Андрэй прайшоў у пакой маці, узяў Святую Кнігу ca стала. „Бог не стварыў смерць”, Ён „стварыў чалавека для нятленнасці..., але зайздрасцю д'ябла ўвайшла ў свет смерць”...
„...зайздрасцю д’ябла...”
Маці хварэла i раней. Аднак гіпертанію выявілі позна ці больш дакладна, маці выявіла яе сама. Калі здараўся крыз, ціск падаў i дактары высоўвалі розныя гіпотэзы, пасылалі яе да кансультантаў, тыя зноў нешта высноўвалі... Урэшце яна з выпадку набыла ў некага старэнькі танометр (як i многае іншае, яго нельга было набыць у цывілізаванай ix краіне ў другой палове XX стагоддзя), i неўзабаве высветліла, што ў яе гіперганія, i зусім не ў пачатковай стадыі. Мякка кажучы.
Свой спосаб жыцця маці не мяняла: навуковыя штудыі, бібліятэкі, экспедыцыі, хатні клопат... Дапамога ўсім, хто звяртаўся да яе: студэнтам, аспірантам, калегам.
Бацька ўшчуваў ёй, яна слухала, згаджалася, а потым усё пачыналася наноў... Для Андрэя ўсё, што рабіла маці, было неаспрэчным, адзіна патрэбным, прысутнасць яе ў жыцці была нібыта i не вельмі заўважнай — i адначасова неабходнай. Як паветра. Ён ніколі не задумваўся над тым, што маці разумная, тактоўная, мудрая. Ён проста адчуваў — як гэта выдатна, што ў пару яго дзяцінства маці ніколі не войкала каля вады, як іншыя: „Ой, не плывi! Ой, вярніся!” Мужчына павінны ўмець добра плаваць. Да пэўнай пары i маці ўдзельнічала ў „сямейных заплывах”... У горы маці ніколі не хадзіла, аднак калі Андрэй адчуў уладу гор, як да таго ўладу мора, яна зразумела гэта. Мабыць, адчувала — колькі прычын для здзіўлення i роздуму на тых маршрутах! Разам з мужчынамі яна сачыла за хакеістамі i чакала моманту, калі Озераў гукне сваё класічнае: „Го-о-о-л !” I ўсёй сям’ёй хварэлі за рызыканта-прыгажуна Алена Кальма i не паважалі халодны разлік Данцэра...
Маці карэктна „забывалася” на альбомы, кнігі па мастацтву, пакідаючы ix на якім прыкметным месцы ў хаце — ведала, сын абавязкова зірне. Упершыню ён адчуў удзячнасць за гэтыя матчыны хітрыкі ў Эрмітажы. Хадзілі цэлы тыдзень у знакамітую скарбніцу. Пакрысе аглядаючы тое, што ён бачыў у альбомах. Ён з добрым спачуваннем глядзеў на неафітаў у поўным сэнсе слова. Ім прапаноўвалі музэйны марафон - нават не галопам па Еўропах, а бегма па цывілізацыях: Бабілон, Егіпет, Элада, Рым... 20 стагоддзяў ад Нараджэння Хрыста — праз усе Протарэнесансы, Рэнесансы, маньерызмы — да імпрэсіянізма, кубізма, сюррэалізма... “Даёшь культуру массам!” Агаломшаныя экскурсанты вынырвалі з віхурнай плыні мастацтва дзе-небудзь у залі галандцаў з утульнымі чырвонымі тапчанчыкамі: рассаджваліся з палёгкай — неўзабаве фініш. I памяталі потым хіба Калыванскую вазу ды бясконцыя анфілады Зімовага палаца...
Андрэй ведаў: маці спадзявалася, што ў ім прарасце гуманітарны пачатак у нешта прафесійнае... Аднак не пярэчыла, не лемантавала, калі сын выбраў занятак, у якім яму найперш падабалася канкрэтная карысць i відавочны вынік: хата ёсць хата, завод ёсць завод, будыніна — гэта будыніна. Кожны бачыць. Затое глядач, слухач, чытач ён быў удзячны. I першыя ўражанні былі звязаныя з маці, хаця ў тэатры яны да пэўнай пары хадзілі ўтраіх.
Асалода, радасць свята сустрэчы... Маці ў нечым прыгожым, заўсёды аднакалёрным, пастэлёвых тонаў. Водар тонкіх духоў — пачалі з’яўляцца французскія духi i маці ўжывала „Пары суар” i „Кліма”.
Настройванне інструментаў аркестра, асобныя, ясна-нясмелыя гукі. Прыглушана вішнёвы аксаміт крэслаў, сцішаныя галасы гледачоў — слухачоў, што пачынаюць рассаджвацца ў залі... Чаканне, перажыванні — мабыць, больш эстэтычнага, як эмацыянальнага кшталту. Першыя гукі ўверцюры...Чамусьці з дзяцінства найбольш помніліся i падабаліся балеты. Можа, прывабнасцю бязважка-лёгкіх дзяўчын на пуантах?
... Маці была стрыжнем сям’і, яе апірышчам. Пра гэта ён падумаў упершыню — цяпер... Маці была заўсёды. Здавалася, будзе заўсёды. У кожным выпадку — доўга-доўга...
„Званіце раніцай...”
І што пачуеце? Няўжо з жыццёвага цыклу раптам знікне такое неабходнае, важнае? Ва ўсім, што датычыла маці, Андрэй адчуваў асобы сэнс. Нават у яе працы для Андрэя было нешта прынаднае. Напрыклад, маці выпраўлялася не проста ў камандыроўку, a ў — экспедыцыю. I вярталася не з якімі зануднымі паперкамі, a прывозіла для Інстытута абразы, рушнікі, посцілкі, самаробныя карціны, лялек... I фотаплёнкі якія праяўляліся i друкаваліся, каб ператварыцца ў здымкі збудаванняў даўніны, руін, што засталіся ад такіх забудоў, у здымкі вуліц, куткоў i куточкаў гарадоў i мястэчкаў, старадаўніх паркаў...
Маці любіла сваю працу, любіла экспедыцыі — хаця яе ўвесь час папракалі: яна мастацтвазнаўца, a занадта захапляецца этнаграфіяй...
Доктарская матчына мела адпаведны ўхіл — пра ўплыў дойлідства i выяўленчага мастацтва на свядомасць i мастацкую свядомасць. Спачатку маці тузалі — адны папракалі: занадта шмат тэорыі, эстэтыкі, другія: перагружана канкрэтыкай. Потым супакоіліся — выступленні на навуковых канферэныях мелі поспех i розгалас. Абарона здавалася чыстай фармальнасцю.