Ён пазнаў гэтага чалавека, які толькі што хацеў беспадстаўна здаць яго ў міліцыю. Пазнаў і хоча знайсці яго. Спакуса занадта моцная. «Хто сказаў, што час лечыць! Лухта гэта ўсё. Крыўда жыве вечна. А нянавісць да ворага з гадамі толькі ўзмацняецца», — думае ён. І не важна, што яны з Лёшкам не бачыліся шмат гадоў ужо, гэта яшчэ не паказчык, каб ім не пазнаць адзін аднаго.
Ён некалькі гадзін кружляе па горадзе з надзеяй сустрэць каго-небудзь са знаёмых. Затым збочвае на вуліцу Рабінавую. Дом, куды ён прыходзіў сёння ранкам, віднеецца ў канцы яе. Ён бачыць чырвоны чарапічны дах і спяшаецца. Навюткая бежавая «АUDI» прыпаркаваная на стаянцы. «Значыць, не памыліўся. Гэта яго машына…» — радуецца ён і накіроўваецца да дома насупраць. Адтуль ён і збіраецца сачыць за Лёшкам.
Асцерагаючыся быць заўважаным, ён заходзіць у пад’езд і падымаецца на пяты паверх. На лесвічнай пляцоўцы — ні душы. Дзверы ў адну з кватэр прыадчыненыя. Ён падазрона косіцца на іх і накіроўваецца да акна. Недзе ўнізе, на першым паверсе, чуе здрадніцкі скрыгат уваходных дзвярэй. Яшчэ праз хвіліну слых ловіць нечыя павольныя крокі. Ён мітусліва зіркае ў акно. Позірк затрымліваецца на двухпавярховым будынку. Ад праезджай часткі яго аддзяляе шчыльна збітая з дошак агароджа. З вышыні пятага паверха дворык як на далоні. Бежавая «AUDI» па-ранейшаму прыпаркаваная на стаянцы. Крокі на лесвіцы набліжаюцца і аддаюцца гулкім працяглым рэхам. Баючыся быць заспетым за сваім заняткам, ён кідаецца ўніз. Насустрач яму павольна рухаецца мужчына. Правую руку ён трымае ў кішэні карычневай замшавай курткі. Гэта насцярожвае Мелеша. Часу на разважанні не застаецца. Ён скоса зіркае на прыадчыненыя дзверы і, не раздумваючы, піхае іх наском чаравіка. Дзверы адчыняюцца. З цемры на яго насоўваецца масіўная постаць. Мелеш перасцярожліва адступае назад і незнаёмец моўчкі абмінае яго. Мелеш чуе, як за спінай нехта бразгае ключамі, і кідаецца да адзінага ў пакоі акна. Мітусліва абмацваючы вакол сябе паветра, цягнецца да фіранак. Сонечныя промні пратыкаюць навылёт шкло і знікаюць за ўслончыкам з вялікім вазонам. Ад яркага святла Мелеш міжволі заплюшчвае вочы, а калі іх расплюшчвае, мужчына сядзіць ужо на канапе. Мелеш некалькі хвілін моўчкі вывучае яго дапытлівым позіркам. Безумоўна, гэта Лёшка. Прэтэнзіі на велічнасць па-ранейшаму не сцёрліся з яго. І ўсё ж нешта перамянілася ў ім. «Што?..» — гадае Мелеш, узіраючыся ў гладка паголены твар свайго даўняга ворага.
— Тут жывеш? — здзіўлена пытае Мелеш.
— Жыву! — коратка адказвае Лёшка і цягнецца за цыгарэтаю. Мелеш заўважае, што твар яго значна пашарэў, патух, гарнітур на плячах збіўся ў складкі.
— А я палічыў…
— Ты пра Тэрэзу?
— Так.
— Мы пажаніліся з ёю.
— Даўно?
— Некалькі гадоў ужо.
— Прызнайся, ты не любіш яе! — хвалюецца Мелеш.
— Скуль табе тое ведаць?
— Яшчэ б! Я цябе гада…
— Хочаш пачуць, што я жыву з ёю, каб пазліць цябе?
— Мяне на такое не купіш. Хаця мог бы дадумацца да нечага больш крыўднага…
— Даўнавата цябе не было, — не звяртае ўвагі Лёшка.
— Даўнавата, — згаджаецца Мелеш. — Дзесяць гадоў мінула…
Лёшка вагаецца і мітуслівымі рухамі выдае сваю нервовасць.
— Як мы цябе правялі? Спадабалася?
— Ты маеш на ўвазе тое, што я тут?
— Так. Я чакаў цябе, Мелеш. Доўга… Даўжок табе трэба вярнуць, — цынічна ўсміхаецца Лёшка. — Памятаеш, як ты мяне падставіў аднойчы? Цяпер надышла мая чарга.
Яго плечы пачынаюць уздрыгваць ад частага дыхання.
Мелеш нервова ўскоквае з крэсла і падлятае да акна.
— Чуў, інфаркт у цябе быў? — кідае Мелеш, каб перавесці размову на іншую тэму.
— Людзі шмат чаго напрыдумляюць, — ухіляецца ад адказу Лёшка: — Я, Мелеш, толькі аб адным шкадую, не трэба мне тады было прасіцца ў цябе. Прыходзіць час, і такія, як ты, самі аддаюць усё.
— Ты пра што? — неўразумела зіркае на яго Мелеш.
— Хутка даведаешся, — запэўнівае Лёшка. — За што ты мне помсціш?
— А ты мне?
— За тое, што ты помсціш мне. Нас паглынуў эгаізм. Памятаеш, з чаго ўсё пачалося? З наіўнай дзіцячай дурасці. А ты яе так і не змог мне дараваць. А любая дурасць, Мелеш, нараджае новую дурасць. Наша гульня ў пакрыўджаных зацягнулася. Нам бы спыніцца даўно, дык не… Апошняе, да чаго ты дадумаўся, гэта ты зрабіў з мяне злодзея. Скажу папраўдзе, тое рабаванне ты спланаваў па ўсіх правілах. Прызнайся, ты наўмысна засадзіў мяне за краты?