1979
ЗАКАНАМЕРНАСЦЬ
Сэрца звычайнай канфігурацыі.
То ці варта ўжо так непакоіцца, доктар,
Што яно, гэта сэрца маё
Са звычайным абрысам лісточка бярозавага,
Часам гэтак балюча трапеча,
Што сарвацца гатова?
Мяне ўразіла б іншае:
Каб у ім без пакуты варочаўся
Свет гэты белы...
1979
ЭЦЮД 3 ГІТАРАЙ
У гулкай звечарэлай вулцы
Гітары нечай
Скруха б'ецца,
То ўстрапятне,
То захліпнецца.
Пад ліхтаром начніца ўецца.
І мне тваё святло —
Сіло,
І сілы —
Вырвацца —
Не маю.
Расой вячэрняю —
Гаркота.
Гітары нечае
Маркота
У вулцы гулкай не ўціхае.
Нібы начніца тая, ўецца.
І горна да мяне хінецца.
Прытулку ў полымі шукае.
1979
ЛІЛЕЯ
Абысці б цябе мне за вярсту! —
Ножанькі прымлелі...
І на Чорным возеры растуць
Белыя лілеі.
І на Чорным возеры вясна, —
Берагі абжыты, —
Працінае плынь ажно да дна
Кветам старажытным.
І цвісці яму — не адцвісці? —
Таямніцы нечап...
Дзякуй, што цябе не абысці.
Дзякуй за сустрэчу.
1979
КРАСАВІК У САКАХ
Сустрэчы — што? Выпадак? Немінучасць?
О як было далёка да вясны
У доме тым пры возеры гаючым,
Што песціла і вергла ў продань сны!
Ішлі праз ноч агні палоскай вузкай
Да зор, на подзіў рэдкіх, угары.
«Пагавары са мной па-беларуску!
Пагавары!..»
Каля балкона кажаны ляталі,
Сам у сябе ўзіраўся карагач,
Адказвала сабачым брэхам далеч
На знерваваны чайчын покліч-плач.
А над усім —
Над сцішанасцю золкай,
Над кажанамі, што гусцілі вмрок,
Усходзіла гарачай чыстай зоркай
Матулі мова, — і відушчаў зрок.
Хай бед людскіх не развясці рукамі —
Успыхне слова выйсцем пра запас.
...Цвілі так блізка вочы васількамі,
І жыта, жыта абступала нас...
1980
А СТАЎ НАПАМІНАМ
Аклікаць юнацтва недарэчна,
Не было яго ў маіх гадах.
...Ты напраўду першы-лепшы стрэчны,
3 кім і размінуцца не шкада.
Раскладала ў цвёрдыя дзве столкі
Гарката, што можна мне, што — не.
...Ты напраўду субяседнік толькі,
3 кім прыемна пабалакаць мне.
Прыпадае да грудзей з павіннай
Сталасць марнакрылая мая.
...I нашто ж ты стаў мне напамінам,
Што мінаю, што мінаю я?..
1980
М. К. ЧУРЛЁНІС. ДЗЕНЬ
Ніяк не ўстаць.
Ніяк не распрастацца.
У невядомасць цягне, бы ў смалу.
Але ўпіліся ў край планеты пальцы,
Усходзіць галавы цяжкой валун!
А за спіною —
Дзень таго не бачыць, —
Хай бачаць тыя, хто сустрэне Дзень! —
Як тайны вырыс Космасу,
Маячыць
Светлая постаць —
Часу пільны цень.
Ляжыць зямля пустынная, нямая.
Стварэнню свету йсці ў каторы раз!..
Глядзіць нам проста ў вочы, не міргае,
З засцерагальна ўзнятым пальцам
ЧАС.
1980
МІНСК, 30 СТУДЗЕНЯ 1980
Нахалолы вечар на двары
Моўчкі пералічвае сняжынкі.
Усміхайцеся, мае сябры,
Гаварыце шумна, безупынку!
Дыскутуйце ў лад і неўпапад!
Сёння сэрца тонка сэрца чуе:
Развярэдлівы трывогапад
На планеце днюе і начуе...
Радасці непрыядальны смак —
Бо дарогі гора не пытае.
Гэта й нашай лучнасцю няўзнак
На зямлі пагода высвітае.