Выбрать главу

— Віця, я даўно табе збіралася сказаць… — Люська выдатна разумее, што маўчанне не лепшы сродак зносін у гэты момант, і таму спяшаецца: — Я даўно табе збіралася сказаць... Я цяжарная.

Я не ведаю, як павінны паводзіць сябе ў такіх выпадках мужчыны, і маўчу. Пэўна, дзень гэты цалкам сатканы з нашага маўчання. Мы імкнемся знайсці патрэбныя словы — і не знаходзім іх. А таму змушаны карыстацца моваю жэстаў. Але і яна не заўсёды дапамагае нам.

— Што ты сказала? — перапытваю я.

— Віцюша, ты макака!

Люська цалуе мяне ў шчаку. Цяпло ад дотыку яе вуснаў застаецца напамінам аб нечым страчаным. Яно быццам бы і ёсць, і ў той жа час яго няма. І ніколі не магло быць. Люська сціскае мяне ў абдымках. Яе сукенка збіваецца зморшчынамі. І я імкнуся іх разгладжваць.

— Нейкі ты не такі, — шэпча мне на вуха Люська. — Цябе, Цюша, страшна адпускаць ад сябе. Раздабрэў…

Тлумачыць, як я жыў без яе, чым сілкаваўся, няма жадання.

— Самцы малпаў, — пачынаю я непераканаўча, — суперажываюць цяжарнасць сваёй партнёршы настолькі моцна, што самі ў гэты перыяд набіраюць вагу. У іх нават павялічваецца аб’ём таліі… Вось і ў мяне…

— Цюша, ты нязносны, — спыняе мяне Люська.

— Магчыма, — усміхаюся я. — Але мая нязноснасць ад цябе.

— Ад мяне? — здзіўляецца яна. — Яшчэ да чаго дадумаўся?

— Абгрунтаваць?

Люська неўразумела пазірае на мяне і маўчыць. Відавочна, яна страціла пачуццё гумару.

— Некалі ў нашым мястэчку, — працягваю я, — жыў адзін вельмі выхаваны і адукаваны чалавек. За якую б справу ён не браўся, рабіў ён яе з вялікім захапленнем. Аўтарытэт гэтага чалавека быў настолькі моцным, што людзі імкнуліся быць да яго падобнымі. Яны рабіліся лепшымі. Інакш і быць не магло. Але аднойчы майстра памёр. І жыхары мястэчка зразумелі, што страцілі нешта такое, чаго нельга страчваць. Яны страцілі часцінку саміх сябе. Але затое ўзамен набылі свабоду і незалежнасць ад нечых учынкаў. Толькі ім гэтая свабода не стала ў радасць. Так і для мяне… Калі я пачаў жыць без цябе, мне падалося, што я набыў свабоду, але гэтая свабода была несапраўднаю. Бо свабоднымі мы становімся толькі тады, калі ў нашых сэрцах жыве разуменне, для чаго яна нам патрэбна.

— Сам да гэтага дацяміў? — задаволена пазірае на мяне Люська. — Ці хто падказаў?

— Не сам… Цяпер я ведаю, чаму мы не сталі дарослымі.

— Ну і чаму?..

— Пакуль жывыя нашы бацькі, дагэтуль мы і будзем заставацца дзецьмі.

— Але яны аднойчы памруць.

— На гэты час у нас будуць свае дзеці. І яны для нас таксама будуць дзецьмі. А потым і ў іх з’явяцца дзеці…

— Я хачу, каб гэты ланцужок ніколі не абрываўся.

— Я таксама…

Вуліца бязлюдная. Крочым па ёй моўчкі. Люська хоча пазнаёміць мяне са сваімі бацькамі. Мінулае вяртаецца… І гэта значыць — мы жывём. Бо мінулае, як мне здаецца, і ёсць наша жыццё.

Цеснае перапляценне вулак у аддаленным ад цэнтра квартале. Закуток, асветлены адным ліхтаром. Магутная жалезная агароджа. За ёю двухпавярховы будынак. Ад ліхтара няпэўныя цені. Жалезныя сходы зігзагам спускаюцца ўздоўж фасаднай сцяны. Тлустыя чорныя лініі знікаюць пад бляшанымі каптурамі адліваў. Мне хочацца ўзабрацца на гэтую лесвіцу і зазірнуць у чужую заваконную цішыню.

А яшчэ мне хочацца зазірнуць у сябе, убачыць малпу, каб дараваць яе нікчэмнасць…

2007 г.

Бонза

1

Колькі яго памятаю, заўсёды карцела набіць яму морду. Проста так, без прычыны. Ёсць людзі, якіх ненавідзіш за адно толькі тое, што яны існуюць, што ад іх нікуды не дзецца. Яны, як лёс, — назаўжды. Яны, як цень, — неадступна побач. Не раз лаўлю сябе на вар’яцкай думцы, што нашы цені і ёсць душы незнаёмых нам людзей, без якіх мы маглі б з лёгкасцю абысціся, што цягаем мы гэты цяжар за нейкую прынцыповую правіннасць, і ад гэтага бескарыслівага, непатрэбнага нам клопату, які дадзены небам, як неабходнасць, мы хутка старэем, робімся нядужымі, не такімі, якімі б маглі быць насамрэч. Мы перараджаемся ў палахлівых і пакорлівых да гідлівасці людзей. І ўсё з-за таго, што цягаем за сабою чужыя цені. Будучыня — моцная анестэзія. Але як толькі не стане мяне, не стане нікога іншага. Нашто мне такая будучыня? Я хачу жыць зараз і тут. Людзі, маніякальна адданыя ісціне, якая ў пераважнай большасці адносная, мяне не цікавяць. Бо аб’ектыўнасць для мяне — амаль тое ж, што і безаблічнасць. У Салмана Рушдзі, вядомага пакістанскага пісьменніка і дысідэнта, ёсць выдатнае выказванне: «Калі сонца імперыі закацілася, мы не кінуліся забіваць нашых былых гаспадароў, мы скіравалі сваю зброю адзін супраць аднаго». Нельга не пагадзіцца з пісьменнікам, бо раб сістэмы куды больш небяспечны, чым яе вораг. Ворагу, каб існаваць, патрэбныя новыя супернікі. І калі іх няма, іх неабходна выдумаць.