Выбрать главу

Кнот атуляюць гукі кантаў.

На кнот, перад тым як заснуць, зіркае вачасты кот.

З кнотам знаходзіць кантакт кантычка, і ікона звернута да яго. Да кнота датыкаецца, спасцігаючы таямніцу рэчы ў сабе, роздум Канта, і гутараць наконт кнота ў спаконвечнай размове канатацівы скону і кагнітыў бясконцасці.

РЭЧЫ

Рэчы дарэчы, калі яны памочнікі чалавеку, калі яны яму зручныя і спадручныя, і недарэчы, калі пачынаюць панаваць над чалавекам і пярэчыць яму.

Рэчы насяляюць чалавечы свет, яго рэчаіснасць, і жыццё чалавека цячэ ў рэчышчы, абумоўле-ным рэчамі, не могучы выхіліцца з-пад іхняга ўплыву і не могучы заставацца там, дзе заетаюцца яны.

Страчваючы рэчы, чалавек сірацее, нібыта страчваюцца яго стрыечныя двайнікі, і набывае новыя магчымасці ў новай сустрэчы з імі.

Чалавек трымаецца за рэчы, як за парэнчы, і яшчэ невядома, хто болей каго не хоча адпусціць ад сябе — ці ён іх, ці яны яго.

У рэчах назапашваецца рэха чалавечых думак, зарокаў і адрачэнняў. З рэчаў, як выява іхняй спрадвечнай і таямнічай моцы, узнікае гех — цар.

ЛЕС

У лесе ўсё пазрасталася і паспляталася: лісце, галіны, камлі, карэнне, зямныя лёхі,— ледзь закранецца нешта адно, адгукнецца другое.

Лес пачынаецца адразу за аселіцай, за сялом, за сялібай, і насяляюць яго істоты, якія не ўмеюць жыць у сялібе — мядзведзі, ваўкі, лісы, ласі, лесуны.

Калісьці ў лесе жылі і людзі, але, палюбіўшы бяспеку болей, чым небяспеку, пляскатае болей, чым звілістае і галінастае, адасобіліся ад яго: між імі і лесам — адлегласць, і гэтая адлегласць не дазваляе, каб лес увайшоў у сялібу; калі ж усё-такі ён уваходзіць альбо ўязджае ў яе на калёсах, дык як паляўнічы здабытак, як балясіны і як бёрны, якія карнаюцца па людской мерцы лёзамі піл і сякераў і з якіх вы-будоўваецца яна сама.

Сяліба — дом: у ёй усё відавочна і ўсё вядома, лес — лёс: у ім усё хістка і пакручаста, і, каб аднойчы сустрэцца з лёсам і даведацца пра саміх сябе нешта такое, што здзівіць і ўразіць іх саміх, людзі блукаюць па сцежках, якія ім сцеле пад ногі лес, і лезуць у глухамань, у сляпыя нетры, бо — на якой бы прыступцы жыццёвае лесвіцы ні давялося стаяць чалавеку — знадворку заўсёды ён гэтакі, як сяліба, а знутры гэтакі, як лес.

Летапіс і летапісец — лес памятае, што было летась, і пазалетась, і безліч гадоў таму назад: якая часіна была ласкавейшая, якая слязлівейшая і якая балеснейшая, ён памятае нават тое, што будзе пасля, бо ад таго, які ён сягоння — знясілены ці ў сіле, у пялёстках ці ў плесні,— залежыць наступнасць.

Над лесам бліскаюць ясныя бліскавіцы, над лесам ляскаюць бязлітасныя перуны.

СВЕЧКА

Свечка асвятляе чалавечы твар і сведчыць пра чалавека; гледзячы на яе, чалавек пазнае ў ёй сябе: ён таксама, як і яна, запалены, ён таксама, як і яна, нявечны, ён таксама, як і яна, аднойчы згарыць альбо знячэўку пагасне,— і няма ў яго іншага выйсця, апроч таго выйсця, якое наказвае свечка: ператвараць воск плоці ў агонь духу.

Адна свечка — адзін чалавек, шмат свечак — веча, і ўсе тыя людзі, якіх засланіла ад свету века труны, уцелясняюцца ў свечках, запаленых у імя іхняй памяці, і нанава пражываюць скарочаны курс жыцця.

Свечка лепіцца з «часу» — з пчалінага воску ці авечага лою, але асвячаецца вечнасцю.

Натура свечкі — самаахвярнасць: яна «ня-вечыцца» дзеля бліжніх, нічога не пакідаючы сабе, і таму ёй, як чароўнаю кветкай, вянчаецца рэчаіснасць, і таму на вячэры, якую наймяноўваюць тайнай вячэрай, між іншых апосталаў прысутнічала і яна — нераспазнаны, тайны апостал, прысвечаны ў таямніцу святла.

ГРЫБ

Дзе грыб, там любы краявід набывае асаблівую прывабнасць, і сярод многіх хваін і бярэзін грыбнікі абіраюць для пакланення якраз тую бярэзіну і тую хваіну, пад якою бачыцца грыб — самы праўдзівы і ганаровы герб любога гербарыю.

Нібы хатка Бабы Ягі, грыб стаіць на адной назе, акрыўшыся рабою страхою-магеркаю, і, як гібрыд, спалучае ў сабе стромкае і круглае, пляскатае і пукатае.

Хоць грыбовы век нетрывалы, але ў бары і ў лесе ён гэтакі самы абарыген, як стогадовыя дрэвы.

Грыб — горб, што ўзнікае як рывок «пагра-бовай», спадсподняй напругі ў невядомае вымярэнне, насустрач дажджу і небу; вузел, што звязвае раз'яднаныя рухі прыроды ў адно.

Грыб чуйны і далікатны, як рыбіна, і калі што-небудзь з надвор'ем нетак, ён гэтаксама, як рыбіна, выкінутая на бераг, гіне і прападае.