Выбрать главу

Я запрасіў яе на павольны танец. Яна не адмовіла мне. Бонза прынцыпова ніколі не таньчыў. Пасля мы выйшлі з ёю праветрыцца. Мы курылі і цалаваліся. Дакладней, курыла яна. Потым прыйшоў ён. Было заўважна, што яму гэта ўсё не падабаецца.

— О, ты таксама курыш? З якіх гэта часін? — спытаў ён, хвалюючыся. Я адчуў у яго голасе рэўнасць.

— Я не куру, — заспяшаўся я. — Я проста за кампанію.

— І як даўно ты дзеліш кампанію з чужымі жонкамі? — пацікавіўся ён з’едліва.

— З тае пары, калі зразумеў, што ты погань! — не стрымаўся я і зрабіў перасцярожлівы крок назад.

— Алег! Алег! Ну навошта ты так? — стала паміж намі Танька.

— Няхай гаворыць, — загадаў ёй Бонза і звярнуўся да мяне: — Давай, гавары.

— Ты небяспечны чалавек. Цябе трэба трымаць на адлегласці, — нечакана прарвала мяне. — Ты гаворыш адно, а робіш зусім іншае. Ты — флюгер, куды паверне вецер.

— Гэта ты пра сябе? — ўсміхнуўся ён штучна.

— Алег, перастань! — закрычала Танька і схапіла мяне за кашулю.

— Не лезь! — адхіліў яе ён. — Ты адказваеш за свае словы?

— Адказваю. Ты давёў прадпрыемства да банкрутства. Ты пляваць хацеў на людзей. Каб не твае сувязі…

— І што было б? — спыніў ён мяне.

— Цябе даўно б вытурылі. З-за такіх, як ты, — выціснуў я праз зубы, — увесь гэты раздрай у краіне. Вы небяспечныя людзі.

— А я гадаю, чаго гэта ён такі пакорлівы? У якія гульні ты са мною гуляеш, хлопец? Я цябе даўно чытаю, як раскрытую газету.

— І што ты там вычытаў?

— Тое, што табе давядзецца шукаць іншую працу, — злосна сказаў ён.

— Ведаю, — буркнуў я. — Але ты таксама шмат чым рызыкуеш.

— Не зразумеў?.. Чым гэта?

— Сам здагадайся.

— Ты пагражаеш мне?

Яго вочы наліліся крывёю. Было заўважна, што ён ледзь стрымлівае сябе.

— Ні кроплі.

— Ты намякаеш на… Не, — усміхнуўся ён, — ты нікому не вякнеш, сабака! Розуму на гэта ў цябе, спадзяюся, хопіць. А вякнеш, язык вырву. Зразумеў? На паперах ёсць і твае подпісы. Так што я цябе не баюся. Аднаго не магу толькі зразумець: нашто табе ўсё гэта? Ты мог бы купацца ў раскошы… Ты прафукаў гэта, разумееш?

— Маё правіла — ніколі не азірацца. Я не ўпэўнены, што можна жыць толькі адным сённяшнім днём. Не трэба шкадаваць аб тым, чаго ніколі не вернеш ужо. Ты лічыш, што ты нейкі асаблівы? Чым ты лепшы за мяне?

— Я дырэктар.

— Ха-ха! Дырэктар ён. Такіх дырэктараў можна ляпіць з пластыліну, па сто штук у дзень. Такія дырэктары, як ты, краіну маю абабралі.

— А такіх, як ты, клініка зачакалася.

— Пайшоў ты! — кінуў я яму напаследак і кінуўся ўніз па лесвіцы да выхаду. Безумоўна, выглядаў я тады ліха.

7

Дома мяне таксама чакалі непрыемнасці. Сярод стосу газет у паштовай скрыні я знайшоў тэлеграму, у якой стрэчная сястра паведамляла, што памёр яе сын. Пахаванне павінна было адбыцца заўтра, таму зранку мне трэба было выпраўляцца ў дарогу. Нечаканая вестка выбіла мяне з каляі канчаткова. Прычыны смерці ў тэлеграме не паведамляліся, але, наколькі я ведаў, пляменнік ніколі нічым не хварэў, заставалася наракаць толькі на няшчасны выпадак. Зрэшты, якая цяпер розніца, што загубіла гэтага маладога чалавека, якому б яшчэ жыць ды жыць. Яго няма, і з гэтым давядзецца лічыцца.

Усю ноч я не самкнуў вачэй. У галаву лезла розная непатрэбшчына. Упершыню за ўсе гэтыя гады я шкадаваў сябе. Да слёз рабілася страшна і крыўдна за сваё жыццё. Я думаў пра смерць і пра тое, наколькі яна блізка ад нас ходзіць. Мы цешым сябе тым, што яшчэ не жылі, што ўсё гэта пакуль толькі падрыхтоўка, што сапраўднае жыццё наперадзе, мы харахорымся і спрачаемся, імкнемся даказаць усяму свету, што мы ёсць, мы здзекуемся адзін з аднага, а тут бац — і нас няма. Усе мы хворыя, і ўсім нам трэба лячыцца. Чаму мы такія неразумныя? Чаму мы разменьваемся на розныя дробязі?..

Дачакаўшыся досвітку, я пачаў збірацца ў дарогу. Сястра жыла на перыферыі, і, каб дабрацца да іх пасёлка, трэба было яшчэ некалькі гадзін трэсціся ў цягніку. Пра Бонзу я цяпер стараўся не думаць. Прасіцца з працы ў яго было бессэнсоўным заняткам. Пасля таго, што здарылася з намі напярэдадні, шанцаў застацца на працы не засталося ніякіх. Дараваць маё нахабства ён мне не мог. Вядома, лепшым варыянтам для мяне было б апярэдзіць яго і напісаць заяву загадзя. Навошта даваць яму падставы для здзеку? Магчыма, так я і зрабіў бы, калі б не гэтая недарэчная заўчасная смерць. Яна разбурала ўсе мае планы. І цяпер мне было не да таго.