І тут нечакана аб’явіўся той тып. Мы размаўлялі з ім амаль гадзіну. З размовы ўзнікла перакананне, што ён сачыў за мной увесь гэты час. Бо як інакш яшчэ можна было патлумачыць усю ягоную дасведчанасць пра мяне. З яго слоў я даведаўся, што са мной хоча сустрэцца Бонза. Ён на той час працаваў дырэктарам нейкай буйной дзяржаўнай установы. На другі дзень, з самага ранку, я быў у яго ў кабінеце.
6
Я глядзеў на гэтага маленькага пыхлівага чалавека, і мяне разбіраў вар’яцкі смех. Я не верыў сваім вачам. Бонза — дырэктар! Сказаць каму — засмяюць.
— Ну як, пераканаўся, што такое застацца без працы? — сустрэў ён мяне цынічным пытаннем.
— Пераканаўся, — адказаў я сумна, спрабуючы выціснуць усмешку.
— І ў тым, дзе тваё сапраўднае месца, таксама? — доўжыў ён пасля непрацяглай паўзы.
— Пры чым тут гэта? — сцёр я імгненна няўдалую ўсмешку.
— Стоп! Стоп!.. Толькі без крыўд, — спыніў ён мяне, выходзячы з-за стала мне насустрач. — Памятаеш, некалі я цябе папярэджваў ужо аб гэтым?..
— Аб чым? — глядзеў я на яго неўразумела.
— Што ў кожнага з нас сваё месца. Спадзяюся, жыццё цябе навучыла гэтаму? Яшчэ б месяц — і ад цябе засталося б мокрае месца.
— З якой мэтай ты пазваў мяне? Каб выхоўваць? — не стрымаўся я.
Мне б бегчы прэч, а я стаяў і баяўся варухнуцца. На што я разлічваў? Чаго чакаў, дзівак?
— У лепшым выпадку ты спіўся б, — не звяртаючы ўвагі, тлумачыў ён. — Гэта гаворыць ведаеш аб чым? — паляпаў ён мяне па-сяброўску па плячы. — Гэта гаворыць аб тваёй слабасці.
«Гад! — вылаяўся я ў думках. — Які ж ты гад!»
Цяпер я не сумняваўся, хто быў аўтарам той недарэчнай правакацыі, з-за якой мяне беспадстаўна турнулі з працы.
— Прызнайся, гэта ты закаламуціў тую бадзягу? — зірнуў я на яго пагардліва, стрымліваючыся, каб не заехаць яму ў пысу.
— Я? — здзівіўся ён. — Не-е, гэта, Алег, не я! Гэта ён! — паказаў Бонза вачыма на столь. — Безумоўна, я дапамагу табе, але і ты за гэта павінен мне….
Ён недагаварыў. У кабінет зазірнула пераляканая сакратарка і папрасіла яго тэрмінова ўзяць слухаўку. З яе слоў я зразумеў, што тэлефанаваў нехта з мясцовых чыноўнікаў.
— Валі ў кадры, — кінуў ён мне паспешліва, а сам пацягнуўся да тэлефона. — Там табе ўсё растлумачаць.
Так я апынуўся на яго фірме. З адной толькі мэтай — каб разлічыцца з ім за ўсе свае крыўды. Мне далі пасаду начальніка аддзела і налічылі някепскі заробак. Некалі гэта ўсё я меў ужо. Цяпер мне выпадала магчымасць пачаць усё спачатку. «Выкарысталі, прынізілі і патрабуюць адданасці, — усміхнуўся я сумна. — Што ж, не так ужо і шмат! Я аддзячу табе за ўсё. Ты яшчэ пашкадуеш, што звязаўся са мной. Ты хочаш, каб я апынуўся за кратамі? Сам туды сядзеш!..»
