— Лухта!
— Вядома, лухта, — згаджаецца ахоўнік. — Але лухце вераць таксама. Інфармацыя аб тваёй заўчаснай смерці прайшла ва ўсіх крымінальных хроніках. На вось, палюбуйся, — мужчына падае яму газету і запальвае кішэнны ліхтарык.
Чалавек на здымку знявечаны да непазнавальнасці.
— Нашто вам гэты спектакль? — пытаецца ён амаль бязвольна.
— Чаго ты такі нецярплівы? Хутка даведаешся, — буркае ахоўнік.
Яны выходзяць з памяшкання і крочаць паўасветленым вузкім калідорчыкам. Мелеш мітусліва азіраецца і не можа зразумець, што з ім адбываецца. Крокі гулка адзываюцца ў свядомасці. Трывожныя думкі вярэдзяць душу. За плячыма чуецца цяжкае дыханне ахоўніка, і ён пакорліва крочыць насустрач сваёй смерці. Лёгкі штуршок у плечы вяртае яго да рэальнасці. Ён уздымае вочы. Насустрач ім рухаецца яшчэ нехта. «Выходзіць, я тут не адзін», — мільгае маланкай трывожная думка. Праз хвіліну незнаёмцы раўняюцца з ім. Відавочна, што адзін з іх такі ж ахоўнік, як і яго. Другі — малады хлопец. Мелеш бегла зіркае на яго. Іх позіркі на хвіліну перасякаюцца.
— Чыба! — крычыць ён ашалела, не адчуваючы моцы свайго голасу. — Братуха!
На твары хлопца з’яўляецца здзіўленне.
— Эдзька, — кідаецца з крыкам той яму насустрач. Мелеш бачыць, як яго хапаюць за плячо і збіваюць з ног.
— Стоп! Стоп! Стоп! — чуе ён побач. — Выключыце фанаграму.
Перад ім паўстае постаць Лёшкі. Нехта запальвае электрычнасць. І ад збытку святла Мелеш заплюшчвае вочы.
— Стоп! Стоп! Стоп! — ляпае ў ладкі Лёшка. — Ты гэтага хацеў, Мелеш? — цынічна звяртаецца да яго ён. Па твары распаўзаецца шальмаватая ўсмешка.
Мелеш адпіхвае яго і кідаецца да Чыбы. Моцна сціскае ў абдымках. На вачах у аднаго і другога слёзы.
— Віцёк, якога ражна ты тут! Што яны зрабілі з табою?
— Хопіць! Хопіць! — паспешліва расцягвае іх амбал. — Усе свабодныя…
Падзямелле, з якога яны выходзяць, — звычайны склеп. Вечарэе. За высокай цаглянаю загароджай — вірлівая гарадская вуліца. Мелеш мітусліва азіраецца. Ён пазнае гэты дворык, праз які яны крочаць да жалезнай брамкі. Пазнае ён і пяціпавярховік, які палае вокнамі насупраць.
— Які ж ты ўсё-такі сентыментальны, — ляпае яго па плячы Лёшка.
— Пайшоў ты! — ўхіляецца Мелеш.
— Не жадаеш размаўляць? — усміхаецца Лёшка. — А давядзецца. Мы з табою, Мелеш, цяпер моцна павязаныя. Самім жыццём.
Ён адмыкае няспешна брамку і паказвае вачыма на выхад.
— Нічога не хочаш сказаць на развітанне?
— Вар’ят! Табе трэба лячыцца.
— Я — толькі тваё адлюстраванне, Мелеш.
— Пайшоў ты! — злосна кідае яму Мелеш. Чуе, як за плячыма клацае зашчапка, і звяртаецца да Чыбы: — Пайшлі, братуха!
17
Гляджу на брата і плачу. Слёзы міжволі цякуць па маім твары. Яны цёплыя і прытарна-салёныя. Эдзька маўчыць. Яго вочы пустыя і безжыццёвыя.
— Табе трэба пераапрануцца, — раю яму я і гідліва пазіраю на яго паласатую робу. — І лоб вытры.
Эдзька ўздрыгвае. Зрывае з сябе кашулю і кідае пад ногі.
— Вар’ят! Сабака! Хворы чалавек! — лямантуе ён злосна і топча адзенне башмакамі. — Пайшлі!
— Эдзька, такое дараваць нельга. Давай выклічам міліцыю, — спыняю яго я. — Ён марынаваў нас у няволі, а ты: пайшлі. Ён жа здзекаваўся з нас! З нашых пачуццяў!
— Ведаю. Гэта ён з-за мяне ўсё, каб адпомсціць, — тлумачыць Эдзька. — Спланаваў усё, гад! Цябе выкарыстаў.
— За што ён табе помсціць? — здзіўлена гляджу на яго.
— Гэта старая гісторыя.
— Усё роўна, трэба выклікаць міліцыю, — настойваю я.
— Міліцыя нам не дапаможа. Яго дні палічаныя. Рак! — тлумачыць Эдзька.
— Хочаш сказаць, што ён застанецца непакараным? — упарчуся я. — А Фёца? Ён жа ўсё яшчэ там, у падзямеллі.
Мы стаім ля зачыненых веснічак і не ведаем, што рабіць. Я расказваю Эдзіку пра сябе, пра Фёцу і пра тое, як мы ўблыталіся ў гэтую загадкавую гісторыю, і лаўлю сябе на думцы, што гульня, распачатая Аляксеем Міхайлавічам, яшчэ не закончылася. Прадчуванне нечага жорсткага і трагічнага, якое павінна вось-вось адбыцца, не пакідае мяне. Мне хочацца бегчы адсюль прэч. І ўсё ж нешта стрымлівае мяне.
— Эдзька, гульня яшчэ не закончылася, — шапчу я дрыготкім ад хвалявання голасам. — Ён ведае, што без Фёцы мы нікуды не пойдзем, што пачнём шукаць яго. Таму ён нас і адпусціў, каб зацягнуць у нейкую новую авантуру.
— Пайшоў ён! — злуецца Эдзька.
— Але ж табе трэба пераапрануцца, — настойваю я і цягну яго ад гэтага дома.
— Ты дзе жывеш? — пытаецца ён.