Выбрать главу

Калідор, па якім мы рухаемся, вузкі, з пашарпанымі зялёнымі сценамі і брудна-белай столлю. Наперадзе, на адлегласці метраў дваццаці, прамавугольнаю дзіркай ззяе выратавальны праём адчыненых насцеж дзвярэй. Раблю некалькі павольных крокаў у напрамку гэтай жоўта-белай плямы, але рэзкі штуршок у плечы вымушае мяне спыніцца.

— Не туды! — строга папярэджвае мяне Манах.

Азіраюся незадаволена на свайго правадніка.

— Шпацыры адмяняюцца, — цынічна ўсміхаецца ён.

Паціскаю плячыма і паварочваю ў супрацьлеглы бок. Хадзіць у гэтым напрамку мне яшчэ не даводзілася. Прадзіраемся праз паўзмрок каменнай нары. Па абодва яе бакі кідаюцца ў вочы невялічкія заглыбленні з жалезнымі крацістымі дзвярыма. Такое адчуванне, што гэтаму калідору не будзе канца. Некалькі разоў чапляюся наском чаравіка за нейкія выступы, спатыкаюся і падаю. Манах незадаволена бурчыць, але дапамагае падняцца.

— Стаяць! — нечакана загадвае ён і кладзе на плячо мне сваю цяжэзную далоню. Зазіраю скоса на абабітыя жалезам дзверы, насупраць якіх мы спыняемся, і саступаю ў бок. Сэрца трывожна сціскаецца. Ахоўнік адвернуты ад мяне, а навокал ні душы. Сціскаю да болю ў пальцах кулакі. Прадчуванне, што гэта і ёсць той шанец, каб вырвацца на волю.

— Не дуры! — рэзка паворочваецца да мяне Манах. На яго твары з’яўляецца скептычная ўсмешка. — Уцячы адсюль немагчыма.

Пакорліва ківаю галавой і таксама ўсміхаюся. Напэўна, гэта ўсмешка вар’ята. Дзверы раптоўна адчыняюцца, і на парозе з’яўляецца чалавек у паласатай вопратцы. Побач з ім таксама ахоўнік. Ён, як і Манах, апрануты ў доўгі, да пят балахон, валасы абвязаныя касынкай. На твары ззяе такая ж нахабная і цынічная ўсмешка. Пужліва ўзіраюся ў спярэшчаны заўчаснымі маршчынамі твар вязня, і мне робіцца страшна. На яго ілбе вялікімі літарамі напісана слова: «РАБ». Паўза зацягваецца.

— Чыба! — радасна лямантуе вязень. Ад нечаканасці раблю крок назад. Так мяне называць можа толькі адзін чалавек, мой брат.

— Эдзька! — крычу я і кідаюся да яго ў абдымкі.

— Братуха!..

Абняцца нам не даюць. Манах хапае мяне за плячо і збівае з ног…

— Стоп! Стоп! Стоп! — чую я за плячыма цынічны голас Аляксея Міхайлавіча і азіраюся. — Спыніце фанаграму.

16

Колькі мінае часу з таго моманту, калі ён пачаў губляць прытомнасць, не памятае. У пакоі, калі гэты сантэхнічны вузел можна назваць пакоем, валадарыць паўзмрок. Вокны ў ім адсутнічаюць. Выцяжка таксама. Праз замочную шчыліну прабіваецца танюсенькі струменьчык святла. Бачнасці гэта не дадае, але ў свядомасці пасяляецца хоць і кволая, але надзея, што недзе за каменнымі сценамі пануе жыццё. Ад падлогі цягне сырасцю. Калючы золкі холад ядавітай гадзюкай паўзе па грудзях да шыі. Свядомасць вяртае да рэчаіснасці, і, пераадольваючы слабасць, ён спрабуе падняцца з падлогі. Атрымліваецца гэта ў яго толькі з другога разу.

Непрацяглае абследаванне пакоя. Ага, памяшканне, у якім ён знаходзіцца, — бойлерная. Ва ўсякім выпадку, так ён для сябе вырашыў. Бо, калі ён робіць крок да дзвярэй, да той вузкай выратавальнай палоскі святла, яго выцягнутая рука адразу ж натыкаецца на трубу. Ніжэй яе знаходзіцца яшчэ адна труба, а ўздоўж сцяны — цэлы набор іх. Ля дзвярэй у падлозе жалезная рашотка. Пад ёю, на нявызначанай глыбіні, плёскаецца вада. Каб сагрэцца, ён пачынае рухацца па пакоі. Месца для гэтага мала, і ён увесь час натыкаецца на нейкія рэчы. Спатыкаецца, падае, падымаецца, зноў рухаецца. Болю не адчувае. Яго перабівае золкі холад. Ён упарта шпацыруе па пакоі і праз нейкі час саграецца. Вочы прызвычайваюцца да цемры, і абсталяванне набывае сапраўдныя формы. Больш дэталёвы агляд дазваляе выявіць, што дзве трубы, што ідуць ля падлогі, цёплыя. Ён уладкоўваецца ля іх і пачынае чакаць...

За ім прыходзяць пад вечар. Вызначае ён гэта па струменьчыку святла ў замочнай шчыліне. Струменьчык гэты робіцца шэрым, а праз нейкі час зусім знікае. Дзверы адчыняюцца, і дзіўнаваты чалавек загадвае яму збірацца. Мелеш некалькі хвілін марудзіць, потым кідаецца на яго з кулакамі. Моцны ўдар спыняе яго, вымушае супакоіцца.

— Рукі за спіну, — загадвае яму амбал. Мелеш пакорліва выконвае загад.

— Будзеш рыпацца — не выйдзеш адсюль ніколі, — папярэджвае яго ахоўнік. — Усё роўна для тых, хто цябе ведаў, ты ўжо нябожчык. Не глядзі воўкам. Тваё жыццё абарвалася ў п’янай бойцы тры дні таму. Цябе знайшлі знявечанага на чыгуначным пуці. А ўчора твой труп пахавалі на гарадскіх могілках за дзяржаўны кошт, як бяздомнага.