Я раскусіў яго. Я яму быў патрэбны ў якасці громаадвода, энэргетычнага корму. І калі ён пачаў ляпіць з мяне свайго чалавека, выкарыстоўваць мае веды і кемлівасць у сваіх паганых мэтах, я рабіў выгляд, што згодны з гэтым. Ёсць людзі, якія плануюць сваё зло загадзя. Ён прагадаў. Ён не ўлічваў, што я быў іншым ужо чалавекам, не тым, якім ён мяне памятаў. Цяпер і я планаваў свае ўчынкі. Мне перахацелася быць на яго падобным. Разуменне сваёй выключнасці і адметнасці, таго, што іншым чалавек у гэтым няпэўным свеце быць не здольны, што казкі пра прыгажосць, якая нібыта выратуе свет, — лухта, зрабілі сваю справу. Я пераўзышоў яго. Прыгажосць, цяпер быў перакананы я, — гэта толькі спакуса, хвілінная слабасць, а чаго можна чакаць ад слабасці, я ведаў з уласнага вопыту. Яго дэвіз, што лепей зрабіць і пашкадаваць, чым не зрабіць і пашкадаваць, цяпер стаў і маім дэвізам. Я імкнуўся быць першым ва ўсім. Але, калі ён не дасягнуў гэтых сваіх прэтэнзій толькі з-за таго, шго спяшаўся і рабіў шмат памылак, то я іх цяпер пазбягаў. «Людзі, якія імкнуцца змяніць свет, — быў перакананы я, — павінны заўсёды адчуваюць сваю недастатнасць, быць паўгалоднымі. Бо можна жэрці і баляваць, а можна пакутаваць і думаць.» І калі ён наўмысна выстаўляў сваю выключнасць напаказ, спадзеючыся такім чынам перамагчы ў сабе сваю глыбока схаваную, прыроджаную галечу, то я пайшоў іншым шляхам, я хаваў яе ад усіх. Бонза памёр для мяне як настаўнік. Я перарос яго памылкі. Я засвоіў адно каштоўнае правіла, што, для таго каб увайсці ў чужы дом і разбурыць яго, неабходна спачатку дазволіць сябе зняважыць. У адрозненне ад яго, я не баяўся гэтага. Я спадзяваўся і чакаў таго моманту, калі мае прыніжэнні ўзвысяць мяне, і ні кроплі не шкадаваў, што некалі падстаўляў пад яго брудныя лапы свае шчокі. Відавочна, я дачакаўся! Прыйшоў мой час. Вяртаючыся ў думках на той школьны дворык, да той бязверхай старой ліпы, узгадваючы яго колішні крык адчаю, я больш не сумняваўся, я гаварыў усім адкрыта: «Ніколі, чуеце мяне, ніколі! Ніколі і нікому я не стану мыць ногі! Няхай яны іх цяпер мне мыюць!» Я верыў у сваю перамогу. Мяне бударажыў пах крыві. Я быў здольны на ўсё, нават на ролю пакорлівага блазна. І трэба прызнацца вам, гэта ў мяне някепска атрымлівалася. Маёй гульне мог бы пазайздросціць любы прафесійны акцёр. Вынікі перасягнулі магчымыя чаканні. Мае патаканні яму, мае ілжывыя пакорлівасць і беззаганнасць заўважна ўплывалі на яго. Я пачаў з неверагоднай хуткасцю прасоўваўцца ўверх па службовай лесвіцы, стаў часцей бываць на яго загараднай віле, як ён сам любіў называць сваё лецішча. А месцілася яно і сапраўды ў жывапісным куточку. Пад час гэтых сваіх візітаў я зблізіўся з яго атачэннем. Але самым галоўным набыткам для мяне было тое, што я цяпер стаў часцей бачыцца з Танькай. Яна мала чым змянілася, заставалася ўсё той жа прывабнай прыгажуняй. Але я яе не кахаў ужо. Цяпер на яе я меў іншыя мэты. Але аб гэтым крыху пазней. Яго сябры былі такімі ж тупымі і бязмозглымі, як і ён сам. За гады працы на высокай пасадзе ён ні кроплі не змяніўся ў лепшы бок, наадварот, стаў яшчэ больш жорсткім і дэспатычным у дачыненні да сваіх падначаленых. Яго ўпартасць і самаўпэўненасць не ведала межаў. Яго мянушка стала адпавядаць яму. Гэта быў маленькі фюрэр, ад учынкаў якога шмат што залежала. Прадпрыемства, якім ён кіраваў некалькі гадоў ужо, пакрыху разбуралася. Прадукцыя, якой горад некалі ганарыўся, губляла сваю якасць і вартасць. У пераважнай большасці яна цяпер спіхвалася «налева». «Адмытыя» грошы асядалі ў кішэнях кіраўніцтва. У гэтым крымінальным «адмыванні» выкарыстоўвалі цяпер і мяне. Заробак на прадпрыемстве катастрафічна зніжаўся, мы, наадварот, багацелі. Падтрымка з боку некаторых уплывовых гарадскіх чыноўнікаў развязвала нам рукі. У думках я быў не згодны з такім раскладам спраў, але на людзях, як і раней, дэманстраваў сваю адданасць. Беззаганна выконваў усе яго даручэнні, не прамінаў магчымасці пахваліць. Нашы адносіны сталі цяпер больш чым цёплыя. Я дамогся свайго, ён залічыў мяне ў свае сябры. Гэта дазволіла мне выведаць пра яго ўсё. Цяпер можна было ісці ў пракуратуру. Дабытай інфармацыі, як мне здавалася, хапіла б на некалькі крымінальных спраў. Заставалася толькі дачакацца зручнаго моманту. Маё штучнае «сяброўства» з ім не магло не паўплываць адмоўна на адносіны з маімі калегамі. Цяпер яны адкрыта ігнаравалі мяне. Мне не падабалася гэта, але я цярпеў, я ведаў, дзеля чаго ўсё гэта. «Калі б яны таксама ведалі пра мае сапраўдныя мэты, яны б ганарыліся мною», — суцяшаў я сябе. І ўсё ж аднойчы майму цярпенню прыйшоў канец, нервы не вытрымалі, і, калі адзін дурань, мой супрацоўнік, у спрэчцы абвінаваціў мяне ў штрэйкбрэхерстве і ў стукацтве, я ледзь не заехаў яму ў пысу. Відавочна, што «шасцёрак» на фірме хапала, стукачы, калі ўдумацца, ёсць у любой сям’і. Але пры чым тут я? Я трымаў гэтага лопуха за грудкі і не ведаў, што з ім рабіць. Напэўна, я не хацеў падымаць бучу раней тэрміну. Я глядзеў у яго пазелянелыя ад пераляку вочкі, чуў, як побач з маім тахкае яго заечае сэрца, і ледзь перасільваў сваю пагарду.