Выбрать главу
Поплеч, бліжай, блізкія мае! Чалавека шмат што згубай страшыць. Хай жыцця парукай устае Поўнік дабраты й любові нашай!
Вечар за сняжынкамі цікуе.
Чуеце?.. Зноў аўтамат такуе!..
1980
ЗАВЯЛІКАЯ
Як Самота з госцяй Радасцю развітвалася, Дык усё яе пыталася, дапытвалася:
— Што ж ты, мілая, так мала пагасціла? Пэўна, нечым я табе не дагадзіла.
Мо няўдалай гаспадыняю была я? Мо табе мая святліца замалая?
Пакланілася ёй Радасць і сказала: — Ах, тваёй мне ласкі шчырае хапала.
Ты прабач, што пабыла як для прыліку я. Не малая твая хата. Завялікая.
1980
ЯК СНЕННЕ
Шэра і золка. Вось мы і падсочаны Вокам разлукі, Каб назаўсёды, навек раз'ядналіся Нашыя рукі.
Не гавару табе: «Усё будзе добра». Добра не будзе. Можа, тады хіба толькі, як з памяці Дні гэты збудзем.
Дні, што жывілі нас гэтак, як жывіць Хлебная луста. ...Неяк прыслухаемся: а-ні-чо-га... Ціха і пуста...
Толькі далёка-далёка ў свядомасці Нешта адзначыць: ...лівень святла... звонкі голас шчаслівы... Сненне, няйначай.
1980
ШАРАЯ ГАДЗІНА
«Каханы, мой каханы! Мне хораша з табою. Ніводнае хмурыны У небе нада мною. Усе яны знікаюць Яшчэ на даляглядзе, Пакуль прысутнасць сведчыць Твая пра душ суладдзе. Адужаю хваробы, Не змоўчу на абразу. Я знаю, што «Кахаю Цябе» — зусім не фраза. Ахоўна і надзейна Тваё пульсуе сэрца. Я знаю, ёсць людское І шчасце, і бяссмерце. Есць сіла, што нітуе Свет, горам дратаваны». ...Няма каму сказаць мне: «Каханы, мой каханы!»
1980
ПЯТЫ СЕЗОН
На камянях, што жывяць нашы сцежкі, Зазелянее шчырая трава. Чым болып пакут, тым болей сіл трываць. Настаў сезон аддаленай усмешкі.
Па злівах, бурах з перунамі, з ветрам Мой дзіўны сад так повен злагады! І ледзь гарчаць дзівосныя плады Гаркотаю суцішанай і светлай...
1980
* * *

Былі словы, як шолах травы...

А. Вярцінскі
Вам сёння скажуць шмат харошых слоў, Для гэтага ёсць не адна прычына. Прыйду і я — цераз маіх паслоў: Світальны вецер, зорку, аблачыну. Калі натоміць Вас бяздарны дзень, Бясконцым здасца доўгі шэры вечар — Да золкай шыбы лёгка прыпадзе І Вас аклікне мой світальны вецер. І вы тады расчыніце акно, І мова ветру будзе зразумета: Утканы ў долі Вашай палатно Усе калёры залатога лета. Павольна пройдзе ў Вас над галавой У час той аблачына, ціха скажа: Мінецца морак, як мінуцца ёй, І зноў пагодна будзе ў небе Вашым. Там вечна зорцы лучнасці цвісці, Той лучнасці з зямлёй, з сябрынай, з песняй, Што памагае па жыцці ісці, Што не дае душы прагоркнуць плесняй. ...Вам сёння скажуць шмат харошых сдоў. А свята — нібы пяцьдзесят аерын... Я аддаю Вам трох маіх паслоў — На шчасце, і на сілу, і на веру!
1981
МОСТ
Кажуць, ноч была цёмнаю вельмі. Не заўважыла змроку: Мне твой воблік свяціў цеплавокі.
Кажуць, ноч была ветранай дужа. Не запомніла слоты: Атуляла ад ветру пяшчота.
Кажуць, снег нават падаў уночы. Калі гэта і праўда — Растапіла яго наша радасць.
Я не згасну былінкай бязраднай, Хоць і сцюжа навокал, Покуль ты ў мяне ёсць, мой далёкі.