КУДЗЕЛЯ
Кудзеля кудлатая, нібы завея-кудаса.
Яна існуе не сама па сабе, не сама для сябе, а — куды і дзеля: дзеля наступных радзюжак, дзяружак, абрусоў, ручнікоў, перацякаючы з прасніц на верацёны і матавілы, дзелячыся на ручаі прадзіва.
Кудзеля — работа пасля работы, дзень пасля дня, яна не нядзеля і не панядзелак, а «паслядзелак», і на яе збіраюцца, як на пасядзелкі.
Калі дзіда — удзел мужчыны, то кудзеля — жанчыны, і, прадучы кудзелю, жанчына, услухоўваючыся ў гудзенне верацяна, перажывае ўсе згібы, змены, падзеі, «цудзеі» свайго жыцця і прадзе сваю «дзелю» — долю.
КРЭЙДА
Усё, што крэйда крэсліць і піша, лёгка сціраецца, аднак крэйда на гэта не крыўдуе і на гэта не скардзіцца: яна рада, калі ў ёй маюць патрэбу, калі ёю карыстаюцца.
Крэйда творыць рэйд у невядомыя абсягі пазнання, і кожны раз для яе гэта абсяг — tabula rasae.
Крэйда можа памыляцца, можа рабіць «крывыя» высновы, але робіць яна гэта самааддана і самаахвярна, і таму заўсёды мае крэдыт даверу.
Усёю сваёю істотаю крэйда імкнецца ўва-собіцца ў незнішчальнае, у несціральнае слова праўды, і ў гэтым яё крэўнае крэда.
ВЕНІК
Ціхмяна ўвесь век венік стаіць у куце, нібы адбывае пакаранне за нейкія віны. Але калі ў хаце трэба навесці парадак, венік выводзяць з кута, выводзяць з ценю, і ён, завіхаючыся, умешваецца ў хаду спораў.
Венік — wenig (па-нямецку — мала), венік — vienas (па літоўску — адзін), аднак, нібы з венаў, ён складаецца з мноства аднолькавасцяў і падабенстваў — з вецця.
Клопат у веніка пыльны, занятак аднастайны, але вынік гэтага клопату плённы.
Венік да месца і ў Вене, і ў Венецыі, яго веянне адчуваецца на кожнай верандзе, у кожным двары.
Паслухмяны вернік, венік верай і праўдай служыціь багіні чысціні. Дзеля гатага ён і прыняў паніжэнне, апынуўся на самым нізкім узроўні «грамадскага» бытавання, хоць па сваёй канстытуцыі ён нязменна адпавядае найвы-шэйшаму ўзроўню — узроўню вянка.
КІШЭНЯ
Калі чалавеку шанцуе, гэта ў першую чаргу заўважае кішэня, і калі не шанцуе — гэтаксама «адценьваецца» на кішэні.
Кішэня нібы кірмаш: што яна мае, з яе дастаецца, і чаго не мае, у яе кладзецца.
Іншыя — шляхетнейшыя — часткі адзення кпяць і шэмраюць, што кішэня — ненаедная кішка, што кішэня — шэльма, аднак кішэня «адкышвае» гэтыя «кепшыкі».
Кішэня спрактыкаваная, кішэня спакушаная, і ўсе каштоўнасці, ці гэта шэлег, ці дукат, селяцца — шчэмяцца — менавіта ў ёй.
ГОЛАД I ХОЛАД
Голад глытае ўсе наедкі, якія гадаваў год, холад захутваецца ва ўсе халаміды, якія назапашвала хата.
Холад — дрыготка, голад — сутарга, холад — душахват, голад — жываглот, холад тоіцца ў лёхах, голад — у логаве, голад — ляда, холад — лёд.
Голад глядзіць у дол, холад — у неба, голад гавее, холад вее, голад гандлюе, холад катуе, голад — злыдзень, холад — ліхадзей, голад — даўгун, холад — хапун, голад дужаецца, холад ходаецца, холад — волат, голад — асілак, холад адольвае знадворку, голад — знутры.
Холад адхуквае ўспаміны, голад «адгуквае» згадкі, голад — павадыр, холад — хадыр, голад уздыхае, холад хліпае, голад марыць пра «гладкі» лад, які заўсёды частаваў бы аладкамі, холад — пра дыхтоўны дах, голад — пра галаўня, холад — пра галавешку, голад — пра Gold (золата), холад — пра Holz (дровы).
Голад галіцца, холад хоча, холад голы, як гала, голад худы, як іголка, голад намагаецца знайсці ў наваколлі згоду, холад — пагоду, яны ходзяць удвух, і невядома, хто з іх большы, хто з іх галоўнейшы, але, кленучы голад, што ён гад, а холад — што ён кат, нібы пракаветным ідалам, абодвум ім дагаджае і абодвух іх улагоджвае ўсё свае жыццё люд.
ВІР
Вунь Свір, вунь свіран, вунь жвір, а вунь вярбіна: яна ўзіраецца ў вырвіну, што ва-рушыцца,— у вір.
Вір ірацыянальны — нібы віецца ў спіралі, супадаючы з самою спіраллю, гадзюка-віпера, гатовая з кожнай зямной істоты спагнаць віру, роўную самому жыццю.
Што вырашаеш, вір, што вывяраеш, што вершыш, пра што варожыш?!. Захопліваючы ў свае віражы тутэйшыя з'явы-праявы, вір нырае ў неймаверны вырай — і віртуальная рэчаіснасць адчыняе яму вароты.