ПАВАРОТ НА ЛЕТА
Дні зімняга сонцастаяння!
Мяцельнае кудасы баль,
Калі на ўсяленскім аргане
Па нотах раскладзена даль!..
Дарога па следу смуткуе,
Сустрэчы — нібы міражы,
Пакуль сваю ўладу святкуюі^ь
Раскутыя маразы.
Раптова прасветлена гляне
Адліга з-пад волкіх павек, —
Дні зімняга сонцастаяння,
Цяпла неўміручы павеў!
Як шчодрацца блізкія вочы!
Як ломка адзвоньвае лёд!..
Цяпер ужо сонца не збочыць —
На лета яго паварот!
1979
* * *
Снягі абложныя прадвесне
Пратне травіначкі лязом,
І свет наш прадаўжальна змесціць
Паміж усмешкай і слязой,
І зноў панітавана будзе
Вясёлка траўня і слата,
І радасць гэтак лёгка спудзіць,
І стогну цяжка вылятаць.
Снягі прыпалыя прадвесне
Пратне травіначкі лязом,
І цэлы свет працяжна змесціць
Паміж усмешкай і слязой,
Дзе недазвол на безнадзейнасць,
Дзе спадзяванняў правата,
Што нас нявыказнае здзейсніць
Раней, чым прыйдзе немата.
1979
* * *
Ведаем, жывём занадта мала,
Каб на прыканцы не шкадаваць,
Што не ўсё, чым доля нас вітала,
3 годнасцю мы ўмелі адвітаць.
Ды ў часы расцугленых нейтронаў,
Прамянёвай хуткасці часы,
Так жывём, нібы ўжо забаронена
Выпадку наш промень пагасіць.
Быццам не паўвеку нейкіх толькі •—
Дадзена паўвечнасці ў запас,
І падбаць яшчэ паспеем з толкам,
Будзе дастаткова сілы ў нас,
Каб вярнуць запушчанаму саду
Плён надзеі і харашыню,
Каб, шануючы душы радню,
У сабе знайсці апору й раду...
1979
ЗЯЛЁНЫ ЛІСТ, ЧЫРВОНЫ КВЕТ
Не разбурай таго, што ёсць.
Душы звычайную прыязнасць
Стаць іншаю не абавязвай,
Пакуль нам хораша, як ёсць.
Адзін неасцярожны крок —
А свет зыначыцца адразу.
Пасля
вымогай не абразіць
Нас, немаёмных, лёгкі крок?
Зялёны ліст, чырвоны квет
На подзіў туга перавіты,
І крый нас божа пераблытаць
Зялёны ліст, чырвоны квет...
1979
АМАЛЬ КАЗКА
За гарамі, за даламі,
За бяссоннымі начамі,
Жыў ды быў вялікі цар —
Смутак, духу валадар.
Быў той дух і сам не зломак,
Моцны, горды быў той дух,
Адалець часінай злою
Мог любую ён бяду.
Добра нам даўно.вядома:
Страшыць толькі невядомасць.
Сёння знае дух паболей:
І ўсёведанне падчас
Пазбаўляе волі
Нас.
І тады прыходзіць смутак,
Запаноўвае ў душы,
І ягоны,
Ласкай люты,
Голас
Цяжка заглушыць.
Немагчыма запярэчыць
Праўдзе голасу таго,
Што ўскрывае недарэчнасць
Запаветнага ўсяго.
Як уласную няздарнасць,
Так яскрава бачыш марнасць
Спадзяванняў, намаганняў,
Пашанотнасці, кахання...
І адзіным выйсцем будзе
У безвыходнай той журбе:
Памагаць чым можаш людзям
І не плакаць аб сабе.
1979
ПУШКІН У МІХАЙЛАЎСКІМ
Па атрыманні ліста ад Дэльвіга
«Ах, мілы Дэльвіг!..
У каторы раз
Прыехаць абяцаешся, а час —
Сняжынка да сняжынкі --
У сумёты
Нагортваецца на маім двары...
Калі б вы толькі ведалі, сябры,
Якая тут сумота і самота!..
Як холадна і голадна без вас!..
Жывіцца, нібы вязню, успамінам!..
Не адпускаюць душу боль і віны,
А радасць не залучыш пра запас...
Яе да скону чалавек жадзён.
Да д'ябла цяжка гэта — быць шчаслівым,
Калі і ў хмелю канавана бачыць,
Што ўласны лёс бяссільны сам зыначыць...»
Глядзеў у вузкае акно паўдзён,
Як стражнік,
пэўны і немітуслівы.
І клаўся цень ад рамы крыжам шэрым
На стол з лістотай скрэсленай паперы.