Выбрать главу

Ён дастае з кейса здымак і працягвае яго мне. Гляджу некалькі хвілін і перадаю сябру.

— Нашто яно нам?

— Любая вялікая справа пачынаюцца з дробязі, — незадаволена зіркае на мяне Аляксей Міхайлавіч. — Для пачатку праверым вашу камунікабельнасць.

— А калі мы правалім заданне?

— Па-першае, вы не атрымаеце абяцаных вам дваццаці долараў. Па-другое, выконваць наступнае заданне будзе нашмат складаней. З гэтай хвіліны ўсе вашыя ўчынкі ўзаемазвязаныя. Так намі задумана. Марцін Лютэр Кінг сцвярджаў: «Чалавек не павінен паступаць не па сумленні, як і не павінен звяртацца да гвалту, нават дзеля справядлівасці, бо заўсёды існуе шлях ненасілля». Памятайце пра гэта. А яшчэ памятайце, што кожны чалавек мае права на свой асабісты выбар.

12

Дзверы маюць непрывабны знешні выгляд. Мелеш вагаецца хвіліну-другую, потым лёгенька штурхае іх плячом. Дзверы адчыняюцца, і ён уваходзіць у невялічкі кубічны пакойчык. Відавочна, гэта і ёсць тая самая апаратная, пра якую яму хвіліну назад згадваў вартаўнік. З парога ў вочы кідаецца прастата і беднасць інтэр’ера гэтага памяшкання: на сценах танныя шпалеры, столь з пажоўклай, месцамі патрэсканай атынкоўкай, лямпачка без абажура. Ён абмінае раскіданыя па падлозе пакункі і накіроўваецца да яшчэ адных дзвярэй. З-за іх далятае ціхая музыка з дамешкам нечых прыглушаных галасоў. Мелешу падаецца, што мужчыны спрачаюцца. Напаўдарозе яму сустракаецца плячысты мужчына з шэрым выцягнутым тварам. Ён вылятае з пакоя, куды накіроўваецца Мелеш, і адорвае яго беглым збянтэжаным позіркам.

— Змій, ад каго гэта там смярдзіць? — чуе Мелеш з-за паўадчыненых дзвярэй.

— Ты хто? — цікавіцца амбал.

Мелеш з адказам марудзіць. Ненатуральнасць таго, што адбываецца, выклікае хвіліннае хваляванне. Некаторы час яны моўчкі вывучаюць адзін аднаго.

— Ты хто? — паўтарае амбал.

— Я? — здзіўлена паціскае плячыма Мелеш. — Ды так, ніхто, можна сказаць.

— Чаго тады прыпёрся?

— Падказалі, што тут нібыта брат мой працуе …

— Змій, хто там завітаў да нас?

У дзвярным прагале праяўляецца постаць яшчэ аднаго мужчыны. Кепская асвятляльнасць не дазваляе Мелешу як след разгледзець яго. Першае, што кідаецца яму ў вочы, гэта тое, што ў параўнанні з калегам гэты зусім яшчэ юнак.

— Значыць, Чыбу шукаеш? — вытужвае ўсмешку амбал.

Мелеш ківае галавой.

— А ці ведаеш ты, што твой брат — галубец? — нахабна ўмешваецца ў размову малады. — За што толькі людзі любяць блакітныя колеры?

— Заткніся! — рэзка спыняе яго амбал. — Чыба тут больш не працуе. Турнуў яго гаспадар. У палітыку хлопец палез. А палітыка — справа брудная.

— У палітыку? — здзіўляецца Мелеш.

— З блакітнымі блытаўся на майдане. На працы працяглы час адсутнічаў.

— З блакітнымі? З якімі блакітнымі? — збянтэжана перапытвае Мелеш.

— Змій, пашлі яго! — загадвае малады. — Ён жа дурня валяе, гад!

— Палітыка — справа брудная, — паўтарае амбал.

«Магчыма, так яно і ёсць. Але пры чым тут Чыба? Ён жа, акрамя сваёй флейты, нічога больш не ведае», — неўразумела пазірае на амбала Мелеш.

— Скажыце, магу я пагутарыць з вашым дырэктарам? — цікавіцца Мелеш.

— Ха-ха-ха! Во дае, сабака! Хто ты такі, каб гутарыць з нашым дырэктарам? — шчыльна падступае да Мелеша малады. Ад яго смярдзіць перагарам.

Мелеш не стрымліваецца і хапае яго за грудкі.

— Гніда! — цэдзіць ён праз зубы. — Ты чаго лезеш? Я з табой размаўляю?

— Перастаньце, — разнімае іх амбал. — Вы што, здурнелі? Дырэктар ва ўпраўленні на нарадзе. Калі вернецца, не ведаем.

— Як завуць дырэктара?

— Якая табе розніца?

Мелеш папраўляе кашулю і, не развітаўшыся, накіроўваецца да выхаду. Спускаючыся па лесвіцы, ледзь не збівае з ног мужчыну. Просіць у яго прабачэння і азіраецца. На хвілінку яму падаецца, што яны недзе ўжо сустракаліся. Высвятляць, дзе і калі, няма часу. Шыбка збягае ўніз і накіроўваецца да падземкі.

Ля пераходу людна. Заўважае ён гэта здалёк і міжволі запавольвае хаду. Непадалёку ад падземкі ён бачыць машыну хуткай дапамогі і міліцэйскі УАЗік. Прадчуванне небяспекі вымушае яго марудзіць. Ля машын валяецца разламаная інвалідная каляска. Мелеш з жахам узіраецца ў твары людзей і не можа дацяміць, што здарылася. Немалады мужчына нешта заўзята тлумачыць маёру міліцыі. Мелеш зазірае праз расчыненыя дзверцы ў салон і пазнае інваліда.