Выбрать главу

...Пазней Дана неаднойчы была ў Баранавічах i неяк не выпадала трапіць у Вілейку. Так і засталася Вілейка горадам, у якім ёсць утульная гасцінная хата. Дзе святкуюць Каляды. Дзе цудоўнае паветра. Дзе бываюць розныя прыемныя выпадкі. А Баранавічы ляглі на памяць як горад перасадак, пераездаў, непрыемнасцяў... Для некага таксама, мабыць, засталіся горадам дзіцячай мары...

Але тое ўсё было пралогам, інтэрлюдыяй. Галоўнае — было ў ix горадзе. Дзе было незалежнае жыццё душы. Замак. Касцёл. Ваколіцы. Сябры. Настаўнікі. Суседзі. Людзі яе жыцця.

Непахіснасць рэальнасці

Напачатку, калі весці гаворку пра суседзяў, — Луіза Генрыхаўна.

Луіза Генрыхаўна была акуратая, абруселая, абеларушаная, украінізіраваная немка. Вырасла яна на Украіне, потым жыла ў Расіі, замуж пайшла за беларуса. Дзеля зручнасці яе ўсе, акрамя маці Даны, называлі Лізаветай Андрэеўнай, i яна не крыўдавала. Луіза Генрыхаўна была ўдава i чакала са службы сына. Рабіла ў краме. У аддзеле галантарэі i парфумы. Усё жыццё, прыйшоўшы купіць духоў ці мыла, Дана згадвала Луізу Генрыхаўну.

Луіза Генрыхаўна не стаяла, скасавурыўшыся, за прылаўкам, нібыта яе сюды накіравалі за нейкі грэх ці правіну. I не глядзела на пакупнікоў як уладарыня на сваіх васалаў, што прыцёгліся немаведама чаго на яе светлыя вочы. Не мелася трымаць усіх з таго боку прылаўка за злодзеяў. Луіза Генрыхаўна — у чорным бліскучым халаце з бездакорна белым карункавым каўнерам — увасабляла сабою ветлівасць, прыязнасць, добразычлівасць. Спакой. Яна была напагатове. Не: „Чего изволите?” Але — „чаго зажадаеце?” Па тым часе ў яе заўсёды былі духі „Магнолія” i „Камелія” — ix любіла маці Даны. Заўсёды была i „Чырвоная Масква” — Луіза Генрыхаўна сведчыла, што жонкі вайскоўцаў аддаюць перавагу толькі гэтай парфуме. Акрамя Кацярыны Пятроўны. Тая любіць „Белы бэз”. Кацярына Пятроўна была знакамітасцю лакалёвай. Жонка кампалка, яна сама рулявала адзінай у ix горадзе „Пабедай”, пад час вайны была на фронце. Яе звалі Капітаншай, хаця, здаецца, у мужа быў вышэйшы чын. Можа, сама мела капітанскія пагоны? Ну, a ў ix горадзе чыста жаночы чын у яе быў не меншы за генеральскі. Кожным выпадкам, жонкі мужчын вайсковых i цывільных гатовыя былі зашчаміць зрок сваім шаноўным палавінам, калi Кацярына пераможна бліскала нязбытным блакітам вачэй перад кінасеансам у РДК, дзе збіраўся „ўвесь горад”. I ці не менш мясцовыя жонкі, шчаслівыя „ўладарніцы” мужоў на той небагаты на маладых мужчын пасляваенны час, баяліся новай следчай — Норы. Высокай, як выструненай, з такой жа пераможна залацістай хваляй валасоў, як у Кацярыны Пятроўны, заўсёды — у скураным паліто i ў кіцелі. Кацярына ззяла не стомленымі аніякімі заняткамі вачамі i свежым тварам (яна нідзе не рабіла), шыкоўнымі трафейнымі футрамі, сукенкамі а lа Марыка Рок i была падобная на „дзяўчыну мары”.

Кацярына Пятроўна больш падабалася Луізе Генрыхаўне — можа, таму, што Нора не купляла ў яе духоў? Можа, таму, што ваенны статус капітаншы быў у мінулым, а суровая Нора ўвасабляла сабой сённяшняе рэальнае становішча. Луіза Генрыхаўна неяк прамовіла — каб выбіраць, то яна не вельмі б ірвалася мець суседкай каго з двухпавярховага пракурорскага будынка. А найлепшай рэкамендацыяй у вуснах Луізы Генрыхаўны былі словы: „Гэта ж мой сталы кліент”. I Луіза Генрыхаўна здабывала, прасіла па базе ружовую пудру, пудру „рашэль”, модныя рыдыкюлі, нейкія карункі, сутажы, гузікі, духмянае мыла — каб збыцца прэйскурантнай нэндзы пасляваенных гадоў. Шаснаццатая крама, дзе рабіла Луіза Генрыхаўна, месцілася ў былых гандлёвых радах з традыцыйнай каланадай. Адразу як увойдзеш — аддзел Луізы Генрыхаўны. Нібыта даніна традыцыі i добраму густу.

У выхадны свой дзень Луіза Генрыхаўна смажыла вялізныя смакотныя катлеты, варыла кісель i ўвечары ішла ў кіно. На „Вялікі вальс”, „Серэнаду Сонечнай Даліны”, „Петэра”. Яна любіла трафейныя фільмы: там былі прыгожыя жанчыны i шчаслівы канец. Ніхто, між іншым, не зважаў, здаецца, на тое, што гэтая кабета належала да пераможанай нацыі: дзіва, калі згадаць лёс яе супляменнікаў у Саюзе.

Прыйшоўшы з кіно, Луіза Генрыхаўна ўсплёсківала рукамі: „Ах, Франчэска Галь!”, „Ах, Дзіна Дурбін!”, „Ах, Марыка Рок!” I рашуча падводзіла рысу: „Ажно да Веры Халоднай ім далёка!” „О-о-о!” Луізы Генрыхаўны была шматзначным i важкім. Запярэчыць ніхто не мог. Веру Халоднуто ніхто не бачыў.

Тымчасам Дана ўжо ведала таямніцу — хаця гэта былі тыя веды, што нічога, акрамя расчаравання, не даюць. Гадоў да васьмі Дана лічыла, што для кіно нехта ходзіць, глядзіць i здымае, занатоўвае на стужку. І было крыху ніякавата — а раптам i яе нехта здымае? Потым яна даведалася, што ёсць акцёры, рэжысёры, аператары, процьма розных дюзей, якія здымаюць фільмы, што ёсць спецыяльныя кінастудыі, — i ўздыхнула з палёгкай i расчараваннем.