— Гэта я, Алег, — тыцкаў я сябе пальцам у грудзі і паказваў вачыма на дзверы нашай кватэры. Твар жанчыны расплываўся ў бязгучнай усмешцы:
— Ваўлерык! — картавіла яна, звяртаючыся некуды ўглыб памяшкання.
Я не разумеў гэтай яе ўсмешкі і збянтэжана перамінаўся з нагі на нагу, чакаючы, пакуль у праёме дзвярэй не з’явіцца белабрысая галава Бонзы.
— Ваўлерык! — гукала настойліва жанчына некуды ў цемру. — Да цябе прыйшлі.
Праз няпэўны час з-за пакункаў выплывала размытая атлетычная постаць Бонзы. Ён заўсёды быў нечым незадаволены. Мне здавалася, што гэтая ягоная незадаволенасць павялічваецца ўдвая, калі ён бачыць мяне.
— Што трэба? — коратка пытаўся ён, ніколі не гледзячы ў вочы. Выходзіў на лесвічную пляцоўку і шчыльна зачыняў за сабою дзверы.
Усе размовы нашы адбываліся на лесвічнай пляцоўцы. У кватэру мяне звычайна не пускалі. Ад хвалявання я забываў пра мэты свайго візіту і мармытаў нешта неўразумелае. Верагодна, я апраўдваўся перад ім. Я нёс розную бязглуздзіцу. Яго твар пакрываўся густой чырванню. Гэта азначала, што ён злуецца. Нашы размовы абмяжоўваліся некалькімі канкрэтнымі пытаннямі з яго боку і маім хвілінным неўразумелым мыканнем. Я сыходзіў пераважна пакрыўджанным, бо ў свой адрас заўсёды чуў адну толькі абразу. Я цярпеў, але гэта не значыць, што я быў з гэтым згодны. Пасля такога візіту я пераконваў сабе, што нага мая больш не ступіць на гэты парог. Але мінаў час, і я забываў на свае крыўды і абяцанні. Мяне цягнула да яго зноў, як магнітам. Болей таго, чым больш жорстка ён са мною абыходзіўся, тым хутчэй я забываўся на ўсё.
На гэты раз я таксама па звычцы пазваніў у дзверы. Счакаў хвіліну і пазваніў яшчэ раз. Дзіўна, але на мой званок ніхто не адазваўся. Я счакаў і лёгенька штурхнуў плячом дзверы. Яны адчыніліся. Пастаяў некалькі хвілін ў нерашучасці, потым пераступіў парог. У калідоры валадарыў паўзмрок. Шчыліны з паўадчыненых дзвярэй на кухню сеялі светлавы пыл. У суседнім пакоі гарланіў магнітафон. З кухні смярдзела спаленым салам. Я стаяў у нерашучасці, прывыкаючы да цемры. Колькі хвілін мінула з таго моманту, як я пераступіў парог, не памятаю. Калі ад напругі пачалі зацякаць ногі, варухнуўся і пачаў асцярожна прасоўвацца між пакункаў да святла. Праз хвіліну дасягнуў паўадчыненых дзвярэй, але адчыніць іх цалкам не адважыўся. Тое, што я ўбачыў, спыніла і напалохала мяне. Пасярод пакоя ля вялікай эмаліраванай місы, напоўненай па самыя берагі гарачай вадой, на каленях стаяў Бонза. Побач з ім на зэдліку сядзеў сярэдніх гадоў мужчына, яго ногі былі спушчаныя ў місу. Бонза намыльваў іх і расціраў пену па лытках. Я маўкліва сачыў за спрытнымі рухамі яго рук і баяўся паварушыцца. Я рабіўся нявольным саўдзельнікам гэтага нязвыклага для мяне дзейства. Праз хвіліну, калі маё здранцвенне мінула, я памкнуўся незаўважана пакінуць памяшканне. Мая нязграбнасць прыцягнула ўвагу мужчыны.
— Малец, ты нешта хацеў? — прыўстаў ён з зэдліка. Бонза таксама азірнуўся. Нашы погляды перасякліся. Нянавісць і злосць мільганулі ў яго зрэнках. Было заўважна, што яму няёмка і што ён не жадае дзяліцца са мной сваім прыніжэннем.
