Выбрать главу

— Так, я зрабіў усё магчымае, каб цябе палічылі злодзеем.

— Гэта ж грэх! За яго табе хутка давядзецца адказваць перад Богам.

— Верыш у боскую справядлівасць? З якіх гэта часін ты стаў такім набожным?

— Ты, Мелеш, яшчэ той тып. Мала хто роўны табе па жорсткасці. Ты ж не бачыш перад сабой чалавека, а значыць, скуль табе ведаць пра такія пачуцці, як спагада ці зычлівасць?

— Заткніся! Ты не лепшы.

— Сам заткніся. Гэта ты мяне зрабіў такім. Але на гэты раз усё будзе па-іншаму. Мне няма чаго губляць.

— Гэта чаму?

— Хворы я безнадзейна. Рак у мяне. Дажываю я.

— Рак? — гідліва моршчыцца Мелеш. Здаецца, што да яго не адразу даходзіць, пра што гаворыць Лёшка. «Усё-такі ёсць нейкі вышэйшы закон!» — думае ён.

— Так… — адказвае Лёшка.

Вочы яго робяцца круглымі. На твары застылая збянтэжанасць.

— Хлусіць не буду, — выціскае дрыготкім голасам Мелеш, — усё жыццё я таіў на цябе крыўду, але каб жадаць табе смерці — не…

Ён спыняецца.

— Не будзем мерацца кемлівасцю, Мелеш! — гідліва моршчыцца Лёшка. — Гавары, чаго хочаш? Не за тым ты мяне шукаў, каб спытацца, як я жыў усе гэтыя гады.

— Не за тым. Брата майго памятаеш?

— Якога? Ты ж байструк, Мелеш! — нахабна скаліцца Лёшка.

— Не прыкідвайся, гад! Ты выдатна разумееш пра што я. Гэтую штуковіну памятаеш? — выцягвяе ён з-за пазухі флейту. — Яе мне перад смерцю паспеў перадаць Кін-дза-дза.

— І што?

— А тое, што Кін-дза-дза бачыў вас разам з Чыбам, — бярэ яго на понт Мелеш.

— Што ж… Бачыць Бог, сам таго захацеў. Хутка вы сустрэнецеся, — нечакана абяцае Лёшка. — Я дапамагу вам. А зараз…

Ён замаўкае і скіроўвае позірк на дзверы. Мелеш чуе за плячыма нечыя цяжкія крокі і азіраецца. Амбал, той, з якім яны сустрэліся толькі што на лесвічнай пляцоўцы, заломвае яму руку і моцным ударам збівае з ног…

15

Вось ужо некалькі дзён запар, як толькі палахлівае сонца хаваецца ў гушчарах счарнелых таполяў, а гэта якраз поўдзень, дзверы ў склеп адчыняюцца і мужчына ў чорным да пят балахоне скорагаворкаю вымаўляе маё прозвішча, а потым прыязна ківае галавой некуды ўглыб памяшкання. Я разумею гэты яго намёк і пачынаю паспешліва збірацца. Мне здаецца, што дзівак у касынцы, якога я называю Манахам, ніякіх іншых слоў, акрамя майго прозвішча, не ведае, бо за тыя тры дні, на працягу якіх мяне ўтрымліваюць у гэтым падзямеллі, нічога іншага я ад яго не пачуў. Памеры падзямелля мне невядомыя. Вызначыць іх мне не дазваляюць жорсткія парадкі, якіх вымушаюць мяне прытрымлівацца гаспадары гэтага памяшкання. Існуе шэраг правілаў, якія парушаць я не павінен. А менавіта: мне нельга спыняцца, калі мяне выводзяць на шпацыр, азірацца і задаваць пытанні. Іншы раз мне хочацца думаць, што гэта нейкая навуковая база і што ўтрымліваюць мяне тут не аднаго. Ва ўсякім выпадку, тут, у адной з такіх цесных «келляў», знаходзіцца і Фёца. Нас разлучылі адразу ж, як толькі прывезлі сюды. З той хвіліны яго я больш не бачыў. Калі прыходзіць ноч і ў падзямеллі ўсталёўваецца цішыня, я чую нечыя стогны. Гэта не галюцынацыі, і я ў тым перакананы. Гэта крыкі людзей. І я схіляюся да думкі, што такіх келляў, як мая, памерам два на два, у гэтым падзямеллі як мінімум — пяць. Святло ў пакойчыку цьмянае, але яно затое ніколі не выключаецца. Выключальнікаў няма, а да лямпачак не падступіцца, яны зарашочаныя. Абыходзяцца са мною зносна: кормяць тры разы на дзень, выводзяць падыхаць свежым паветрам. На пытанне, за што мяне ўтрымліваюць, ніякага канкрэтнага адказу я не атрымаў. Манах у адказ толькі неразборліва бурчыць і зіркае зневажальна. Арыентавацца ў часе я навучыўся па гуках, якія прасочваюцца ў келлю з вуліцы. Услухоўваючыся ў стогны людзей, якія прыносіць рэха, я пачынаю разумець, што маё ўтрыманне не выпадковасць, што я ахвяра нейкага нечувана жорсткага эксперыменту. Ад гэтых думак робіцца страшна. І не таму, што памру, а таму, што стануць катаваць. Каб апраўдаць сваю смерць, пачынаю прыдумляць яе прычыны. Дзеля ж нечага я павінен пакутаваць. Бо пакуты, калі яны наканаваныя дзеля нейкіх высокародных мэтаў, зусім не пакуты. З гэтай ісцінай я знаёмы па Бібліі. «Было б высокародным, напрыклад, загінуць за веру, — думаю я. — Ці яшчэ лепш — за айчыну.» Паміраць бессэнсоўна мне б не хацелася…

Сёння Манах падаецца мне надзвычай гаваркім. З’яўляецца ён, як і заўсёды, апоўдні. Адчыняе дзверы і ветліва ўсміхаецца:

— Збірайся, надышла твая чарга.

Успрымаю загад без страху. Наадварот, спее перакананне, што менавіта сёння ўсё высветліцца.

— Перастань корпацца, нас чакаюць, — прыспешвае Манах.

Злуюся. Хочацца заткнуць гэты паганы рот адным узмахам кулака. Але магчымасці для такога смелага ўчынку не тыя. Стрымліваю сябе, бо перакананы, што гэта не той зручны момант, каб шукаць спосабы для свайго выратавання.