1978
СКАРБ
Аддаў сябе як скарб, шалёны скарб.
Разгубленай жабрачцы што рабіць з ім,
Як абыходзіцца,
Паводзіцца з ім, каб
Не злегкаважыць і не страціць
Дачасна?
Давер, як павадак,
Ашаламляе.
Глядзела
Глыбознымі трывожнымі вачыма,
Баялася даткнуцца:
Не зняверыўся б...
Дыхнуць не смела:
Не зняверыцца б...
Шукала супакою для душы.
Багатаму не спіцца.
А рана
Прыкідваецца толькі,
Што яе — няма...
1978
* * *
Запозненаю дзікаю ажынай
Узаемнасць наша дзёрзка расцвіла.
Мы ж бачылі,
Што лучная сцяжына
Па-за шляхамі нашымі была.
Мы ж разумелі,
Што блакітнай грывай
Праменны далягляд
Не нас
Заве.
І ўсё-ткі безразважна,
Як з абрыва,
Зрываліся ў йаш
Невымоўны верш.
«Чакай. Кахай».
Кахаю.
І чакаю.
На самаце.
Сярод людзей.
Цяпер
Само паветра дасканала знае,
Як ім балюча дыхаць
Без цябе.
1978
ПРЫЗНАННЕ
Тваё ніякаватае прызнанне —
Зялёны ветах у маёй спякоце.
Калі табе нялёгка
(Так сказаў),
Тады ты да мяне чамусь прыходзіш...
Зялёны ветах, засені галіна.
Як хораша яна знімае стому!
Малой драбнічкі толькі не хапае
У густой лістоце:
Расспяванай птушкі.
Калі б яшчэ і з радасцю сваёй
Прыходзіў да мяне ты,
Як дадому...
* * *
Сказала: «Лепей саматой».
Не лепш.
Сказала: «Так прасцей».
Куды як проста!..
І хлеб, з табой не дзелены, —
Не хлеб.
І шлях —
Абраны быццам не па росту.
Гайдаў Сусвет.
Упёрлася ў куток.
Лячыў парыў.
Прыгорбіла натома.
Як ні рыхтуй сябе загодзь —
Ніхто
Не можа да самоты быць гатовы.
А вёрсты ўсе ўмяшчаюцца ў адну
Адлегласць —
На працягнутую руку.
Даверліва ўсміхнуцца.
Працягнуць.
І збаўлены ад адзінотнай мукі.
Звычайны рух,
Магутней, і глыбей,
І справядлівей той касмічнай прорвы,
Якая
Адрачэннем ад цябе
Лядзяна зеўрае:
«Не руш,
Не роўня».
Чым далей ад паверхні мы зямяі,
То ўсё даступней нам яе глыбіні.
Імя тваё мне
Не перабаліць.
Ніколі.
Знаю.
Быў і ёсць.
Любімы.
1978
* * *
...I ён прыйшоў, мой час круты, калі
Уласны цень —
і той мяне пакінуў...
Нябёсы ўсцяж прыпалі да зямлі,
Нібы яны і сапраўды такія:
Неасцярожна ўскінеш галаву —
І панявечышся аб беспрасветнасць...
Знік цень.
І зноў на ўзяблую траву
Вярнуўся — свету хараство засведчыць.
І хоць абрысы чоткія яго
Зусім не паўтараюць форму цела,
Ён мной адметны: гэтулькі ж майго
Там
руху слова, справы, летуцення!
І сталася: ты — мной, а я — табою.
Шчыруе моўчкі наша вышыня,
Каб два абліччы ў адну сутнасць здвоіць.
Каб людзі памагалі й так, па двое,
Людскім страсцям пагодай набрыняць.
1978
ЦІ СКАЖУ
Ці скажу, што жыццё — не ўдалося,
Што была неспагаднаю доля,
Бо ўплятала куколь у калоссе,
Град і засуху слала на поле?