Выбрать главу

Збянтэжана пераглядваемся.

— Мы павінны падумаць. У нас ёсць яшчэ час? — цікаўлюся я .

— Ёсць, — ківае галавою Аляксей Міхайлавіч.

— Праз колькі хвілін мы павінны вам даць адказ?

— Праз дзве.

Мы зноў пераглядваемся.

— А што, калі мы адмовімся? — вагаецца Фёца.

— Не думаю, што гэта будзе правільнае рашэнне.

— Але мы маглі зусім не прыйсці, — злуюся я.

— Маглі, але прыйшлі. Выпадковасцяў не бывае. Усё мае прычыну і следства. Зноў жа, як відаць з вашых анкет, жывяце вы нездаровым і сумным жыццём, без планаў і без будучыні. У вас відавочная схільнасць да амаральных учынкаў. А значыць, вы ўжо часткова задзейнічаны ў нашым эксперыменце. Калі пагадзіцеся супрацоўнічаць з намі, у вас з’яўляецца шанец атрымаць за гэта ганарар. Дваццаць долараў у дзень — немалыя для вас грошы.

— А ваша прапанова не ёсць тая ж амаральнасць? — злуецца Фёца.

— Дабро і зло — паняцці расплыўчатыя. Нікому і ніколі не распазнаць тых межаў, калі пачынаецца адно і заканчваецца другое.

Мужчына нешта тлумачыць яшчэ, намякае на пастаянны недахоп пачуццяў чалавечай годнасці, на тое, што людзі пастаўлены ў нейкую безвыходную залежнасць ад сітуацыі, якая не пакідае ім выбару. І мы пачынаем верыць гэтай лухце. Нічога іншага нам і не застаецца. Мы імкнемся запомніць усё, што зараз гаворыцца, бо ў ім, як нам здаецца, і схаванае тое выйсце, пра якое нам распавядае Аляксей Міхайлавіч. А гэтае выйсце, перакананыя мы, нам яшчэ спатрэбіцца, бо мы неспадзявана робімся ахвярамі нейкай бязмерна нахабнай авантуры.

— Людзі, якія стаяць перад выбарам, ад якога залежыць іх жыццё, звычайна забываюць пра сумленне, — прарываецца да мяне аднекуль здалёк гіпнатычны голас Аляксея Міхайлавіча.

— Нас гэта не тычыцца, — пярэчу я.

— Хто ведае?! — хітра ўсміхаецца Аляксей Міхайлавіч. — Сёння — не тычыцца. А што будзе заўтра, ніхто не ведае. Магчымасць праверыць сябе вам яшчэ выпадзе.

Пазіраю на Фёцу і ў думках пераконваю яго: «Адмаўляемся. Нас падманваюць....» Наша тупая пакорлівасць злуе мяне, але і супрацьстаяць ёй я болей не магу. Мы глядзім адзін аднаму ў вочы, і я разумею, што нашы лёсы ўжо вырашаны.

— Будуць яшчэ нейкія ўмовы? — міжволі цікавіцца Фёца.

— Значыць, згаджаецеся.

— Так!

— А ваш сябар?

Мне нічога не застаецца, як таксама кіўнуць галавой.

— Як вы лічыце, ці ёсць за што ненавідзець людзей? — нечакана цікавіцца Аляксей Міхайлавіч.

— Гледзячы каго і за што, — недаўменна зіркае на мяне Фёца.

— Адказы павінны быць канкрэтнымі. Эксперымент пачаўся ўжо.

— Ну… ёсць, — мямліць Фёца.

— Выходзіць, што вас таксама ёсць за што ненавідзець?

— Выходзіць, што так.

— А якіх людзей больш: злых ці добрых?

— Аднолькава тых і тых, — спяшаюся адказаць я.

— Адказ не дакладны. Ёсць вялікае зло і ёсць крыху меньшае. Напрыклад, вас могуць забіць сёння, а могуць заўтра. Справа ў тым, што пра зло мы заўсёды прамаўляем чужымі вуснамі, а яно жыве ў нас саміх. Мы яго распаўсюджваем…

— Вы не лепшы за астатніх.

— Магчыма… Аднак вернемся да некаторых невырашаных фармальнасцяў. Для пачатку трэба ўзаконіць нашу дамоўленасць, — лісліва ўсміхаеца Аляксей Міхайлавіч. — А потым я пазнаёмлю вас з нашымі бліжэйшымі планамі.

Ён дастае з кейса некалькі бланкаў і працягвае іх нам. Мы ўважліва ўчытваемся ў тэксты. Гэта і ёсць правілы гульні, пра якія ён распявядаў нам толькі што. З гэтай хвіліны іх давядзецца прытрымлівацца. Мы запаўняем бланкі і ставім пад імі свае подпісы.

— Цяпер усё. Поспеху вам! Каб перайсці да першага задання, нам трэба пад’ехаць у адно месца. Гэта блізка.

Мы пакорліва ківаем галовамі. Што нам яшчэ застаецца?

Кружляем некалькі хвілін па горадзе і вырульваем на вуліцу Рабінавую. Назву паспяваю прачытаць, перад тым як мы паварочваем з кальцавой дарогі. Спыняемся ля прыгожага двухпавярховага асабняка.

— Гаспадыня гэтага дома — дырэктарка адной буйной фірмы. Як нам вядома, ёй патрэбны супрацоўнікі. Абвестка аб гэтым сведчыць. У ёй вы знойдзеце ўмовы прыняцця на працу. Ваша заданне даволі простае, можна сказаць, банальнае. Абазначым яго ўмоўна: знаёмства. Ад вас патрабуецца навесці кантакты з гаспадыняй і ўвайсці ў давер з мэтай атрымаць працу. Цяпер зірніце на гэтую жанчыну.