— О, у нашага «прыгажуні» прарэзаўся творчы патэнцыял! — скептычна крыўлялася мама, гартаючы мой дзённік. — Вучыся, дзетка, вучыся, вучоным станеш.
— Ага, а дурнем памрэш, — не забываў упікнуць бацька. Яго твар расплываўся ў бязгучнай цынічнай усмешцы. — У яго ж мазгоў бракуе. Замест іх у яго галаве нітка. Абрэж — і вушы адваляцца.
— І за што вы мяне не любіце? — крыўдзіўся я і змываўся з вачэй. Зачыняўся на нявызначаны час у прыбіральні і даваў волю слязам. Наўздагон чулася: «Балван, жартаў і тых не разумееш…»
Пасля такіх «жартаў» аднойчы мне і перахацелася быць выдатнікам.
Пагоршыліся і без таго кепскія адносіны з Бонзам. Ён яшчэ мацней узненавідзеў мяне. Але цяпер яго ненавідзеў і я. Праўда, мая нянавісць яшчэ толькі зараджалася, і я саромеўся гэтага пачуцця. Ён жа, наадварот, выстаўляў сваю агіду напаказ. Ён быў катэгарычным і паслядоўным. Я — непрадказальным і сентыментальным.
— І ў каго ты такі ўдаўся, сынок? — не пераставаў здзіўляцца ў запале бацька. — Нельга ж быць такім флюгерам — куды вецер падзьме.
У думках я быў згодны з ім, а на справе нічога зрабіць з сабой не мог.
Аднойчы, на вялікім перапынку, праз Толіка Бонза выклікаў мяне на калідор. Я дапіваў чай у школьным буфеце. Майму здзіўленню не было межаў. «Што яму трэба?» — губляўся я ў здагадках. Эмоцыі перапаўнялі мяне. Я няспешна плёўся праз залу, наўмысна расцягваючы задавальненне. «Няхай чакае», — злараднічаў я.
Бонза чакаў мяне ля выхаду. Ён быў нецярплівым і ўзбуджанным. Такім я яго яшчэ ніколі не бачыў. Яго пераляканы выгляд не столькі здзівіў мяне, колькі насцярожыў. Як толькі я паявіўся, ён адразу ж схапіў мяне за руку і пацягнуў на вуліцу.
— Што здарылася? — заўпарціўся я.
Ён не адказаў і яшчэ мацней сціснуў маю руку. Мы прадзіраліся ўглыб двара, праз гушчары і завалы. Ён валок мяне ў бязлюднае недагледжанае месца. Закрадвалася падазрэнне, што нідзе больш, акрамя як у гэтых карчах, размаўляць ён са мною не здольны. Ва ўсякім разе, такое з намі здаралася не аднойчы ўжо. Я здагадваўся, што робіць ён тое наўмысна, напэўна, не хоча, каб нас бачылі разам. Відаць, яму было сорамна за мяне. «За што?» — не мог зразумець я. На гэтае пытанне я не здольны адказаць і зараз, калі мінула шмат часу. Магчыма, такім чынам ён прывучаў мяне да адзіноты.
Я ледзь паспяваў за ім. Я быў падобным да пакорлівага сабачаня на матузку, якому заўсёды ў радасць падацца за сваім гаспадаром, куды ён павядзе. Я ўсё яшчэ жыў спадзяваннямі.
Праз некаторы час мы дабраліся да старой бязверхай ліпы. Гэта і было, па ўсім відаць, тое месца, куды ён мяне валок. Ён мітусліва агледзеўся, нібыта правяраючы, сочаць за намі ці не, і, упэўніўшыся, што вакол нікога няма, схапіў мяне за грудкі. Я зрабіў перасцярожлівы крок назад. Ён рвануў мяне на сябе і прыціснуў да цаглянай агароджы. Кашуля вылезла з джынсаў, і голае цела кранулася халоднай атынкоўкі. Я выплюнуў кроў, магчыма, задыхаўшыся, прыкусіў сабе язык, і паспрабаваў вызваліцца. Я чуў яго цяжкае дыханне ля свайго вуха, і мне рабілася страшна. «Што яму трэба? Чаго ён хоча?» — губляўся я ў жахлівых здагадках, прыслухоўваючыся, як узбуджана тахкае побач з маім яго сэрца. Ён зазіраў мне ў вочы і маўчаў. Гэта быў погляд драпежніка, маладога ваўка, які толькі яшчэ вучыцца распраўляцца са сваёй ахвярай. Ва ўсякім разе, так мне тады здавалася. Гэты позірк будзе яшчэ доўга пераследаваць мяне, але вызначыць яго сапраўдную прыроду я так ніколі і не здолею.