваімі пахамі без таго прагорклае, задымленае наваколле. Пад’ездаў да рампы ніякіх. Дарога, калі гэтае суцэльнае месіва можна лічыць дарогай, разбітая трактарамі. Яму нічога не застаецца, як ісці па ёй, не падазраючы, куды яна выведзе. На застаялых лужынах фіялетавыя мазутныя плямы. Яны надаюць вадзе іржавы кафейны колер. Адлюстраваныя ў ёй аблокі маюць несапраўдныя блакітна-іржавыя колеры. Ён абмінае гэтыя тлустыя астраўкі і крочыць у напрамку воданапорнай вежы. Недзе за ёю, як ён здагадваецца, пачынаецца прывакзальная плошча. Праз пэўны час ён выбіраецца з гіблага месца і перасякае чыгуначныя пуці. За воданапорнай вежаю пачынаецца асфальт. Стаіць пагодлівы дзень — той, калі прырода дарыць рэдкі па каляровай гаме набор фарбаў. Здаецца, што сонца паўсюль, але яно ўжо напалоханае ранішнімі прымаразкамі, таму нейкае несапраўднае, заімглёнае і абыякавае. «Міне яшчэ месяц, і ўсю гэтую прыгажосць з’ядуць шэрыя непагодлівыя дні. З’ядуць зусім, — шкадуе ён, палахліва азіраючыся. — А далей холад. І голад…» Ён адрываецца ад думак і глядзіць на гадзіннік. Да адыходу цягніка застаюцца лічаныя хвіліны. Яго змяіны хвост віднеецца воддаль, за чырвоным агеньчыкам семафора. Ён чуе занудлівае шыпенне і не спяшаецца. Ён так пакуль і не вырашыў канчаткова, ехаць ці застацца на дзень-другі ў горадзе. Пакідаць невырашанымі справы не хочацца. А можа ён толькі прыдумаў іх сабе, каб апраўдаць некаторыя свае ўчынкі? Інакш як можна растлумачыць гэтую яго марудлівасць? Калі гаварыць па шчырасці, то ён усё яшчэ спадзяецца сустрэцца з братам. Дома ён яго не застаў. На пытанне, дзе яго можна знайсці, суседзі здзіўлена паціснулі плячыма і нічога канкрэтнага не патлумачылі. Але нават з тых нешматлікіх і супярэчлівых тлумачэнняў Мелеш зразумеў, што Чыба даўно не жыве ў бацькоўскім доме, што працуе ён цяпер недзе ў прывакзальным рэстаране ці то бармэнам, ці то проста музыкантам. Гэты рэстаран ён і хоча наведаць, перад тым як пакіне горад…
— Мэн!.. Мэ-э-н!.. — кліча яго нехта.
Мелеш здзіўлена азіраецца. Голас падаецца яму знаёмым, і сыходзіць ён аднекуль з-пад зямлі. Але здзіўляе яго іншае: той хто кліча яго зараз, звяртаецца па мянушцы, колішняй, якая паходзіць ад яго імя і прозвішча, дакладней ад іх загалоўных літараў. Мянушка гэтая мала каму вядомая ў горадзе. Называць яго так мог толькі адзін Пяльмень. Але Пяльменя няма ўжо ў жывых, і яму падалося, што пасля яго недарэчнай смерці мянушка знікла з ужытку, забылася. Выходзіць, што не сцёрлася…
Здарылася гэта не так даўно. Вярнуўшыся з турмы, Мелеш валацужнічаў. П’янкі, сумніўныя кампаніі. Сяброў ў яго не было ніколі, а вось з Пяльменем сышоўся. З ім ён і ўляпаўся ў тую бойку, якая ледзьве не прывяла яго зноў за краты. А адбылося ўсё наступным чынам…
Ён выбіраўся з цяжка параненым Пяльменем з «Візувія», з гэтага прытулка гадаў і распусніц, з гэтага пажыўнога месца для ўсяго таго зброду, сярод якога ён таксама лічыўся сваім чалавекам. Бармэн, прытрымліваючы каленам дзверы, каб хлопцы незнарок не праслізнулі незаўважанымі, спяшаўся набіраць нумар тэлефона мясцовага аддзялення міліцыі, і марудзіць не выпадала. Мелеш з размаху ўсадзіў яму ў жывот насок свайго чаравіка і, узваліўшы на плечы бездапаможнае цела Пяльменя, штурхнуў плячом дзверы. Ён не бачыў скажонага болем мармуровага твару бармэна, ён не чуў істэрычнага ляманту нейкай звышэмацыянальнай маладухі — ён не любіў азірацца, ведаў, азірацца — кепская прыкмета. А ў прыкметы Мелеш верыў больш, чым у лёс. Яны хоць і з цяжкасцю, але ўсё ж выбраліся з горада. Пяльменя гэта не выратавала. Глыбокая нажавая рана, якую ён атрымаў у п’янай бойцы, аказалася смяротнай. Мелешу давялося тэрмінова мяняць свае планы. І хоць ён усё яшчэ спрабаваў ратаваць калегу, сілы таго былі на зыходзе.