Выбрать главу

Сярод астатніх прадметаў і рэчаў ліхтар элітарны; нібы відушчая ліра, ён натхняецца чалавекам і сам натхняе чалавека ў яго вечным пошуку самога сябе.

МАЛАКО

Беларускае м а л а к о смачнейшае за мак і маліну: малым яно дае моц і розум, а старых малодзіць.

Стараславянскае м л ѣ к о як Мекка: усе да яго імкнуцца, усім яно лекі.

Рускае м о л о к о падмацунак касцу і ма-лацьбіту і лакомство катку.

Балгарскае м л я к о мляўкае, як летні сон: яно лашчыць язык і паднябенне.

Праславянскае m e l k o змялелае, як Няміга.

Лужыцкае m l o k o закрашвае локшыну.

Шведскае m j o l k пахне мёдам і зёлкамі.

Нямецкае M і l c h мілае, нібы малітва маці за сваё немаўля.

ЗВОН

Звон адзываецца на ўсе святы, на ўсе вялікія падзеі і, супадаючы са сваім зрокавым вобразам, зноўку і зноў апынаецца звонку яго.

Звон азануе прастору, і той абсяг, які займаюць яго зовы, яго перазовы-звёны, становіцца своеасаблівай зялёнай зонай.

I нават калі б звон званіў безупынна, разумнаму слыху ён усё роўна не назаляе.

ТОРБА

Торба — рот, які глытае ўсё, што яму даецца, што ў яго кладзецца,— ці гэта хлеб, ці сала, ці кавалак сыру, ці тузін печаных бульбін, аднак, праглынутыя, яны атабарваюцца ў торбе, як у сябе дома.

Торба — «творба»: яна творыць чалавека, фармуе яго постаць, удакладняе яго паводзіны, афарбоўвае яго думкі, і людзі, ведаючы, што з торбай лепш, чым без торбы, баяцца, аднак, рабіць яе сваім правадыром, шлюбавацца альбо братацца з ёю, каб самім не зрабіцца яе атрыбутамі — жабракамі.

Парожняя — торба, нібы хвароба, цягне свайго носьбіта долу, поўная — нібы «горба», узносіць угору.

ЛАПЦІ

Лапці — палапленцы: пасчапляныя з асобных лапікаў, яны лёгка ўпускаюць і выпускаюць вільгаць, і на балацінах Пцічы, Піны ці Прыпяці яны найлацвейшы абутак.

Лапці плятуцца самі, іх не трэба купляць, за іх не трэба плаціць; плоць ад плоці тутэйшай прыроды і тутэйшага побыту, яны «прыліпаюць» да сваіх носьбітаў і, робячыся іхняй прыкмеці-най, уплываюць на іхнюю постаць.

Цельпукаватыя, нібы мядзведжыя лапы, лапці дацялёпваюцца і да пляца, і да палаца.

Лапці сціплыя, але нагам і душы з імі цёпла.

НЕРАТ

Нерат нырае ў нетры ракі і, прапускаючы раку праз сябе, затрымлівае яе жыхароў — рыбін,

Нерат нікому не дароўвае неабачлівасці, і хто ў яго раптам трапляе, таму няма ходу ні ўзад, ні ўперад.

Але нерат не рады сваёй удачы, бо калі ён парожні — ён адчувае сябе ракою, для якой няма перашкоды, а калі з рыбай — дык рыбай, якая шукае і не знаходзіць ратунку.

АСКЕПАК

Калі здараецца кепскае — б'ецца люстэрка ці гляк, тады ўзнікаюць аскепкі — аспекты пытання, якія забылі само пытанне, складнікі спектру, якія згубілі сам спектр.

І як бы пасля іх ні склейвалі і ні склепвалі, яны ўжо не змогуць вярнуцца ў колішнюю самаадсутнасць, яны ўжо не змогуць прыняцца ў ранейшую цэласнасць.

На аскепак, нібы на блазна-кепа, валяцца кіпы кепікаў, яго папікаюць, яго папіхаюць, пакуль наогул не выпхнуць на сметнік, і калі шкліну ці гляк шкадуюць, то нікому ніколі не прыйдзе на думку пашкадаваць аскепак, сказаць, што ён кемлівы, што ён пекны.

Аскепак — скептык: ён ведае, што ў аснове ўсіх непарушных саюзаў, усіх маналітных сплаваў прысутнічае непрыкметнае, але шматстайнае «аз», і гэтае «аз» аднойчы захоча акрэсліцца, захоча стаць к і м с ь ц і.

ВЕРАЦЯНО

Нібы яго точыць верад, верацяно шчыруе ад цямна да цямна, а калі запальваецца лучына, то і ў часы вялікіх і мігатлівых ценяў, і такім чынам расце: набывае ўсё большую вагу, таўшчыню і вартасць.

Скіроўваючыся сваім верхам і нізам у два процілеглыя канцы, сумяшчаючы і ўраўна-важваючы ў сабе два процілеглыя вектары, верацяно не западае ў невараць, а ўцягвае навакольную прастору ў віртуальную сферу свайго ўплыву.

Быццам віруе вір, верацяно верціцца адно толькі наўкола самога сябе і, «перацягваючы» разбэрсанае ў спарадкаванае, няпэўнае ў пэўнае, верыць, што яно цэнтр рэчаіснасці.

I ці возьмецца хто пярэчыць, што яно не мае рацыі?!.