Выбрать главу

Хлопцы прайшлі між змрочных нямых карпусоў цагельнага завода, мінулі інтэрнат. Усюды было спакойна. Вокны ў будынках ярка свяціліся, часам бразгалі дзверы, і з фортак выляталі гукі радыё. У прысадзістым доўгім будынку клуба, відаць, ішло кіно. Сіняватыя промні, быццам нацягнутыя трапяткія струны, снавалі там у цемнаце над галовамі гледачоў. Патрулі спыніліся перад вокнамі, зазірнулі на экран, і Сёмка раптам узгарэўся жаданнем:

— Давайце паглядзім, — прапанаваў ён Піліпу. Алесь прыкмеціў, што Сёмка чамусьці не размаўляў з ім і звяртаўся да аднаго Лапаты. Разважыўшы, што гэтая благая спра­ва — глядзець кіно, калі яны прызначаны патруляваць, старшы запярэчыў:

— Ну, нельга так. Трэба хадзіць.

— Вось мне яшчэ камандзір знайшоўся! — злосна асек яго Сёмка. — Нельга, нельга!.. Хадзем, Піліп, нас пусцяць.

Але Піліп таксама адмовіўся, i яны зноў пайшлі назад ранейшым шляхам. Цяпер ужо ззаду ішоў Сёмка. Ён пакрыўдзіўся ці раззлаваўся i не размаўляў ні з кім.

Так яны патрулявалі на Пясчанай і апынуліся ў пачатковым пункце свайго маршруту. Час набліжаўся да поўначы. Вокны ў дамах ўжо гаслі патроху, і ўскраіну ўсё мацней апаноўвала начная ціша. Патрульства канчалася, і Алесь нават пашкадаваў, што нічога так і не здарылася ў гэты вечар. Пакрысе ён ужо асвоіўся з новымі абавязкамі і хацеў, каб яшчэ што-небудзь здарылася, каб была якая карысць ад яго намаганняў.

У канцы вуліцы яны спыніліся ля воданапорнай калонкі. 3 яе загнутай трубы ціхенька цурчэў у цемры тоненькі струменьчык, iхлопцы па чарзе напіліся сцюдзёнай вады, потым пастаялі крыху.

— Ну што, бадай, хопіць на сёння? Пайшлі дамоў, — сказаў Сёмка, кінуў і затаптаў акурак.

— Яшчэ-б трэба на цагельны наведацца, — запярэчыў Алесь.

— Ат, што там хадзіць! Усюды спакойна.

— Але-ж там сеанс хутка скончыцца.

— Мне ўжо надакучыла бадзяцца, — стаяў на сваім Сёмка. — Пайшлі, Піліп!

Агеньчык ля піліпавага твару ўзгарэўся ў цемры, потым патух, і Піліп сказаў з нечаканай прыкрасцю ў голасе:

— Што-ж, аднаго Алеся пакідаць, ці што? Трэба патруляваць, калі прызначылі.

Сёмка крута павярнуўся да яго і ўраз насцярожыўся, пэўна, пакрыўджаны адказам. —

— Што, мо’ хочаш падзяку з ім зарабіць?— з’едліва сказаў ён, гатовы, відаць, пасварыцца.

— Нашто падзяку, — спакойна адказаў Піліп.— Проста трэба прайсці.

— Ну і ідзі! — с а злосцю кінуў Сёмка хутка пайшоў ад ix.

Алесю не спадабалася гэта, але ён не спрачаўся. Сёмка быў разумнейшы, байчэйшы за яго i з усякай сваркі заўсёды выходзіў пераможцам. Алесь-жа вельмі не любіў сварыцца i часта ўступаў крыклівым, нават тады, калі праўда была на яго баку. Яму цікава было толькі: чаго гэта Сёмка, звычайна такі актыўны ў комсамольскіх спра­вах, гэтак занатурыўся сёння. I паступова ў Алеся выплыла думка, ці не яго старшынство таму прычынай? Калі так, то які дзівак та­ды гэты Сёмка! А Лапата вось, здаецца, іншы, куды прасцейшы i зразумелы, — такса­ма новая рыса ў чалавеку, бо Піліп i Сёмка даўно сябравалі і многія лічылі, што ў ix роўныя характары.

Застаўшыся ўдвух, Алесь і Піліп моўчкі пастаялі крыху, потым Лапата сказаў, такса­ма, відаць, думаючы пра Сёмку:

— Раззлаваўся дурань.

— Давай, Піліп, хутчэй пойдзем, а то сеанс скончыцца, — сказаў Алесь, і Піліп, зразумеўшы таварыша, згодна налёг на хаду. Праз колькі часу хлопцы зноў уваходзілі на тэрыторыю цагельнага завода.

Кіно ўжо скончылася. Ля клуба чулася гамонка. У розных кірунках разыходзіліся людзі. У цемры блішчэлі ручныя ліхтарыкі.

I раптам аднекуль данёсся жахлівы крык:

— А-а-й! Ратуйце! Людзі!

Гэты крык і словы скаланулі хлопцаў. Алесь устрапянуўся і кінуўся бегчы проста на го­лас. За ім — Лапата.

I тут насустрач ім вынырнулі цьмяныя постаці. Яны набліжаліся да патрулёў, гучна тупаючы нагамі. I толькі, калі ззаду ў другі раз пачуўся прарэзлівы жаночы крык, Алесь зразумеў, хто гэта ўцякаў. Але на нейкі мо­мент ён разгубіўся і, відаць, спазніўся. Покуль хлопец што-кольвечы сцяміў, трое ўцекачоў ужо міналі ix, і тады раптоўна, ахоплены нейкай ледзянячай душу трывогай, Алесь дзікім голасам крыкнуў:

— Стой!!! — і што было сілы кінуўся ўслед.

Куды прапаў Лапата, ён і не заўважыў на­ват. Пэўна той падаўся туды, дзе здарылася няшчасце. Ды ў першае імгненне Алесь і не зважаў на яго адсутнасць. Ён імчаў, што аж нагам было балюча, і сэрца, захлынаючыся, калацілася ў грудзях. Але ўцекачы, пэўна, ведалі, што ў іхніх нагах — іх паратунак, і таксама добра імчаліся па цёмнай вуліцы. Нейкі час адлегласць між імі і Алесем амаль не скарачалася. Алесь бачыў, а хутчэй адчуваў у цемры толькі прыгнутую постаць задняга ўцекача, пярэднія-ж хутка зніклі, відаць, пахаваліся недзе.