Чалавек, пра якога я збіраюся вам расказаць, належыць да кагорты тых індывідаў, якія псуюць нам жыццё адною сваёю прысутнасцю. Яны замінаюць нам жыць па-людску. Іх робіцца шмат ужо з першай хвіліны знаёмства. Іх здольнасці і магчымасці, дасведчанасць і багаты вопыт заўжды амаль перабольшаныя. Звычайна яны так і застаюцца на ўзроўні жаданага і адразу ж знікаюць, як толькі размова даходзіць да справы. Іх бяскрыўдныя мары робяцца для тых, каму выпала быць з імі побач, сапраўдным пеклам. Гэта не голыя слоўцы. Усё гэта мне давялося зведаць на сабе. Майго жыцця хапіла б на сотню, а то і некалькі, прыкладаў. Нашы лёсы з ім былі настолькі цесна пераплеценыя, што паасобку пра нас і не раскажаш. Яго непрадказальнасць, яго зменлівасць сяліла ў маіх думках няўпэўненасць і раздрай. Іншы раз мне здавалася, што я перабольшваю, што насамрэч ён не такі, якім я яго для сябе прыдумаў. Але мінаў час, і мае ілюзіі наконт яго станоўчасці развейваліся. Я натыкаўся на ўсё тыя ж іранічнае стаўленне, жорсткасць і эгаізм. Яшчэ ў юнацтве ў маю свядомасць закралася жахлівае перакананне, што яго нельга перамагчы. Ён ніколі не адхіляе чужой моцы, ён асімілюе яе. Аднак я не пераставаў цешыць сябе ілжывымі ўяўленнямі і спадзяваннямі, як пры сустрэчы, калі гэты фацэт працягне мне свае брудныя лапы, каб павітацца, замест таго каб паціснуць іх, з задавальненнем заеду яму ў пысу. Няхай ведае, гад, што я не такі, як ён. Кожны раз я паціраў ад задавальнення рукі, але мае мары, на жаль, так і заставаліся марамі. Бо як толькі даходзіла да канкрэтыкі, я, як заўжды, пасаваў. Нешта пагардлівае і амбіцыйнае заўсёды чыталася ў гэтых вузкіх мангольскіх вачах. Я безнадзейна патанаў у гэтых бяздонных азёрах чужой недасяжнасці без усякай надзеі на выратаванне. Ад яго вачэй веяла небам і вечнасцю. Гэтая загадкавасць стрымлівала мяне, яна была нашмат мацнейшая за маю нянавісць. Ён здзекаваўся з мяне, а я дазваляў яму рабіць гэта. Я спадзяваўся на цуд. У мяне не было іншага выбару. Я імкнуўся як мага хутчэй паціснуць яго шурпатую брудную далонь, адчуваў яе халодную пустату і ўгодліва ўсміхаўся. Паступова гэтая мая ўгодлівасць стала неад’емнай рысай характару. Не пазайздросціш, вядома, — жахлівае відовішча! Мне здавалася, што гэта наша з ім рознасць нараджае тую ўзаемную нянавісць, якую мы нясём праз усё жыццё як данасць. Але, згодна законам фізікі, розныя палюсы павінны прыцягвацца, а не аддаляцца. Мы з ім, калі сказаць вам шчыра, былі не разлі вадою. Гэтае супярэчлівае «сваяцтва» і пераконвало мяне, што мы з ім падобныя, а не наадварот. Я ўздрыгваў ад гэтай жахлівай думкі. Мяне кідала ў жар. Я не хацеў быць падобным на яго. Я ненавідзеў яго і нёс гэтую нянавісць, як пакору. Ён быў, ёсць і будзе маім ворагам. Але, на жаль, мы любім і паважаем сваіх катаў. Такія мы ёсць, і ад гэтага нікуды не падзецца. З цягам часу і я навучыўся жыць са сваёй нянавісцю. «Дзеля чаго?» — пацікавіцеся вы. Дзеля сваёй выгады. Мне хацелася жыць, а не выжываць. Але аб гэтым і шмат аб чым іншым па парадку.
Бывала, што мы з ім разыходзіліся на некалькі год. Спярша я ўздыхаў з палёгкаю, але не далей як праз тыдзень, а то і яшчэ раней, я пачынаў сумаваць па ім. Мне не хапала яго адмоўнасці. Я настырна шукаў з ім сустрэч і адначасова аддаляў іх. Так не бывае, не паверыце вы. Бывае, яшчэ як бывае. Пра гэты мой страх можна расказваць вам гадзінамі. Відавочна, ён нараджаўся ад недаверу, які мы адчувалі адзін да аднаго пад час нашых непрацяглых сустрэч, адну з якіх я і хачу прыгадаць вам у якасці прыкладу. Сталася так, што жыццё развяло нас на шмат год. Таму, калі давялося зноў сустрэцца, я не хаваў свайго задавальнення.
— Мне здаецца, што ты змяніўся, — віхляў я лісліва вакол яго хвосцікам. — Памужнеў. Дай хоць зірнуць на цябе.
Ён незадаволена скрывіўся.
— Што я — дзяўчына, каб на мяне глядзець? — буркнуў ён і дэманстратыўна пацягнуўся да кішэні за сотавікам.
— Ды не, не дзяўчына... Проста мы вельмі даўно не бачыліся, — патлумачыў я.
— Што ж, паглядзі! — скептычна ўсміхнуўся ён і дадаў: — Пакуль я буду па тэлефоне размаўляць.
Ад яго абыякавасці мяне кінула ў жар. Захацелася праваліцца скрозь зямлю. Я стаяў, перамінаючыся з нагі на нагу, і ад сораму і крыўды не ведаў куды падзець вачэй. У гэтую хвіліну я ненавідзеў яго яшчэ мацней. «Сволач! — лаяўся я ў думках. — Якая ж ты ўсё-такі сволач!» Я губляўся ў няведанні, я шукаў шляхі адыходу, больш-менш прыстойнага выйсця з таго становішча, у якое загнаў сябе сам. І не знаходзіў іх. Здавалася б, што мог знайсці ў гэтых яго словах я крыўднага і абразлівага? А я задыхаўся ад крыўды. Уласцівасцю майго характару было прымаць блізка да сэрца тое, чаго браць увогуле было не варта.