ЛІШТВА
У хаты — акно, у акна — ліштва: лішак, што надае хаце свой адмысловы кшталт, сваё непаўторнае аблічча.
Ліштва — клішэ, у якім узоры лістоты і кветак злітаваны з чалавечым векам, і таму калі з лётам і бегам дзён лістота і кветкі ўсё больш становяцца леташнімі і колішнімі, то ліштва — усё больш векавечнай.
Ліштву шануюць і ў Літве, і ў Падляшшы, і на Палессі, і калі ліхія часы пазбаўляюць (лишают) хату ліштвы, вытлумачваючы гэта тым, што ліштва толькі (лишь) штучная і безгустоўная аздоба, то хата як бы перамяшчаецца са свайго лета ў восень, а то і ў зіму.
Ліштва не стандарт, а штандар, ушаляваны ў саму літару рэчаіснасці: яна вабіць вока і лашчыць думку.
СТОЛ
Стол сталы, стол самастойны, стол устойлівы і сярод услонаў, зэдлікаў і крэслаў «таўстоліцца», нібы сярод іншых істотаў слон.
Стол засцілаецца настольніцай; на яго ставіцца соль, ставіцца сто страў: якасцяў; навокал стала збіраюцца госці і гаспадары: колькасці; сам жа стол не якасць і не колькасць, а «столькасць».
Стол сумяшчае ў сабе столку столі і столку падлогі і з'яўляецца ў хаце своеасаблівым тронам-прастолам: усе самыя сур'ёзныя — стольныя — справы вырашаюцца ў яго прысутнасці і ў яго прысутнасці адбываецца самая вясёлая — талаковая — справа: застолле.
ВЯСЛО
Нібы перавяслам, вяслом апяразваецца постаць і Ясельды, і Віслы, і Свіслачы.
Бясконцае мноства разоў вясло спрабуе ўсяліцца ў падводную святліцу і гэтулькі ж разоў высяляецца адтуль: яно — пасол чаўна і чуйна слухаецца яго загадаў.
Каб слаўна плылося чаўну, мусіць быць слаўным вясло: не ломкім, нібы салома, а трывалым і абавязковым, як слова.
У пахмурлівы дзень з-пад вясла выпырскваецца слата, у ясны — выблісквае вясёлка.
БУДЗЕНЬ I СВЯТА
Будзень будзіць людзей, нагадваючы ім пра тое, што пачынаецца дзень і што нікуды не дзенешся ад клопатаў і работы; свята чакае, калі чалавек сам абудзіцца, і калі ён абуджаецца, ветліва вітае яго.
Будзень — удзельнік, свята — сведка, будзень — маладзік, свята — ветах, будзень — дзейнік, свята — выказнік, будзень абяцае: усё, што трэба, збудзецца, свята вясткуе: усё, што трэба, збылося.
Будзень — падзея, свята — з'ява, будзень — агледзіны, свята — сватанне, будзень распачынае, свята вянчае, будзень — жаніх, свята — нявеста, будзень — «нудзень», свята — вяселле.
Будзень — зіма, свята — вясна, будзень — студзень, свята — май, будзень дбае, свята мае, будзень — яда, свята — піта, будзень рупіцца ў пыле і брудзе, свята аздоблена ў саеты
Будзень ідзе, свята стаіць, будзень дзеліць, свята яднае, будзень бачыць гадзіны, свята — вечнасць, будзень судзіць, свята апраўдвае, на будзень дзівяцца людзі, на свята — свет.
ТРЭШЧЫНА
Калі трэшчынамі, нібы рэчышчамі, спярэшч-ваецца шчыт дрэва, гліны ці тынку, ён «рэшціцца» — робіцца рэштай сябе ранейшага.
Трэшчына — вобыск і арышт: яна ўшчымлі-ваецца ў самыя шчыльныя спраты, трушчачы і адчыняючы непарушнае і прычыняючы відавочныя страты.
Трэшчына — рэзчына, што ўрэзваецца ў рэч і ў рэчаіснасць і, перакрэсліваючы іхнюю цэласнасць, даказвае, што іхні сапраўдны змест (ці, інакш, treść) — пустата.
У трэшчыны няма сваіх інтарэсаў. Нібы трацейскі суддзя, яна сведчыць: дзе па-рушаецца адзінства, там аб'яўляецца трэці, і гэты трэці — лішні.
ГОСЦЬ
Рускі г о с т ь вядзе з сабой Ost і, калі прыводзіць, кажа, што ён тут не госць, а гаспадар.
Украінскі г і с т ь апавядае прыгоды-гісторыі — то па-блазенску дасціпныя, то па-магістарску грунтоўныя.
Нямецкі G a s t кіруецца напрасткі — праз гаць і пагост.
Польскі gość востры, як восці, але калі ён, запрошаны за стол, есць і п'е — ён ягамосць.
Беларускі госць ідзе дарогай — гасцінцам і нясе з сабой падарунак — гасцінец.
СЦЕЖКА
Сцежка выводзіць чалавека з абжытага і звыклага асяродку і вядзе ў незнаёмы свет, і як бы ні мучыла і ні засмучала расстанне, яна суцяшае.
Сцежка сама ведае, як ёй ісці, як ёй весціся, яна хісткая і гнуткая і сцелецца пад ногі, быццам нітка чароўнага клубка.
Сцежка засцерагае ад просталінейных учынкаў: з яе лёгка збіцца і цяжка ўзбіцца зноў.
Ці спёка, ці сцюжа, сцежка разнасцежвае прастору і цягнецца датуль, дакуль здольны дацягвацца чалавечыя памкненні: яна ўсцяж прашывае сабою абсягі жыцця, і тыя сцягі, якія яно ўздымае, заўсёды маюць сваім правобразам сцежку.