Выбрать главу

А ўздоўж берага, па рацэ, плывуць чаўны-дубы, чаўны-берасцянкі і бярвёны-плыты.

Рака хісткая, бераг устойлівы, рака — небяспе-ка, бераг — абарона ад гэтай небяспекі, рака — бег, бераг — бог, і плыўцы, звярэджаныя стыхіяй, бяруцца аберуч грэбці да берага, і Берынгі, выпраўляючыся ў марскія і акіянскія падарожжы, сваім неабвешчаным гербам маюць яго — бераг.

СЯКЕРА

Сякера з сакрэтам: яна адначасова сталёвая і драўляная, кароткая і доўгая, крывая і простая, вострая і тупая, яскравая і цьмяная,— у ёй з'ядноўваюцца краі, супадаюць кроці, гавораць на адной мове карысць і кара.

Сякера мае справу з дрэвам; яна абцінае на ім сукі-раскірэкі, зганяе скуру-кару, падсочвае, рассякае. Ёй карціць знайсці ў дрзве скрытае, «sakrum», а знаходзіць яна адно толькі аскерыкі і аскроткі — трэскі-аскепкі.

Калі сякера ўвіхаецца, калі яна прыскорвае спор, тады яна акраса працы, і скруха не можа яе скарыць.

Сякера хаўрусуе з усімі прыладамі, дзякуючы якім «ўваскрасаюць» свірны, цабэркі, крэслы, скрынкі, куфэркі, але сярод іх яна — кесар.

ПТАХ

Раптоўны, нібы гром стрэлу (п-тах!), і поцемны, нібы згустак патухлага полымя, птах — выклік і нерухомай форме, і бясформнай рухомасці.

Ён прыляцеў са Старажытнага Егіпта, ад бога мастацтваў Пта — як яго пасланец, як яго патаемнае слова, як іпастась яго духу.

Птах — адмысловы хатха-ёг: яго цела паслух-мянае любому подыху натхнення, ён дасканала валодае тэхнікай левітацыі, і зямное прыцягненне толькі дапамагае яму развіць закладзеныя ў ім «птахчымасці».

Птаха хапае і на зямлю, і на неба, і хоць хата для птаха — зямля, на ёй ён спутаны, на ёй ён «пехацінец», які мусіць думаць пра тое, каб напакаваць свой «хатуль» і каб займець свой катух.

Але, выпхнуты моцай палёту ў неба, ён набывае другое — ці, можа, першае — дыханне і, вольна ад хапатлівага клопату і ад высотнай пыхі, як роўны вітаецца з маладзіком і з ветахам, і зямля — вачамі сваіх шматлікіх «хацінцаў» — бачыць у ім і плаху, узнятую высока, і высока ўзняты свой дах.

БАРАНА

Барана — з бору: забраная адтуль, яна ўсё роўна не згаджаецца са сваёй абранай роляй і абараняецца рукамі і нагамі ад прымусовага абранніцтва.

Зацята, «па-барановаму», барана ўпарціцца руху: яе валакуць, пераадольваючы яе натуру, яе супраціўленне, але якраз дзякуючы гэтай упартасці і гэтаму супраціўленню робіцца работа.

Барана драпае, раніць, скародзіць, вярэдзіць, бурыць поле і такім чынам бароніць яго ад няўроду.

Усякае поле для бараны — поле барацьбы, поле «брані».

ПЕВЕНЬ

Сербскі п е т а о, тупаючы нагамі і лапочучы крыллем, нібы ён намерваецца ўзляцець, можа, пяты, можа, пяцьдзесят пяты раз, апантана пытае-дапытваецца, ці ёсць дзе-небудзь той супернік, што здольны спаборнічаць з ім, і сваім апантаным пытаннем-дапытваннем пераконвае ўсіх — і перш-наперш самога сябе,— што няма.

Балгарскі п е т е л «пытляваны» — выпра-баваны: ён называецца Петар і дае пытлю ўсім іншым пеўням у наваколлі, якія «ўляпетваюць» ад яго, як ад гарачай патэльні.

Славенскі p e t e l i n, як дырыжабль-цэпелін, вылеплен з неспатольнай прагі палёту; застаючыся целам на лінялым палетку зямлі, ён «ліецца» душою ў ільняны палетак нябёсаў.

Украінскі п і в е н ь, сп'янелы ад акавітай кроплі вады і перапоўнены спеўным натхненнем, аб'яўляе на ўвесь белы свет, што наступіла вясна.

Беларускі п е в е н ь пнецца на пень, упэўнены, што без пня ён не лепшы за пыльны венік, а на пні — лепшы за вабную паву.

Рускі п е т у х хуткі на рух: ён тушыць полымя ўсходу і, калі ўсход патухае, ганарыцца, што гэта яго заслуга; ён ходзіць пехатою, але пастаянна памятае, што ён — птах, што ён — дух.

Царкоўнаславянскі п ѣ т е л ь — вястун святла: з лета ў лета ўносіць ён лепту за лептай у перамогу багаславёнай сілы, перакульваючы сваім спевам платы патаемных поцемных клятваў і распутваючы петлі адпетых замоў.

КНОТ

Кнот укручваецца ў лямпу, у свечку, у каганец, становячыся іхняю сарцавінаю, іхняю асновай, іхнім канонам. Ён тонкі, нібы сцябліна, і, нібы па сцябліне вясновы сок, па ім цячэ ток воску, алею, газы ці туку, вянчаючы кнот кветкай агеньчыку, якой асвятляецца ўсё наўкола.

Кнот самааддана выконвае свой абавязак і, нібы канат, перацягвае прыцемнае ў празрыс-тае, нерухомае ў дзейснае, тлустае ў цнатлівае.