Выбрать главу

Гэты дзень я ледзь перажыў. Такога са мной не здаралася ніколі яшчэ. Увогуле, людзі кепска адчуваюць чужую бяду. Глядзець на сястру без жалю і слёз было немагчыма. Мне здавалася, што яна пакуль што яшчэ не разумее таго, што насамрэч здарылася. Знешне яна была вытрыманай. Можна было толькі ўявіць сабе, што рабілася ў яе на душы. Яна не галасіла, не ліла слёз, але нельга было не заўважыць, што давалася ёй гэта з вялікай цяжкасцю. Ведаючы яе блізка, я баяўся за яе. Яна, нібы звар’яцелая, выбягала раз-пораз на вуліцу, цягнула рукі да неба, наракаючы на кепскае надвор’е, шкадуючы, што з-за гэтага не прыйдуць на пахаванне людзі. Я не мог бачыць гэтага і зашываўся ў кут. Я думаў пра сябе. Я шкадаваў сябе. Як не хацелася таго, але мае думкі, зноў і зноў, вярталі мяне да ўчарашніх падзей. Як заўсёды, я быў у іх непаслядоўным і непрадказальным. Не разумею, што сталася са мной, але цяпер я не прагнуў помсты над ім, я начыста адмовіўся ад сваёй нядаўняй задумы напісаць заяву ў пракуратуру. Не падумайце, што я праяўляў слабасць. Не, я ішоў на гэта свядома. «Божа, дапамажы мне ў маім нявер’і! — маліўся я ў думках. — Божа, я хачу быць самім сабой. Пашлі мне радасць у маіх пакутах!»

Калі вярталіся з могілак, са мной здарылася істэрыка. Нечакана я адчуў, што мне кепска, і збочыў з дарогі. Ад лесу мяне аддзяляла некалькі крокаў. Я кінуўся да яго. Я бег невядома куды, пакуль не натрапіў на нейкі прагал. Я ўпаў на зямлю і зарыўся ў траву. Я плакаў наўзрыд. Я крычаў, я енчыў ад крыўды і жалю. Жахлівае відовішча. Прыступ быў працяглым. Памятаю, як нейкія жанчыны, зусім незнаёмыя мне, паднімалі мяне з зямлі, як паілі горкім прытарным настоем, як вялі потым пад рукі праз лес і праз пожню да вёскі. Пасля вячэры сястра нечакана прызналася, што яе сын не хацеў жыць, а таму вінаваціць нікога ў яго смерці не трэба. Я згодна ківаў галавой, не разумеючы, згодны я з гэтым ці не.

Дахаты я вярнуўся з галаўным болем і з плоймай супярэчлівых, жахлівых думак. Некалькі гадзін адмакаў у ваннай. Потым піў на кухні гарачы чай. Пасля гэтага маё самаадчуванне значна палепшылася. Спаць лёг рана. Ноччу мяне разбудзіла назойлівае трыньканне тэлефона. Чаму я яго не выключыў? Я падхапіўся спрасонку і доўга не мог зразумець, дзе я і што са мной адбываецца. Балела галава. Каламуціла. Перасільваючы боль, я дацягнуўся да настольнай лямпы і запаліў электрычнасць. Стрэлкі на гадзінніку паказвалі дзве гадзіны ночы. Я адшукаў на дысплеі непрачытаную SMSку. Нумар тэлефона, з якога яе адпраўлялі, быў мне незнаёмы. Я націснуў на некалькі гузікаў і раскрыў тэкст. «Забудзь пра нас. Мы як-небудзь пражывем без цябе!» — прачытаў я. У гэтых двух сказах было зроблена некалькі памылак. Відавочна, што гэта быў яго почырк. Ніхто іншы з маіх знаёмых на такую лухту быў не здатны. Ён ведаў мой характар, ведаў, што я пачну перажываць, а значыць, не засну да ранку. Дзеля гэтага ён і разбудзіў мяне сярод ночы. Магчыма, у нейкі іншы раз ён дасягнуў бы сваіх мэтаў, але толькі не ў гэты. Стома і валяр’янка зрабілі сваю справу. Я заснуў

8

Раніцай я пачуваў сябе ніштавата. Але нейкі страх і пачуццё глыбокай спустошанасці пакуль яшчэ цалкам не выветрыліся. Думкі вярталі мяне па-ранейшаму да тых нядаўніх падзей, якія так недарэчна выбілі мяне са звыклага рытму жыцця, прымусіўшы задумацца над некаторымі сваімі ўчынкамі. Але цяпер я нікому і нічога не хацеў даказываць. «Мы ўсе некалі пакінем гэтую зямлю, — думаў я, — нічога не ўзяўшы з сабой. Самыя блізкія людзі — па духу, а не па крыві. Мне не выпала шчасце сустрэцца з такімі людзьмі. Але хто ведае, каму яно выпала, тое шчасце? За кожным акном, свая трагедыя.» Мне хацелася, каб пра мяне забыліся, далі пабыць пэўны час аднаму. Я вяртаўся да зместу той цынічнай начной SMSкі, цытаваў яе ўслых, імкнучыся дакапацца да сапраўднага сэнсу. Я не ведаў, як мне да гэтай лухты ставіцца, успрымаць гэта ўсё як жарт ці, наадварот, задумацца і зрабіць пэўныя высновы. Спачатку я вырашыў адказаць яму і нават прыдумаў належны тэкст — мудрагелісты і крыўдны, як мне тады падалося. Адправіць яго я планаваў ноччу, як гэта зрабіў некалі ён. «Я і Мы — зусім розныя рэчы, — напісаў я яму. — Таму не трэба ніколі гаварыць ад імя ўсіх. Вядома, ты мяне забудзеш, а вось усе астатнія, на каго ты спасылаешся, — яшчэ пытанне…»