Выбрать главу

— Не выжыву я... — надаедліва паўтараў ён без асаблівага шкадавання, спрабуючы нават усміхацца. — Ратуйся адзін, Мэн… Гэтыя бандыты нас і тут дастануць.

— Мэн? — здзіўлена перапытаў Мелеш. — Чаму — Мэн?

— МЭН — гэта значыць чалавек, а ты для мяне, Эдзік…

Думка абарвалася. Ён так і сышоў з жыцця з тайнаю. І ўсё, што засталося ад яго Мелешу, гэта тая мянушка. МЭН — чалавек?!

— Хацелася б ім быць… — раздражнёна прамямліў Мелеш, закрываючы памерламу павекі.

Ноччу з вартаўніком яны вырылі наўскрайку могілак неглыбокую ямку і прысыпалі памерлага зямлёй.

— Спадзяюся, ты ўмееш трымаць язык за зубамі? — сумна зірнуў на зляканага, прыціхлага вартаўніка Мелеш. Той прамаўчаў. На развітанне Мелеш усунуў яму ў кішэню дваццацідоларавую паперку і папрасіў:

— Памянеш небараку… Па-праваслаўнаму, як належыць…

— Мэн, ты?!

Мелеш зноў азірнуўся. Ля падземнага пераходу на невялічкай пляцоўцы перад уваходам ён заўважыў інваліда ў калясцы. Бязногі ўсміхаўся яму.

Людзей старыць не час, быў перакананы Мелеш, людзей старыць гора. Яно ператварае іх у безабаронных і непатрэбных нікому людзей, яно патрабуе да іх дадатковай спагады. Напэўна, таму ён і не пазнаў спачатку бязногага, бо ў той момант, калі інвалід усміхаўся, Мелешу падалося, што гэта скаліцца сама смерць… Але ён не мог здагадвацца, што бачацца яны з інвалідам у апошні раз, што ўсяго праз нейкую гадзіну гэты чалавек трапіць пад цягнік.

— Ме-е-ле-еш! Ку-у-у… — збянтэжана моршчыцца мужчына. Яго твар праменіцца радасцю і збянтэжанасцю. — Ку-у-у… Пацакі…

«Кін-дза-дза! — пазнае бязногага Мелеш. — Вядома, Кін-дза-дза! Пастарэў. Няўжо і я такі? Аднакласнікі як-ніяк…» Сказаць, што яны некалі сябравалі, не скажаш. З прычыны свайго характару Мелеш мала з кім сябраваў. І ўсё ж нешта яднала яго з гэтым «тупаром», як называлі Мішку ў школе аднакласнікі. Магчыма, падобнасць лёсаў — ён таксама гадаваўся без бацькі. Гэта Мішка ініцыятар той дзіўнаватай дзіцячай помсты, якую Мелеш учыніў над Лёшкам. Гэта па яго задумцы Мелеш забраўся на дрэва ля крамы і, схаваўшыся ў яго гушчары, абмачыў. Лёшку з вышыні, у прысутнасці сяброў, калі тыя вярталіся са школы. Гэта з Мішкам па заканчэнні школы ён падаўся паступаць у тэхнікум сувязі. Разлучыў іх няшчасны выпадак. Сталася так, што Мішка застаўся без ног. І пра вучобу ў тэхнікуме не магло больш ісці размовы. Вучыцца Мелеш паехаў адзін. Сустрэліся яны толькі праз дзесяць гадоў, рознымі людзьмі. Мянушку сваю Мішка атрымаў за знешні выгляд, дакладней, за падабенства з расійскім артыстам Лявонавым…

— Кін-дза-дза, ты? — спыняецца ў нерашучасці Мелеш. Мішка — першы знаёмы, якога ён сустрэў у горадзе, дзе нарадзіўся і вырас, адкуль з’ехаў, каб аднойчы вярнуцца і знайсці неўзабаве сваю смерць.

— Здарова, братуха! — кідаецца ён у абдымкі да інваліда. — А я цябе спярша не заўважыў. Цьфу ты… даруй… Ты ўсё сядзіш?..

— Сяджу, што мне яшчэ рабіць? Я нават калі і хаджу, усё роўна сяджу, — недарэчна жартуе бязногі. — А ты… Ты скуль узяўся? — Ліпкая вільгаць маленькай, нібы ў дзіцяці, далоні перадаецца Мелешу. — Даўнавата цябе не было відаць у нашых мясцінах.

«Гэта мой горад!» — хочацца запярэчыць Мелешу, аднак стрымліваецца. Жыццё навучыла яго быць перасцярожлівым.

— Даўнавата, — згаджаецца Мелеш. — Братуху шукаю, Чыбу… Віцька!.. Кажуць, што ён працуе ў прывакзальным рэстаране. Мо чуў ці сустракаўся з ім, га?

— Чыбу, гаворыш? — вагаецца бязногі. — Не, не прыпамінаю я нешта… Не, не… Не сустракаліся мы з ім, — палахліва аднекваецца Мішка. — Калі хочаш, магу пацікавіцца праз сваіх. Можа перадаць нешта? Раптам сустрэну.

— Не трэба. Дзякуй. Сам знайду яго. Думаў, ты яго памятаеш, Чыбу, — непераканаўча мямліць Мелеш.

— Скуль мне яго памятаць? Ён жа сапляком быў, калі мы сябравалі.

Мелеш маўчыць, потым праводзіць рабром далоні па горле:

— Мне ён вось як патрэбен… Я і сам яго столькі гадоў не бачыў. З’еду — і зноў размінёмся…