Сёння дзьмуў сівер — жорсткі, калючы. Норд гнаў з ільдоў Ледавітага напамін пра моц Натуры i хісткасць усіх звышінтэлектуальных намаганняў чалавека.
Ночы яшчэ кароткія. Зусім светла, а да той раніцы, калі ўжо можна будзе званіць — далека. Хаця... У рэанімацыю можна тэлефанаваць i ўначы. I тут Андрэй Валянтовіч злавіў сябе на тым, што ён баіцца званіць. Пакуль, да званка, у яго ёсць надзея...
Андрэй узяў са стала маці Біблію. Ён „стварыў чалавека для нятленнасці...”
Папрокі на абароне мелі над сабою грунт. Мабыць, маці не прынізілася б да апраўданняў. Яна не проста верыла. Захоўвала i ахоўвала Веру. Біблію не дазвалялі нават цытаваць — маці чытала яе, як чыталі пакаленні да яе — амаль кожнага дня, вяртаючыся, запамінаючы, асэнсоўваючы... Уся Біблія была ў закладках... На дзень нараджэння Андрэя ў яго 10 год яна прэзэнтавала яму асобнік Бібліі — ягоны экземпляр. Ён доўга не адчыняў Кнігу, а потым, адноечы, адкрыў — i здзівіўся: нібыта Нехта даў яму адказ на пытанні, што даўно не давалі спакою. Ён пачаў часам гартаць старонкі Кнігі...
Гартаў i цяпер... „... надзея ix поўная бессмяротнасці...” Надзея... „... Я выратую цябе; у трэці дзень пойдзем у Дом Панскі: i дадам да дзён тваіх пятнаццаць год.
Пятнаццаць год... Не так многа... Але i не так мала. Пятнаццаць год золакаў, адліг, снегу, дажджоў, пятнаццаць маёвых квеценяў, пятнаццаць яблычна-жнівеньскіх радасцяў, пятнаццаць іскрыста-белых снежняў, пятнаццаць яркіх восеньскіх ліставеяў... „... яны упакояцца ад працы сваёй...” Не! Маці яшчэ не супакоілася ад працы сваёй...
Сапраўдная надзея... Ілжывая надзея... Новая надзея... Спраўджванне надзеі...
Ён рашуча ўзяў трубку тэлефона. — Валянтовіч? Стан сярэдняй цяжкасці, — адказаў жаночы голас. I дадаў: — блізкі да цяжкага...
Надзея! Стан сярэдняй цяжкасці. Нават — цяжкі. Гэта — стан. Гэта — жыццё. Святы дар! Неацэнны... „I благаславіў ix Бог...” I благаславіў ix Бог... „I быў вечар, i была раніца...”
I была раніца!
У шпіталі яны яшчэ заспелі лекара, які вярнуў маці на гэты бок дабра i зла. Доктар быў вельмі сімпатычны i меў ласкавае i крыху дзіўнае для мужчыны прозвішча: Ластаўка.
Калі ён выйшаў на чарговае дзяжурства, Андрэй прыляцеў да яго з бутэлькай „Напалеона” i наборам залатых лыжачак. Ластаўка засмяяўся: „Толькі барзымі шчанюкамі!” А потым, гледзячы на разгубленага Андрэя, дадаў: “Калі вам так ужо карціць адцзячыць, можа, надарыцца набыць томік Барыса Пастарнака... Любы... Гэта, дарэчы, не лягчэй, як вярнуць ca стану клінічнай смерці... У яго ёсць геніяльныя радкі: „И вот, бессмертные на время...” I не толькі гэтыя...”
Просьба лекара была не з простых. Анафемы паэту адыходзілі ў мінулае, але выдавалі яго мала. I быў кніжны бум i кніжны голад — на сапраўдную літаратуру i на чытво. Дапамог „імператар” — Андрэй ухапіў адпрэчаную лекарам бутэльку каньяку, дадаў ружу, набытую ў каўказцаў — „натуралістаў”, i рушыў у цэнтральную кнігарню, да знаёмай гандляркі — часам яна пакідала яму „дэфіцыт”. А праз некалькі дзён бег у шпіталь з маленечкім томікам колеру тэрракоты. Лекар не верыў вачам сваім: „Дзякуй. Але больш я не магу ніяк дапамагчы. Ідзіце да галоўурача. З палаты яе перавялі не ў палату, a ў калідор.”
— Не можа быць!
— Ідзіце адразу да галоўнага! — зноў параіў Ластаўка.
Але Андрэй спачатку, каб не парушаць субардынацыю, паляцеў да загадчыка аддзялення.
I адкуль толькі ласкавы Провід даў гэтаму суб'екту такое значна-светлае прозвішча — Валконскі? Загадчык глядзеў на Андрэя алейна-нахабнымі прусачынымі вочкамі i паважна пэўніў:
— Месцаў няма. Што я магу зрабіць?
А праз паўгадзіны па селектары салодка дэкляраваў галоўнаму, да якога ўсё ж трапіў Андрэй:
— Наша дарагая пані Валянтовіч у дзевятай палаце.
A ў дзевятай палаце быў абход. І каля матчынага ложка, збіраючыся адыходзіць, стаяла асоба ў белым халаце — ўрач. Андрэй уважліва глядзеў на яе i яму здавалася, што ён недзе яе сустракаў. Прыгожая... I такі знаёмы твар... Пазней ён зразумеў — яна вельмі падобная да Таццяны Шмыгі. Адзін да аднаго.
Маці пачала выздараўліваць. Тамара Васілеўна — так звалі ўрача — сама рабіла ёй унутрывенныя ўколы: падчас вайны маці была донарам („Донар-патрыёт” — так пісалі пра яе ў газетах) - i дабрацца да вены мала хто з медыкаў умеў.
Андрэй выпрасіў у галоўнага пропуск i мог прыходзіць у шпіталь любым часам. То ён бачыў Тамару, так бы мовіць, у рабочыя моманты. Адразу было відно — яна не адбывала абавязак, не маніпуліравала прафесійным начыннем, не шаманствавала, аднак было ўражанне, што адбывалася ледзь не сакральнае дзейства, у кожным выпадку - дыяканічны акт. Рухі яе былі мягкія, плаўныя, дакладныя. I відавочна — яна лекавала не толькі растворамі, што ўводзіла ў кроў маці, не толькі прапісанымі таблеткамі, яна была нібыта медыўмам сіл куды больш моцных i канкрэтна не бачных. Сама яна наўрад ці пра тое задумвалася, але гэты сапраўдны i рэальны дар адчуваўся ва ўсім: у поглядзе вачэй, у інтанацыях голаса, у ласкавай неаспрэчнасці жэстаў.