Як бы склаўся мой лёс, каб не знала
То празрыстай,
то душнай маркоты
Па ўсяму, што мяне абмінала,
Што не прыйдзе ні заўтра, ні потым?
Нагабаная ў жыце падкова
Вінавата паблісквае ў хаце:
Ля чужога агню
выпадковай
Грэцца ласкай чужога дзіцяці...
Быць залежнай ад поўні й вавеі,
Ад чужога маршруту і руху
Быць залежнай,
і помніць, і верыць,
Што я — голас іх радасці й скрухі.
Голас тых,
што здалеюць знямогу
(Мне ўдавалася ў болю не ўпасці).
Голас тых,
чыя ў сонцы дарога
(Выпадала мне зведаць і шчасце).
Узыходзіць, як каліва, слова.
Не згубіцца яму ў шматгалоссі.
Ці скажу, што жыццё — не ўдалося?
1978
ПЕСНЯ
«Сонцам
Дзень пачынаецца.
Ясным сонцам адметны дзень,
Як бы хмары ні слаліся нізка», —
Ценем вернай ахоўніцы
Песня гэта
Шчымліва за мною ідзе
Ад калыскі.
Не прыстаць,
Не здарожыцца,
Не звярнуць на пярэдых, спачын,
Не пакінуць абурана,
За сабою не ляпнуць дзвярыма, як векам.
Песня кіомніць:
Адступіся яна ад людское душы —
І ўжо не ўберагчы
Анічым
Чалавека.
1978
УЖО НЕ РАССТАЦЦА
Нам ужо не расстацца.
І табе без мяне па жыцці не ісці,
Як і мне без цябе —
Ні наплакацца, ні наспявацца.
Нам, не злучаным,
Вечнай прысутнасцю нашай трымацца.
Так рука адарваная ные, смыліць.
І захочам забыць,
А не зможам без болю астацца.
Нам ужо не расстацца.
1978
* * *
Час—
Рахманы, бясстрасны,
натурысты дзед —
Канаваў гаспадарна
(Прыняць бы з пакорай):
За агульным сталом нам
Не поруч сядзець,
Каб увагу сваю аддаваць тым,
Хто поруч.
Нам змірыцца б...
І мірымся —
Да пары, да красы,
Што бязлітасна тлум і самоту авесніць! —
І сальюць нашы смуткі свае галасы,
І хіснецца зямля ад суладнейшай песні!..
І забыта, знябыта, знепрытомлена дзесь
Тое рэха, што заўтра непазбежна паўторыць:
«За агульным сталом нам
Не поруч сядзець».
А й яны хочуць душ нашых,
Тыя,
Хто поруч...
1979
НАДМЕРНАСЦЬ
Пакрыўдзі мяне!
Як найвышшае ласкі прашу:
Пакрыўдзі бязлітасна,
Каб я не змагла дараваць.
Каб мне засталося адно толькі —
Перакрывавіць душу
І раз назаўжды
ад майго існавання цябе адарваць.
Завочная любасць твая неўгасаная —
Нібы крыніца глыбозна ў зямлі.
А мне, перасмяглай,
Сябе ратаваць столькі часу
адзіна сустрэчамі памяццю —
Сіл ужо вышай.
Мой божа, пакрыўдзі бязлітасна!..
Зернейку трэба загінуць у чорнай раллі,
Каб выжыць...
1979
* * *
Даруй мне полымнасць маю.
Яна балюча апякае
Цябе за вечнымі замкамі.
Папеленая, не чакаю
Адхлання ў прорвы на краю...
Даруй мне полымнасць маю.
1979
НА БЫСТРЫНІ
Няможна патураць тузе,
Каб яву засланіла зданню,
Каб зрабавала пакрысе,
Што скарбавалася гадамі.
Каб незаслужаны папрок
Не вырваўся нікчэмна з вуснаў.
Калі крыштальны быў выток —
Незамутнёным будзь і вусце!
Не змізарнець бы на вяку,
Не зблоцілася б глеба тая,
Дзе і крынічка б'е, пакуль
Рака плыве і не сплывае!..
1979