Выбрать главу

Можа, не трэба было яму сунуцца ў тыя Карпаты? Але што гэта змяніла б? A ўвогуле — што адбылося?

„Што?” — спытаў ён бацьку.

Бацька гаварыў спакойна, сцішана. Як бы тлумачачы нешта i самому сабе.

Усё праходзіла спакойна i гладка. Раптам вытаркнулася адна цётухна. Сама яна ледзь выціснула з сябе кандыдацкую перад пенсіяй: недарэка — ні слова мовіць, ні прыстойны артыкул напісаць — дык вось яна пафасна абвясціла: „Товарищи, да вы посмотрите, там же одни церквухи!” Яе нечакана падтрымала калега — паводле ўсіх параметраў калега. „Павінна пацвердзіць, нават у хаце Валянтовіч абразы i крыж! Не кажучы пра Біблію! I як член партыі хачу падкрэсліць: Валянтовіч не ў шэрагах перадавога атрада нашага грамадства!” Магчыма, у гэты момант i скранулася — ці застыла? — нешта ў міякардзе матчынага сэрца! У сваю пару маці згадзілася быць апанентам на абароне гэтай цётачкі, што вельмі ж хацела хлябтаць поліўку пры навуцы. Дысертацыя ў яе была — што збор металалому. Факты існавалі, матэрыялы былі сяк-так сабраныя, але што з імі рабіць, шукальніца навуковай ступені не мела ўяўлення, ані-ні. Прыходзіла да Валянтовічаў — няўклюдная, цяжкая, з накінутай на плечы цяжкой самаробнай хусткай, енчыла — грошай няма, муж хворы, дзеці хварэюць, кватэры няма. I маці пашкадавала яе. Нешта там станоўчае спрабавала вышукаць. Гарбатай паіла цётку, паказвала свае кнігі...

Кажуць, у аўдыторыі стаяла цішыня, што ў склепе. Усе ведалі гісторыю абароны той кандыдацкай... Аднак нейкі свяціла мастацтвазнаўства i эстэтыкі спакойна адпрэчыў: „Ну, прежде всего, диссертантка защищается не по научному атеизму. А историю и теорию культуры и искусства невозможно себе представить вне христианских ценностей и античной мифологии.” I далей бліскуча выснаваў некалькі асноўных думак i пацвердзіў ix матэрыяламі матчынай працы. Яго падтрымаў дырэктар інстытута — не так, можа, з-за любві да маці, як з піэтэту перад маскоўскім госцем. Потым пачалі гаварыць маладыя. У падтрымку маці. I абарона адбылася. Быў i банкет. Маці яшчэ частавала, слухала, жартавала...

A ўначы — адна хуткая за другой. Паводле тамтэйшых градацый. Спачатку так званая „лінейная”. Фельчар. Потым — „кардыялагічная”. Урач i медсястра. I ўрэшце — „ТЭБ — тромбазмбаліцыйная „брыгада. Урач, фельчар, санітар. Урач свяшчэннадзейнічаў, што той пасланец з нябёсаў. Даў тэлефон — каб калі што наступным разам, тэлефанаваць адразу ім. Назаўтра бацька так i зрабіў. Не было віны лекара...

Тымчасам Андрэй думаў пра тое, што матчына неўтаймоўная дабрата абярнулася яе няшчасцем. Ці гэта горшае - паблажлівасць? Яе i калег. Вылезла цётухна. Бач ты! „Усе мы ірландцы i ўсе нашчадкі каралёў...” Спакуса роўнасці... Спакуса адукацыі. Прыцягальная рэнта. Каб потым збіраць рэшты на полі самасеву. У гэтай катэгорыі двухногіх няма ў душы месца ні для вялікага, ні для простата. У ix, мабыць, i дзень пачынаецца не з цуда ўзыходу сонца, a з цвяроза нудотнага званка будзільніка... „Aditum nocendi perfimo praestat fides.” - Давер, што аказваюць вераломнаму, дае яму магчымасць шкодзіць.

Маці ведала ісціны, што існуюць тысячагоддзі... I была наіўнай i добрай... Спагадлівай... Даверлівай...

... Бацька выйшаў з матчынага пакоя, Андрэй застаўся адзін. Глядзеў на паліцы з кнігамі, пісьмовы стол, на кветкі ад таго дня, ад абароны... Што там цяпер? У Другім гарадскім шпіталі? Дзіўна — але найлепшы варыянт для маці ў гэтую ноч: грубая праўда пакут. Яшчэ зямное жыццё...

Калі ўжо тая раніца? Як хутка прабягае ноч звычайна. Не паспеў заснуць — трэба ўставаць... А тут — час расцёкся — нават не як той гадзіннік у знакамітага сюррэаліста, a ў нейкую бясконцую цёмную стынь... Андрэй сеў у крэсла i заплюшчыў вочы. Адкрыў... Шэрань, шэрань, шэрань...

...Урэшце — рассек неба „палымяны меч сонца”. Раніца... Ярка, але холадна. Паўночны вецер. У гішпанцаў i сённяшніх насельнікаў Апеннінаў — ён таксама, як i ў рымлян, мае прыгожую назву: трамантана. Здаецца, такі сівер працінаў Фігерас, калі там з’явіўся на свет адзін з тых, чые творчасць i асоба вызначылі XX стагоддзе.

Аквілон... Трамантана... Андрэй насцярожана ставіўся да нордаў i норд-остаў, ён любіў вясновыя зюйд-весты, прапахлыя водарам прыгод, весты i норд-весты, у якіх адчувалася рамантыка Атлантыкі i злагадна-магутны подых той плыні, што адчуваецца ў наветраных масах, якія прасякаюць акіян — ад Мексіканскага заліва, ільдзістага перасячэння Лабрадора i Ньюфаўндленда, да Еўропы i ўсіх прылеглых марскіх прастораў i выспаў. I нават дасягнуўшы цэнтру мацерыка весты ўсёроўна нясуць у сабе свежы подых акеанічнай масы, мораў дажджоў i туманаў, хаця i падсушаных, правеяных атмасферай звышцывілізаванай часткі кантыненту.