— Пакорлівае цялатка ад дзвюх матак харчуецца, — хаўрусна падміргнуў мне мужчына. — Ну, чаго ты, чаго?.. Праходзь! — зарагатаў ён і зіркнуў на Бонзу. Мне падалося, што мужчына на падпітку.
— Што трэба? — вылупіўся на мяне Бонза, скарыстаўшыся паўзай. — Чаго прывалокся?
Ён падхапіўся з каленяў і рушыў да мяне. Мне падалося, што яшчэ імгненне — і ён заедзе мне ў морду. Я падаўся да выхаду, але зачапіўся нагой за пакунак і расцягнуўся на падлозе. Мяне засыпала нейкімі рэчамі. Я разгроб іх рукамі, падхапіўся і кінуўся да дзвярэй. Я чуў за плячыма яго паспешлівыя крокі, але не азірнуўся.
На наступны дзень Бонза не з’явіўся на заняткі. Я захваляваўся. Мне падалося, што прычынай таму мог быць учарашні выпадак. Вечарам ён наведаў мяне сам. Пастукаўся ў дзверы і, калі я адчыніў яму, прапанаваў пагуляць. Я прыняў яго прапанову з радасцю. Ён жа зацягнуў мяне ў нейкі кут, за шчытавую, напэўна, каб нас менш хто бачыў.
— Ты нічога не бачыў, зразумеў? — ядавіта прахрыпеў ён, прыціскаючы мяне да сцяны.
Я моўчкі кіўнуў галавой, не разумеючы, чаго ён ад мяне патрабуе. Ён страсянуў мяне за грудкі і паваліў на зямлю.
— Ты нічога не бачыў, прыдурак!
Я заплакаў ад крыўды.
— Вякнеш каму-небудзь — заб’ю.
3
Праз год гэтая гісторыя мела свой працяг. Ніякіх станоўчых зрухаў у нашых адносінах за гэты час не адбылося. Панавалі ўсё тыя ж нявызначанасць і раздрай. Бонза не падпускаў мяне да сябе і блізка. А калі здаралася непрадказальнае, калі ён нечакана, у разрэз са сваімі амбіцыямі, ішоў на кантакт са мной, я радаваўся, нібы немаўля. Мне здавалася, што я дамогся свайго. Не разумею, нашто мне гэта ўсё было патрэбна? У яго цяпер была толькі адна мэта — зняважыць мяне. І я не мог не заўважаць гэтага. Ён выкарыстоўваў любую магчымасць, каб агаліць маю слабіну і падкрэсліць маю нікчэмнасць. Ён пасварыў мяне з усім светам. Ад мяне адвярнуліся ўсе: сябры, аднакласнікі, настаўнікі. Інакш як Гомікам мяне ніхто ў класе цяпер не называў. З яго «лёгкай» рукі я застаўся сам-насам са сваімі праблемамі. Маё сяброўства з Толікам, такім жа, як і я, шызікам, якога ігнаравалі нават настаўнікі, браць да ўліку было б смешна. Кантаваліся мы з ім ад безвыходнасці. Усе гэта разумелі і пры магчымасці не праміналі ўпікнуць. Не мог не разумець бессэнсоўнасць нашых зносін і я, але выбару ў мяне не было. Мае памылкі вярталіся да мяне ў якасці выніку. У класе нас цяпер называлі Ботамі. Я, па мерках аднакласнікаў, быў левым, ён — правым. Два боты — пара. Ён з валетамі ў галаве, і я таксама. Вольны час мы цяпер бавілі разам. Выяўляць сваю слабіну перад класам я не жадаў і, каб даказаць, што я на нешта яшчэ здатны, я паставіў сабе за мэту выбіцца ў выдатнікі. Сваю кемлівасць, свае здольнасці, вольны час я скіраваў цяпер на заняткі вучобай. Ужо праз год я дамогся свайго. Я стаў лепшым вучнем у школе. Але гэта не дадало мне аўтарытэту. Наадварот, мяне цяпер неўзлюбілі яшчэ больш. Цяпер з мяне насміхаліся нават бацькі: