Выбрать главу

Апрануты ён у чорнае драпавае паліто. Яно яму вялікае, але пляваць! — затое шыкоўнае, як у начальства. Гузікі на ім расчэпленыя. Пад паліто крэмавага колеру тройка.

— Спецадзенне!.. — жартуе з нагоды Котаў, папраўляе чырвоны гальштук і задавацкі падміргвае: — Сёння выдалі…

Падначаленыя жарты разумеюць. Іх твары патанаюць ва ўсмешках — жоўтых, гіпсавых, хлуслівых.

На гэтым шабашы я — чалавек выпадковы. Для ўсёй гэтай грамады, з сённяшняга дня я — абуза, камень на шыі. Ім трэба рухацца наперад, а я замінаю ім, я блытаюся пад нагамі і ад мяне ніякага толку. Пра тое, што мне гамон, ведаюць пакуль толькі трое: Фантамас — мой былы шэф, Шатун — мой будучы шэф (гэта да яго мяне сёння збагрылі, пасля таго, як мэр не падпісаў са мною кантракт) і Кот. Даруйце, Котаў Віктар Віктаравіч.

У Фантамаса голы, без ніводнага валаска чэрап. Выцягнуты, нібыта ў арангутанга, ён іскрыцца на сонцы безліччу дробных кропелек, і былы шэф не забывае яго праціраць час ад часу квяцістаю насоўкай, ад чаго чэрап блішчыць, нібыта адпаліраваны. Шатуна Фантамасаў чэрап мала цікавіць. Ён заўзята нашэптвае Фантамасу нешта на вушка і галосна рагоча. Той перасцярожліва зіркае паабапал сябе і таксама вытужвае скупую ўсмешку. Вытокі гэтага іхняга неадэкватнага настрою нам невядомыя, і таму мы недаўменна касавурымся на іх…

— Гляньце, гляньце!.. Трактарыст прыехаў!.. Трактарыст!.. — прарываецца нечакана ў мае далёкія думкі нечы заклапочаны палахлівы шэпт. Адрываюся ад свайго трызнення і ўздымаю вочы.

— Вось гэта тачка! — штурхае мяне пад бок адзін з калег.

— Ого-го!.. — чуюцца адусюль узрушаныя зайздрослівыя галасы.

— Жыруе!.. — не стрымліваюся і я.

— Што яму!..

Зіркаю па баках, натыкаючыся вачамі на калег. У іх позірках глыбока схаваная рабская паслухмянасць. «Цікава, радуюцца яны мэру ці наадварот?» — гадаю я, затрымліваючыся позіркам на сваіх шэфах. Тыя, нібы здагадаўшыся аб гэтых маіх думках, насоўваюць на твары змрочнасць і зіркаюць паверх мяне некуды ўдалячынь. Ля газетнага шапіка спыняецца чырвоны «Опель». Сустракаць Трактарыста павінен па завядзёнцы Фантамас. Ён кідаецца да машыны, працягваючы на хаду руку для прывітання, аднак наперарэз яму спяшаецца Котаў. Фантамас збянтэжана азіраецца, шукаючы ў нас падтрымкі і запавольвае хаду. «Ну, вядома ж, Котаў, хто ж яшчэ!.. — хочацца мне папярэдзіць яго. — З сённяшняга дня ён першы намеснік і сустракаць свайго шэфа ўваходзіць у яго абавязкі...»

Фантамас недаўменна паціскае плячыма і неахвотна вяртаецца да нас.

Трактарыст — не мянушка, Трактарыст — сутнасць. Прынцыповы, валявы, перспектыўны — эпітэты для яго службовай характарыстыкі. Для няўдачнікаў, такіх, як я, чые скурочаныя целы нэндзяцца недзе ля рыштаванняў Пірамід Дасканаласці, ён — «бульдозер», чалавек, які ходзіць па касцях. Яго вабіць Вяршыня і яму напляваць на ўсё астатняе…

— Пляткараць, нібыта Трактарыст незадаволены кандыдатурай Ката, — выказвае ўголас сваё сумненне нехта з маіх калег.

— І праўда, які з яго намеснік?.. — згаджаецца з ім Шатун. — Малако на губах яшчэ не высахла!..

— Затое ў яго «плечы» ў сталіцы, — не здаецца той. — Націснуць «зверху» і амба… Ха-ха-ха!..

«Незадаволены, а павіншаваць прыехаў, — думаю я, слухаючы калег. — І на гонар свой напляваў…»

— Думаеце, чаму ён прыехаў? — звяртаецца да нас Шатун.

— Тут ужо не да сумлення. Прыпёрла, таму і прыехаў, — прамаўляю я.

— Таму, што яшчэ парохкаць хочацца ля грамадскага карыта. А сумленне — не кіла, яго не цяжка цягаць! — удакладняе Шатун.

Словы «карыта» і «парохкаць» папулярныя сярод дюдзей. Аднак не кожны з нас можа тое ляпнуць уголас, а Шатун не баіцца, у яго таксама «плечы». І не абы-дзе, а таксама ў сталіцы. Калегі з зайздрасцю зіркаюць на яго і перашэптваюцца…

Скіроўваю позірк на чырвоны «Опель» і бачу, як з яго выціскаецца квадратнае тулава Маленькага Чалавека, як павольна, нібыта шафа на колах, коціцца яно да дырэктарскага корпуса (так называюць кіраўнікоў прадпрыемстваў «наверсе»), і з пагардаю выціскаю:

— Маленькі Чалавек!

Сведка гэтай маёй агіды, Шатун, недаверліва моршчыцца:

— Ну, гэта проста паклёп! — не згаджаецца ён. — Ні фіга сабе маленькі! Граміла!..

На яго твары застывае скептычная ўсмешка. Тлумачыць, які я ўкладваю сэнс у слова «маленькі», няма ахвоты.

— Бульдозер! — настырна сцвярджаю я, пагардліва назіраючы за ленымі і няўклюднымі рухамі гэтага капуснага чарвяка…

— Джегера…— падтрымлівае мяне нечакана Шатун.