Выбрать главу

ПЛЯМА

Пляма, як запаленая лямпа, аб'яўляецца сваім колерам, формай, абсягам. На яе ўсе звяртаюць увагу, аб ёй плямкаюць і плявузгаюць і паказваюць на яе пальцамі, і тое поле, якое аблямоўвае яе, саромеецца яе, як сваёй заганы.

Пляма пляскатая, але калі хто спрабуе пазбавіцца ад яе гвалтам, не ўлічваючы яе глыбокіх асаблівасцяў, пляма ператвараецца ў яму, якая не мае ні дна, ні паверхні.

Нібы аплявуха, пляма ўлепліваецца ў аблічча прадметаў, даводзячы ім, што яны не такія ўжо і нявінныя, і, нібы лямант, апелюе да тых, хто чуе, што на самой справе звыклая ўсім рэчаіснасць не лемантар, дзе ўсё вядома і проста, а праблема, якая вымагае вырашэння.

КУПІНА

Купіна выпукваецца з балота, нібы купал патанулай бажніцы.

Сярод аднастайнай застойнай і тупіковай масы, у якой купаецца купіна, яна акупунктурная кропка якасці, і калі на яе наступаюць, калі на яе націскаюць, гэта адчувае і на гэта адгукаецца ўвесь асяродак.

Купіна скупая: яна не дазваляе, каб тая унікальнасць, якую яна назапашвала і на-коплівала, размывалася і танула ў ніякай стыхіі.

Купіну акупоўваюць пукі сітніку, пукі асакі. Купіне адрасуюцца шматлікія кепікі і кпіны, але тым не менш усё, што мае сабе цану, пнецца на адзінае месца, дзе спаўна акупаецца іхняе колішняе паніжэнне,— на купіну.

ЖОЛУД

Жолуд валодае надзвычайнай дужасцю, якая, як з шолудзяў, дазваляе яму вылузвацца з дужак усемагчымых абмежаванняў і нават з самога сябе.

З галіны векавечнага дуба — з галіны самой векавечнасці — жолуд падае ў дол, каб потым, адольваючы прыцягненне долу, цягнуцца да жаданага — да «жалуданага» — узроўню.

Жолуд луджаны: нібы палудай, ён атулены жоўта-рудой абалонкай; яна сцеражэ яго ад жуды сустрэчы з заўчаснаю рэчаіснасцю, і ў ёй доўжыцца яго засяроджанае вандраванне ў часе.

Жолуд — адменная ежа: і калі голад, і калі лад.

Пра таго, хто не ўмее паводзіцца ў жыцці, кажуць, што ён няўдалы, што ён недалужны; што да жолуда, дык ён заўжды ўдалы, заўжды «далужны».

ВЕЦЕР

Беларускі в е ц е р сланяецца па свеце, пераціраючы пацяруху і цярэбячы вецце дрэў.

Рускі в е т е р нясе ўсім привет.

Польскі w i a t r ветэран; яго аповеды вартыя веры.

Палабскі v o t r мае непаўторны водар, але гэты водар закаркаваны ў стагоддзях.

Ніжнялужыцкі wjetš знявечаны: нікога не чапаючы, ён чакае, калі ўсталюецца вечар, які схавае яго ад старонніх вачэй і старонніх спачуванняў.

Славенскі v e t e r надзімае ветразі ў Ядранскім (Адрыятычным) моры.

Славацкі v i e t o r трымаецца аднаго вектару, на ўсе астатнія накладаючы вета.

Чэшскі v i t r з аднолькавай цікавасцю зазірае ў вітрыны і ў вітражы.

Македонскі в е т а р інтравертны: ён вандруе ўнутры адной прасторы, адной тэрыторыі.

Стараславянскі вѣтр, як бог, мае тры твары: адзін — для хмараў-аблокаў, другі — для зямной паверхні і трэці — для мора.

Нямецкі W i n d працуе: ён круціць крылы ў вентылятараў і ў ветракоў.

Латышскі v ē j š увішны: калі непагадзь — свіш-ча, калі пагода — сушыць развешаную бялізну.

ЧОВЕН

Дзе рэчка, дзе возера, там і човен — спрадвечны «чаловень» возера альбо рэчкі.

Човен выцесліўся, вычасаўся, «вычавіўся» на сушы і лічыцца сваяком карытам і ночвам, але калі ў карытаў і ночваў «авечыя» звычкі, то ў чоўна — «воўчыя», калі карыты і ночвы прысвечаны сушы і толькі час-почас асвечваюцца вадою, то човен начуе і днюе ў вадзе, калі карыты і ночвы сухія знадворку, то човен наадварот.

Калі ж човен знячэўку ці паступова напаўняец-ца вадою, тады ён нявечыцца і прычальвае не да берага, а да дна.

Човен навучаны асцярожнасці, ён чуйны да току вады і вагання хваляў, і вочы яго рассяроджаны па ўсёй плошчы ягонага цела.

У звычайнае надвор'е човен заслоньвае-зачыняе свае магчымасці, але ў адчайны час ён заахвочваецца на немагчымае і ўзлятае туды, дзе надоечы лёталі чайкі.

ШАЛІ

Шалі шануюць раўнавагу, і калі нехта яе парушае, яны хвалююцца, непакояцца, пакуль нарэшце не расшалопаюць, колькі — кіло альбо лот — важыць гэтае парушэнне, а да таго ж яшчэ колькі яно каштуе — дукат альбо шэлег.

Шалі пільна сочаць адна за адной, не дазваляючы адна адной шальмаваць, і калі адна з іх хоча прыўлашчыць сабе нейкі лішак, другая тут жа шалохаецца ад абурэння ўгору.

Шалі не маюць шляху, а маюць шкалу, якая, як школа, утрымлівае іх ад шалаў, ад шалапуцтва і навучае шляхетнасці.