Выбрать главу

Мяне як токам жыганула думка: гэта той, што падобны на Мухіна. Я аж сеў. Прыгадаліся Андрэевы словы наконт нямецкага агента. Усё гэта разам неяк нечакана проста, як разрозненыя колцы, злучылася ў адзін ланцуг: Мухін і ёсць той агент.

— Ну вось, ты і пакрыўдзіўся,— сказала Марына.

Я пастараўся зрабіць бесклапотны выгляд.

— Зусім не. Я, мабыць, сустрэўся з ім і не ведаў, што гэта твой муж. Ён жа стары вельмі.

— Што ты!.. Яму дваццаць дзевяць усяго. Гэта ён у лагеры пасівеў.

Цяпер я не сумняваўся, што Мухін і Марынін муж — адно і тое ж.

— Дык ён у горадзе? — спытаў я.

— А дзе ж яшчэ. Паявіцца і зноў знікне. А навошта ён мне такі. Гуляка, бабнік.

— Дык дзе ён працуе?

— А на чыгунцы, машыністам...

«Значыць, не Мухін»,— падумаў я і нібы абрадаваўся, але ўсё яшчэ прадаўжаў распытваць Марыну.

Яна расказвала ахвотна, але, бадай, мала што ведала пра яго. За вясну і лета ён прыходзіў усяго трэці раз, і то на хвілінку. Увесь час жыве на станцыі, а можа ў другой жанчыны. Марына гаварыла пра гэта абыякава.

Яе расказ пераканаў мяне, што муж Марынін не мае ніякага дачынення да Мухіна. Але нешта ўжо не давала спакою. А што, калі ўсё ж такі гэта быў Мухін? Мусіць, тое, што ён адбіў у мяне Надзю, прымушала бачыць у ім ворага.

Назаўтра мы сустрэліся з Андрэем. Я расказаў яму пра сваё падазрэнне. Той выслухаў мяне, ні разу не перабіўшы. Потым доўга хадзіў па хаце, паклікаў Ніну.

— Што табе вядома пра Марынінага мужа? — спытаў ён.

— Які ён муж! — чамусьці з пагардай адказала Ніна.— Разы два прывалокся.

— Чакай, чакай, я прасіў высветліць на вузле...

— Дык я і хадзіла. А ён усё ў паездках.

— Ну, вось што,— падумаўшы, сказаў Андрэй,— хоць і сумніцельна, а праверыць трэба. Праз дні два я паведамлю ў атрад. Табе падшукаем новую кватэру, бо, па шчырасці, Марына гэтая мне ніколі не падабалася. А цяпер — за справу.

Я пачаў слухаць Андрэя, увесь час думаючы пра адно і тое ж: пра Мухіна і мужа Марыны. I чым больш думаў, тым выразней бачыў каржакаватую постаць Мухіна, які прайшоў перада мной па дарозе.

Вярнуўшыся дадому, я паклікаў Марыну, стараючыся выглядаць заклапочаным, сказаў, што не буду начаваць дома. Як толькі зайшло сонца, я непрыкметна сігануў у раўчук, выйшаў па ім аж за горад, у поле.

Дваццаць з гакам кіламетраў я прайшоў гадзіны за тры і пасля поўначы быў ужо ў атрадзе.

Калі я расказаў Вілюгу пра сваё падазрэнне, той паглядзеў на мяне, як на вар’ята. I я раптам адчуў, што зрабіў найвялікшае глупства. Я не меў права пакідаць горад. Але цяпер адступаць было позна.

— Ты не пазірай так на мяне. Я перакананы, што Мухін шпіён.

Вілюга пацёр скроні.

— А ты ведаеш, што на яго рахунку тры эшалоны?

— А хто правяраў? Мухін табе што хочаш скажа.

— А ты разумееш, што ў групе заўважылі б адсутнасць Мухіна?

— А ты ўпэўнены, што ён увесь час быў пры групе? — павысіў я голас.

Здаецца, гэта крыху падзейнічала. Вілюга закурыў, задумаўся.

— Гэта можна праверыць,— сказаў ён.— Зараз мы паклічам яго.

— Не трэба,— запярэчыў я.— Пакліч лепей Надзю...

— I то праўда,— пагадзіўся Вілюга.

Надзя прыйшла хвілін праз дваццаць. Я схаваўся ў другім пакоі, але добра чуў усю размову.

— Ну, бачыш,— сказаў Вілюга.— Дарэмна ты гэта.

6.

Аперацыя была прызначана на суботу. У сераду я хадзіў у атрад. А ў чацвер мы канчаткова дамовіліся пра аперацыю, і я вярнуўся дадому.

— Да суботы нікуды не выходзь,— папярэдзіў мяне Андрэй.

Я абрадаваўся. Дзіўна, але я раптам адчуў, што кахаю Марыну. Пачуццё гэта ўзнікла неяк адразу і, напэўна, у той самы час, калі я, вярнуўшыся з атрада, ціхенька пастукаў у акно і Марына выбегла да мяне босая, у адной кароценькай кашульцы. Я, нечакана для самога сябе, падняў яе на рукі, закружыўся на месцы.

Потым, пабраўшыся за рукі, мы ўвайшлі ў хату, на пальчыках прабраліся ў пакой і, нават не зачыніўшы дзвярэй, кінуліся адно да аднаго ў абдымкі.

Я ведаў, што і гэтая ноч будзе такая ж нястрымная, таму радаваўся, як дзіця. I, праўда, як толькі лёг дзед, Марына прыйшла да мяне. Я чуў, як яна паспешліва зняла цераз галаву плацце.

— Божа, я нібы перад смерцю,— зашаптала яна, абдымаючы мяне,— не магу нацешыцца. У мяне заходзіцца сэрца, паслухай, як яно б’ецца.

Яна паклала маю руку на грудзі, пачала цалаваць мяне так, быццам мы вось-вось расстанемся.

Мы не спалі да самай раніцы. Калі Марына пайшла, я заснуў адразу. Мне здалося, што я толькі-толькі заплюшчыў вочы, як нехта пачаў будзіць мяне.