Выбрать главу

— Скачы! — дыхае мне ў патыліцу Фёца.

Адчуваю лёгкі штуршок у плечы і заплюшчваю вочы. Прызямляюся без сур’ёзных траўмаў. Фёца гопнуў недзе побач. Чую яго стогны і здагадваюся, што прызямліўся ён не зусім удала. Хістаючыся на неслухмяных нагах, ён кульгае да дарогі. Гляджу на яго і лаўлю сябе на жахлівай думцы: «Не ўцячэм!»

— Дзе кепка? — пытаюся я, не хаваючы раздражнення. Фёца мацае свае раскудлачаныя кучэры і здзіўлена паціскае плячыма.

— Дзе кепка? — зрываюся я на крык.

— Дзе-дзе... засталася ў пакоі, — вінавата вымаўляе ён і задзірае ўверх галаву.

Таксама гляджу на расчыненае акно на другім паверсе і не ведаю, што нам рабіць далей.

— Нага баліць? — пытаюся я.

— Дробязі, — моршчыцца Фёца і накіроўваецца да дома. — Мне трэба вярнуцца. Кепку я ім не пакіну.

— Вар’ят! — гляджу я на яго неўразумела.

— Віцёк, я павінны забраць яе. Не хвалюйся, я хутка.

— Стой! — крычу я, разумеючы абсурднасць яго намеру. — Хочаш, каб нас замялі? Там жа міліцыя, ідыёт!..

Хапаю і цягну яго да высокай цаглянай агароджы. Зручнае месца, каб перабрацца, я нагледзеў, яшчэ калі мы былі з Фёцам у пакоі. Ля сцяны складзеныя дошкі. Узбіраюся па іх на мур і чую знізу мужчынскі голас.

— Стоп! Стоп! Стоп!

Паварочваю галаву: Аляксей Міхайлавіч стаіць ля сваёй іншамаркі і нахабна ўсміхаецца. Зазіраю яму ў вочы і спрабую ацаніць глупства гэтага чалавека. Узнікае жаданне набіць яму морду.

— Стоп! Стоп! Стоп! — паўтарае павольна Аляксей Міхайлавіч і здзекліва пляскае ў ладкі. Задзірае галаву ўверх і гукае ў пустату расчыненага акна: — Тэ-рэ-за!

Адтуль высоўваецца галава жанчыны — той самай, якую мы хвіліну таму прынялі за ахвяру. Жанчына ўсміхаецца нам, а я гляджу і не магу дацяміць, дзе праўда, а дзе хлусня.

— Што яшчэ натварылі гэтыя круцелі, акрамя таго, што разбілі шыбіну? — зацікаўлена пытаецца ў яе ачкарык.

— Быццам бы больш нічога, — адказвае тая. Чую яе кароткі і няшчыры смяшок.

— Значыць, і яна з вамі ў змове? — пытаюся я, каб не заплакаць ад крыўды.

— Га-а-ды! — лямантуе азвярэлы Фёца, хапае з зямлі камень і кідаецца на Аляксея Міхайлавіча.

14

Выходзіць Мелеш на наступным прыпынку і адразу ж накіроўваецца да пешаходнага пераходу. Міліцэйская машына з віскам праносіцца побач. Ён абыякава зіркае ёй услед і паспешліва перасякае бетонны каньён вуліцы. Вірлівы натоўп нясе яго ўздоўж шкляных вітрын у накірунку скверыка. Праз некалькі кварталаў вуліца канчаецца. На рагу яе, ля газетнага шапіка, тусуецца моладзь. На майцы у адной дзяўчыны ён чытае дзіўнаваты надпіс: «Чым вам дапамагчы?» Ён мінае дзяўчыну і азіраецца. Тая адорвае яго беглым абыякавым позіркам. Яе чорныя вочы пазбаўленыя выразу. Гэтая ілжывая манернасць дзяўчыны азадачвае яго і збівае з панталыку.

— Ну і… — звяртаецца ён да яе з выклікам.

— Што — ну і?.. — маленькі рот размыкаецца ўсмешкай.

Чарнавокая дастае з сумачкі цыгарэту і прыкурвае. Раздражнёнасць перапаўняе яго. «Дапамагаць яны сабраліся? Самі ў жыцці не вызначыліся яшчэ, растрачваюць яго задарма».

Дзяўчына робіць глыбокую зацяжку і павольна выпускае дым. Ён абразліва зіркае на яе і не можа скрануцца з месца. «Не траві сябе, выкінь!» — хочацца крыкнуць яму. Відавочна, дзяўчына не разумее, што ён ад яе патрабуе. Яна неўразумела зіркае на сваіх сяброў і адыходзіць у бок. «Што са мной? — хвалюецца Мелеш. — Нашто яны мне?»

— Цыгарэты, хутка! — нечакана загадвае Мелеш, вяртаючыся да моладзі. Дзяўчына разявае рот, каб у адказ запярэчыць, але ён нахабна спыняе яе: — Заткніся! Я сказаў, цыгарэту мне!..

Дзяўчына падае пакорліва пачак. Ён адлічвае некалькі цыгарэт і кладзе іх сабе ў кішэню. Хлопец, які стаіць побач з дзяўчынай, разгублена сочыць за кожным яго рухам. Мелеш даўно не здзіўляецца ўжо сваёй нястрымнасці. Гэтая ні чым не апраўданая варожасць праблісквае ў ім заўсёды, калі ён імкнецца датыкнуцца да сваіх самых глыбокіх ран. І чым даўжэй ён жыве, тым часцей схіляецца да высновы, што чалавек — асоба не столькі індывідуальная, колькі безабаронная. І самае крыўднае ў тым, што людзі ў большасці сваёй самі агаляюць гэтую безабароннасць, нібыта выстаўляючы яе напаказ, нібыта наўмысна хвалячыся сваёй нікчэмнасцю, намякаючы, што кожны іншы чалавек нічым не лепшы. Мелеш не хоча быць прывязаным да гэтых завядзёнак свету. Ён даўно адасобіўся ад іх. Ва ўсякім выпадку, яму так здаецца. «У чым тады наша моц, у чым наша сапраўднасць? У жорсткасці ці ў нікчэмнасці? — гадае ён. — Якая з гэтых якасцей зжарэ мяне першая?»

Мелеш запальвае і паспешліва накіроўваецца да вакзала. Моладзь праводзіць яго збянтэжанымі позіркамі, але яго гэта менш за ўсё хвалюе. Для сябе ён даўно ўжо вырашыў, што стане рабіць у хуткім часе.