Выбрать главу

Шалі вітаюцца, б'ючы адна адной чалом:

«— Шалом, шаля! — Шалом!..»

ЛЕБЯДА

Сярод «лабудзівага» зелля лебяда вымалёўваец-ца, як лебедзь сярод гусей: яна белага стану, белага паходжання, белай «косткі».

Лебяда не дбае аб прывілеях і расце, дзе давядзецца: на лядах, пад плотам альбо, калі гаспадыня згаджаецца, дык і на градах.

Але дзе б яна ні расла, яна пільнуе людскую долю, і калі парушаецца жыццёвы лад, калі над краем пануе няўрод, а людзі бадзяюцца, быццам здані, шукаючы, дзе б што здабыць на абед ці вячэру, лебяда нагадвае аб сабе: яна, хоць бедная, але яда, а ў часіну нішчымніцы, бадай, тое самае што і бульба, бадай, тое самае што і хлеб.

Лебяда туліцца да людзей, а людзі любяць яе больш за любое іншае зелле, ведаючы: дзе лебяда, там смутак не смутак, голад не голад, бяда не бяда.

АКНО

Вока хаты, акно спакон веку ўзіраецца ў свет, і свет спакон веку ўзіраецца ў акно. I таму яно заўсёды старое, як сама хата, і новае, як сам свет.

Акно выводзіць хату ў кантэкст наваколля, пераконваючы яе, што тое «кіно», якое яно ёй паказвае, мае да яе нейкае — і мо не малое — дачыненне.

Акно акантавана каробкаю, перахрышчана рамаю, аздоблена ліштвою, абгрунтавана падаконнікам і ўзаконена аканіцай.

За акном, па двары, ходзіць конь.

На акне стаіць вазон з кветкамі.

Над акном, у куце-покуці, узвышаецца ікона.

МУХА

Літоўскае m u s é куслівая, як аса, але ёй мусіць усё даравацца, бо яна musų (наша).

Сербская м у в а да ўсіх праяўляе ўвагу, з усімі імкнецца знайсці супольную мову, а сустракае змову.

Беларуская муха прымхлівая: яна пільнуецца сваіх Сёмухаў і сваіх Дзесятухаў, дзе можа ўволю павесяліцца,— пабыць «пад мухай».

Украінская м у х а кумекае, як бы ёй дзе змахляваць, але, махлюючы, апрача гешэфту, атрымлівае аплявуху.

Руская м у х а «зуха»: яна мае «ухараўскія» ўхваткі, нібыта яна сама вынайшла прымаўку: «Адным махам сем мух забіяхам» і сама ж намерваецца яе спраўдзіць.

Чэшская m o u c h a гаспадыня ўхаце: яе хапае, каб пасмакаваць і малако, і мёд, і муку.

Латышская m u š a — мошка, але ў гэтай мошкі душа музы.

ЖОРНЫ

Парожнія, жорны стаяць, але калі ў іхняе жарало ўсыпаецца хоць бы жменя зерня, яны ажываюць, яны разварушваюцца, яны «жораюць» пачастунак, варожачы, што ўрэшце з яго атрымаецца, ці корж, ці аладак, ці піражок.

Тое, што распачынаў жняяр-серп і прадоўжваў цэп-малацьбіт, жорны даводзяць да ўзорнага завяршэння.

Жорны жорсткія: яны мажджэраць, перашароў-ваюць, ператрушчваюць жарству жыта, ячменю, пшаніцы.

І гэтаксама, як жорны, кружацца між сабою зямля і неба, не выпускаючы са свайго кругазвароту ні пружанца, ні ружанца, ні жупранца, пакуль кожны з іх не перамучыць сваіх шурпатасцяў, не зжыве заганаў, пакуль кожны з іх не зробіцца «зорны», пакуль кожны з іх не зведае канчатковага паражэння, а разам з тым — перамогі.

ПОПЕЛ

Попел абагульняе і ўраўноўвае ў правах усё, што вылучала і чаму спявала свой хваласпеў полымя і што пялегаваў дым — ці гэта дбайна пілаванае паленне, ці леташняе ламачча, ці камлюкаваты корч, і хто цяпер вылучыць і адрозніць у пя-лёнцы посцілцы чыстага попелу, дзе тут бярэзіна, дзе тут ліпа, а дзе таполя.

Попел — вопыт, які застаецца пасля таго, як усё скончылася, адпалала, адсвяткавала і адбалела: у ім супадае агонь і дрэва, але калі нядаўна ён быў найбольш родны стыхіі агню, то цяпер найболей ёй процілеглы, калі нядаўна ён быў найбольш блізкі іматэрыі дрэву, то цяпер ёй — таксама — найболей далёкі.

Попел не белы, не чорны і не пялясы, а спелы, і, як насенне спелага плёну, ён спакон веку мае попыт у поля Опаля, у поля Антопаля, у поля Заполля.

ЛІХТАР

Калі на дварэ запаноўвае цемра, у якой, як літары ў чарніле, раствараюцца рэаліі наваколля, а на небе не відаць ні зорак, ні месяца, тады аб'яўляе свой твар ліхтар — месяц, які запальваецца чалавекам і з чалавекам вандруе.

Ліхтар нанава распазнае рэчаіснасць; ён сцярожка, па-вартаўнічы, пасоўваецца наперад і, апрадмечваючы і арэчаўляючы наваколле, бесперастанку дапытваецца-высвятляе, што ёсць што, хто ёсць хто.

У пагодлівую пару ліхтар заносіцца ў хату, вешаецца ў камору і там, пагаслы, нічога не памятае з таго, што калісьці было, але ў ліхачассе, калі нешта ломіцца ў прыродзе і ў быце, калі хмарыцца воблік свету, да ліхтара звяртаюцца, як да лекара альбо ліхвяра — каб спрыяў, каб ратаваў, каб ліхое ператлумачваў на добрае.